Вы тут

Страх не апраўдаць чаканні


Натататки татки

Раніца. На гадзінніку — 4.05. Я сяджу за камп'ютарам і пішу гэты тэкст. У суседнім пакоі салодка спяць жонка і дачка. Так рана я прачнуўся не ад бяссонніцы. Проста даў сабе зарок рабіць усё магчымае, каб не «паліць» на працу час, які магу правесці з малой. Ёй толькі год і чатыры, але я перакананы: кожны дзень яна чакае мяне, і я не хачу руйнаваць яе надзеі.

Увогуле, я адношу сябе да катэгорыі тых людзей, якія намагаюцца працу пакідаць у офісе. Я не прыхільнік «хатніх заданняў». Яшчэ больш гэтая тэорыя ўмацавалася пасля нараджэння Васілісы. Спачатку я проста імкнуўся больш дапамагаць жонцы. Потым стаў адчуваць, што дачка патрабуе ўвагі таты. Штодзень яна звычайна сустракае мяне на парозе кватэры. Не паспяваеш кінуць куды-небудзь рэчы, яна ўжо хапае за руку і цягне гуляць. Найбольш ёй падабаецца чытаць. Падвядзе да паліцы і пальчыкам паказвае, якія кніжкі ёй цікавыя. Выбера дзве-тры і хуценька імчыць на канапу. Там узбіраецца табе на рукі і пачынае «чытанне». Безумоўна, вытрымкі малой яшчэ надоўга не хапае, але хвілін 20-30 яна можа з цікавасцю гартаць старонкі, слухаць казкі, на сваёй мове называць намаляваных персанажаў. Пасля гэтага — пірамідкі, мяч, хованкі, «тата-іго-го» і проста гарэзлівая бегатня па пакоях.

Не так даўно мне давялося ўзяць з сабой дадому працу. Няпланавы занятак аўтаматычна парушыў усю традыцыйную праграму. Я прасядзеў вечар на канапе, але на руках быў ноўтбук, а не малая, замест дзіцячых кніжак — стос розных папер. Дачка па звычцы хапала мяне за руку і паказвала ў бок кніжнай паліцы, масцілася побач, спрабавала «чытаць» мае раздрукоўкі, прыносіла цацкі — рабіла ўсё магчымае, каб прыцягнуць увагу. Але бацька са сваім тэрміновым заданнем быў няўмольны. Расчараваўшыся, Васіліса пайшла бавіць час з мамай і лялькамі.

Напэўна, сітуацыя — стандартная. Бацькам нярэдка даводзіцца абдзяляць увагай дзяцей. Для нас тут усё зразумела: што ж зробіш, калі так склаліся абставіны... Толькі вось у малых зусім іншае светаўспрыманне. Прынамсі мая дачка на наступны дзень сустракала мяне ўжо не так радасна, я быў пазбаўлены прывітальнай буські, ды і на гульні яна адгукалася з меншай ахвотай. Магчыма, проста супадзенне, але мне было ніякавата.

У маёй галаве назаўсёды засеў адзін успамін. Было гэта ў класе 9-м ці 10-м. Я вяртаўся з раённай алімпіяды па гісторыі. Вяртаўся з першым месцам. Радасці дабаўляў той факт, што некалькі дзён таму такі ж вынік прадэманстраваў і па біялогіі. Адчуваў сябе абсалютным пераможцам. На крылах радасці я ляцеў дадому, каб расказаць усім пра сваё шчасце. На аўтобусе даехаў з райцэнтра да суседняй вёскі, адтуль — некалькі кіламетраў пешшу. Першым, каго я сустрэў, быў бацька. Ён калоў дровы. «У мяне зноў першае месца! Уяўляеш?!» — адразу ж выдаў я і змоўк у чаканні яго віншаванняў. «Нарэшце, прыехаў. Вунь колькі дроў яшчэ не пасечаных!» — не адрываючыся ад справы, буркнуў бацька. Я разгубіўся. Чакаў хвалы, а атрымаў дакор. У адно імгненне радасць кудысьці знікла, а дасягненне страціла сваю значнасць. І калі ўжо ў доме маці запыталася, як справы, пра перамогу расказваў стрымана, неахвотна.

Мой бацька — чалавек старой закалкі. Ён скупы на эмоцыі. Безумоўна, па жыцці тата не аднойчы падтрымліваў мяне, даваў слушныя парады, некалькі разоў нават здзіўляў сваёй сентыментальнасцю. Але той выпадак назаўсёды адклаўся ў маёй падсвядомасці. З тых часоў пра свае поспехі я заўсёды расказваю асцярожна і стрымана, каб зноў не натыкнуцца на абыякавасць. Калі ж я сам стаў бацькам да гэтага страху далучыўся яшчэ адзін. Страх не апраўдаць чаканні свайго дзіцяці, боязь павесці сябе так, што малая адчуе абыякавасць з майго боку. Гэта не дае мне спакою. Магчыма, так і лепей. Цяпер я імкнуся быць больш уважлівым і знаходзіць больш вольнага часу для дачкі.

Праз некалькі дзён пасля прыведзенага вышэй выпадку Васіліса змяніла гнеў на літасць. Мяне зноў сустракаюць буськай і адразу цягнуць гуляць. Я ж, у сваю чаргу, больш ніколі не бяру працу на дом, а калі і даводзіцца, то раблю яе, калі Васіліса ўжо спіць. Мы выдатна разам бавім час. Кожны дзень я бачу, як мяняецца малая, як яна сталее і пазнае свет, а гэта куды прыемней, чым любыя дасягненні на працы ці дадатковыя гадзіны сну.

Аляксандр АЛЕСІК

Усе матэрыялы рубрыкі "Нататкі таткі" чытайце тут

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.