Вы тут

Пакаранне


Наперадзе, крокаў за дзесяць, няспешна тупала бабуля. Яна цягнула старую сумку, прывязаную да каляскі на маленькіх колах. Сумка, было відаць, пустая. Постаць жанчыны крыху згорбленая, крокі — стомленага ўзростам чалавека. Мы рухаліся ў адным кірунку, і мне не хацелася  яе абганяць. Штосьці было ў той постаці такое, што прыцягвала позірк і падказвала, што бабуля не з тутэйшых мясцін. Адлегласць між намі неўзабаве скарацілася, і, калі мы параўняліся, яна адазвалася першай:

16-101

— Дзетачка, можа, ведаеце кароткую дарогу да вакзала? — і тут жа неяк безабаронна растлумачыла. — Ногі ўжо не тыя, не хочацца іх ператамляць.

Я павярнулася адказаць, як прайсці дварамі напрасткі, і ўбачыла інтэлігентны дагледжаны тварык з прыкметамі небывалай прыгажосці ў юнацтве, але выраз яго ў гэтую хвіліну быў нейкі надта бездапаможны. Растлумачыўшы, нечакана для сябе прапанавала стаць яе спадарожніцай на некаторую частку шляху. Бабуля ўважліва паглядзела мне ў вочы і ўдзячна ўсміхнулася.

— Не хвалюйцеся, сумку мне не трэба дапамагаць цягнуць, яна пустая, — і стала расказваць. — Тут у мяне сын у калоніі сядзіць. Прыязджала да яго, прывозіла прадукты.

Жанчына, здаецца, была рада майму з'яўленню. І, як гэта бывае ў дарозе лёгка адкрыцца спадарожніку, з якім больш ніколі не сустрэнешся, выпаліла:

— Гэта я яго пасадзіла...

Сказала тое, што яе мучыла, непакоіла і што яна мала каму б даверыла са свайго асяроддзя. Мы маўчалі. Мне здалося, бабуля чакае ад мяне асуджэння. Яе словы разанулі па сэрцы, і сапраўды хацелася ёй сказаць крыўднае: «А яшчэ маці, сына свайго не пашкадавала». У душы бурліла абурэнне: жыве для сябе, бач, якая выпешчаная, але вымавіць нічога не змагла. Жанчына, бы сапёр, які размініраваў міну, вытрымаўшы паўзу, прадоўжыла.

— Піў ён, а п'яны тварыў жудасныя рэчы: біў мяне, выганяў на вуліцу. Участковы, дзякуй яму, і дапамог яго пасадзіць.

Стала шкада бабульку і яе сына. Колькі разоў казала сабе: не асуджай нікога. І кожны раз — на адны і тыя ж граблі. Вось не прайшло і некалькі хвілін, а ад майго гневу не засталося нічога, сітуацыя перавярнулася на 180 градусаў. Сын-алкаголік, які гэта боль для маці!

— Ён у мяне харошы. Займаўся ў мастацкай студыі, маляваў нядрэнныя карціны, надзеі падаваў, казалі выкладчыкі, але неяк няўдала ажаніўся. Яна патрабавала грошай, а ў яго зарплата маленькая, а падзарабляць удала не выходзіла. З перажывання стаў заглядваць у кілішак. Жонка яго тады выгнала, ён з гора яшчэ больш запіў. А п'яны, ён не цяміць, што робіць. Змучылася я. А нядаўна ён з маладухай звязаўся. У целе такая, пышная, але непаўналетняя аказалася. Вось на гэтым мы яго і «спалілі». Яны жылі па згодзе, ён нікога не гвалціў. Але мне ўчастковы падказаў, што за факт, што яна непаўналетняя, можна добра ўчапіцца. І ў чарговы раз, калі ён дэбашырыў, параіў напісаць заяву. Участковаму п'янкі майго сына таксама надакучылі...

Я маўчала, і, здавалася, бабуля была мне за гэта ўдзячна.

— Як ён не даваўся наручнікі адзець! Біўся, ён жа здаровы ў мяне, высокі, сіла не мераная. Але неяк звязалі, я толькі прасіла: «Не біце яго!» Паляжаў ён некалькі гадзін, працверазеў крыху, і яго павезлі...

Зноў мы ішлі моўчкі, пакуль бабуля справілася з няпрошанымі слязамі.

— Тут умовы харошыя. Чысценька. Сабрала яму, што было. Каўбаскі крыху, печыва, смятаны на рынку купіла, ён такую любіць.

Каб хоць неяк стаць суразмоўніцай, заківала ў знак згоды галавою. А бабуля раптам заспяшалася, каб паспець сказаць усё, што набалела.

— Пасадзіла яго, акаянная. І столькі гора на мяне навалілася. Памерла сястра мая адзіная. Прыехала ў Мінск яе дачка, уяўляеце, праз паўгода і яна памерла. Рак. Давялося і яе мне хаваць, а потым кватэру на сябе афармляць. Цяпер я багатая старая, — зусім не радасна заўважыла мая спадарожніца. — У сына вось пыталася, што рабіць мне з гэтай кватэрай. Плаціць за абедзве з пенсіі накладна. Кватарантам асцерагаюся здаць, убачаць, што бабка адзінокая, яшчэ заб'юць ці атруцяць. Жыллё ў Мінску вунь якое дарагое! І прадаць баюся, раптам сына выпусцяць датэрмінова. Ён жа мяне зноў выганяць будзе, успомніць усё мне. Тады б я пайшла жыць у кватэру сястры. А сын раіць прадаць, кажа: «Мама, прадай і радуйся жыццю».

Мы спыніліся, бо нашы шляхі разыходзіліся. Я паказала напрамак да вакзала, але на развітанне мне хацелася супакоіць і абнадзеіць бабулю:

— Сын ваш не будзе помсціць. І піць не будзе больш, ён пакаяўся. А вы для яго самы дарагі чалавек. Вы — маці.

Жанчына зноў працяжна, бы наскрозь, паглядзела ў мае вочы. Падалося, што яна вельмі хоча мне паверыць.

— Я малюся. Хай толькі даруе... Худы зусім, адны вочы...

Бабуля хацела яшчэ штосьці сказаць, памкнулася да мяне бліжэй, але раптам перадумала, махнула бяссільна рукой і пайшла. І постаць яе са спіны здавалася зломленай.

Валянціна БОБРЫК, г. Івацэвічы

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.