Вы тут

Моцная духам


Сям'я Голуб чакала першынца. Дзевятнаццацігадовая Вольга ўся была ў прадчуванні шчасця мацярынства. І вось прыйшоў ён, той дзень, калі дзіця павінна было з'явіцца на свет. Але падчас родаў раптам нешта пайшло не так. Нованароджаны хлопчык атрымаў траўму і цэлы тыдзень знаходзіўся паміж жыццём і смерцю. У Юр'еў дзень ён упершыню дыхнуў самастойна, без апаратаў, таму і далі бацькі сыну імя Юрый. Праўда, тады маладая мама зусім не ўяўляла, якімі могуць быць вынікі асфіксіі, што здарылася пры родах. Але, нават калі б і ўяўляла, як упэўнена Вольга, усё роўна ніколі б не адмовілася ад сына, якой бы цяжкой ні малявалі ёй будучыню.

16-51

Першыя месяцы ў развіцці маленькага Юры маладая мама нічога незвычайнага не заўважала. Ды і ўрачы маўчалі. Першай забіла трывогу бабуля — маці Вольгі. У бальніцы, агледзеўшы хлопчыка, сказалі, што няма ніякіх асаблівых падстаў для хвалявання. Але ішоў час, і праблемы станавіліся ўсё больш відавочнымі. А потым, як жорсткі прыгавор, прагучалі словы ўрача абласной дзіцячай кансультацыі: «У вашага сына цяжкая хвароба, верагодна, ён увогуле не будзе хадзіць». Надзея, як кажуць, памірае апошняй, таму бацькі не здаваліся. Шэсць гадоў яны ездзілі з сынам у медыцынскі цэнтр «Тонус». Але асаблівых вынікаў гэта не дало. Былі яшчэ спадзяванні на аперацыю, але і іх развеялі ўрачы, растлумачыўшы, што з такім дыягназам як дзіцячы цэрэбральны параліч самай складанай 4-й ступені, рабіць аперацыю бессэнсоўна. Бацькам заставалася сабраць усе сілы ў кулак і цярпліва несці свой крыж.

Як заўважала пісьменніца Эліза Ажэшка, ні адзін чалавек сілы сваёй не ведае, пакуль яна не спатрэбіцца. Вось і Вольга не думала, што, акружыўшы цяплом і клопатам свайго сына Юру, які не мог ні рухацца, ні размаўляць і якому кожную хвіліну патрэбна была ўвага, адважыцца стаць шматдзетнай мамай — нарадзіць яшчэ дваіх сыноў. А потым, калі яны падрастуць, пойдзе працаваць туды, дзе вельмі карысным будзе яе вопыт — памочнікам выхавальніка ў спецыяльную групу для дзетак з цяжкімі адхіленнямі ў псіхафізічным развіцці.

Асмеліцца на такі крок як нараджэнне другога дзіцяці Вользе і яе мужу Віктару было няпроста. Хоць разумелі, што праблемы са здароўем Юры былі звязаны не з генетыкай, а з ускладненнямі пры родах, думкі не давалі спакою. З палёгкай уздыхнулі толькі тады, калі пачулі, што сын нарадзіўся здаровым. А яшчэ праз тры гады Вольга стала тройчы мамай. Вялікая сям'я — вялікія клопаты. Але Вольгу гэта не пужала. Яна радавалася, што разам з меншымі дзецьмі, Артурам і Сашам, і Юра адчуваў сябе інакш. У яго з'явілася цікавасць да цацак, ён навучыўся глядзець мультфільмы. Адным словам, ажываў.

Звыклы рытм жыцця сям'і змяніўся, калі Вользе прапанавалі работу памочніка выхавальніка ў цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання, дзе тры гады таму адкрылася спецыяльная група для дзетак з цяжкімі адхіленнямі ў развіцці. Для новай групы яна была знаходкай, бо са свайго жыццёвага досведу добра ведала, як знайсці падыход да «асаблівага» дзіцяці, магла падказаць, дапамагчы, растлумачыць.

— На час адкрыцця групы Вольга Пятроўна была ў нас, можна сказаць, ключавой фігурай. Ні ў каго, акрамя яе, не было навыкаў работы з такімі дзецьмі. А таму і выхавальнікі, і ўвогуле ўсе мы прыслухоўваліся да яе парад, — успамінае дырэктар цэнтра Людміла Лукавец.

Але не толькі па першым часе ў групе не маглі абысціся без Вольгі. Без яе тут і сёння як без рук. Работа з «асаблівымі» дзецьмі няпростая. Памочнік выхавальніка і выхавальнік у адной звязцы і ў час заняткаў, і за абедам, калі трэба накарміць дзяцей, і на прагулцы. І так з ранку да вечара. А пасля работы Вольга спяшаецца дамоў, дзе яе чакае ў тым ліку Юра, якога ніхто не разумее так, як мама. Хоць у канцы дня маральныя і фізічныя сілы, прызнаецца Вольга, ужо на зыходзе, зранку і сям'я, і калегі зноў бачаць на яе вуснах прывычную, крыху загадкавую і заўжды шчырую ўсмешку. І яе пазітыў перадаецца іншым.

Святлана МАКСІМУК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.