Вы тут

Курорты павышанай небяспекі


Ад падарожжа ў якія краіны гэтым летам лепш адмовіцца і колькі грошай фірма павінна вярнуць за нерэалізаваны тур?

Устрымацца ад паездак у небяспечны сёння Туніс Міністэрства спорту і турызму рэкамендавала яшчэ два тыдні таму. «Тэракты бываюць розныя, напрыклад, па палітычных матывах, калі людзі, якія прыехалі на адпачынак, гінуць выпадкова. Але ў Тунісе «паляванне» вялося менавіта на турыстаў, сітуацыя неардынарная. Таму мы не сталі чакаць рэакцыі Міністэрства замежных спраў і ўлады Туніса і апублікавалі рэкамендацыю не наведваць краіну. Толькі потым, праз 2-3 дні, сама афрыканская дзяржава абвясціла надзвычайнае становішча», — тлумачыць рашэнне дырэктар Дэпартамента па турызме  Мінспорту Вадзім КАРМАЗІН.

16-42

Праўда, на выбар беларусамі курорта сітуацыя не надта паўплывала. Змяншэнне турыстычнага патоку на гэтым напрамку — 15-20 працэнтаў (для параўнання: продажы пуцёвак у Егіпет у 2011 годзе з прычыны беспарадкаў у рэгіёне ўпалі ў два разы, а паток ва Украіну летась знізіўся ў тры разы). Устойлівую цікавасць да Туніса турфірмы тлумачаць унікальнасцю напрамку і адсутнасцю альтэрнатывы: па коштах тое ж самае, што Егіпет ці Балгарыя, але культурная праграма і ўмовы зусім іншыя. Хаця адмовы ад паездак ёсць (па мерках аператаў, гэта адзінкі). У Дэпартамент па турызме штодзень тэлефануе 4-5 чалавек, якія хочуць памяняць краіну адпачынку ці вярнуць грошы за тур. Нядаўна, напрыклад, прыходзіла група урачоў, 24 чалавекі: калектыў цалкам адмовіўся ад паездкі на Міжземнамор'е.

У спісе неспрыяльных для турызму краін сёлета не толькі Туніс. Некаторыя дзяржавы Аравійскага паўвострава і Далёкага Усходу таксама ў шэрагу небяспечных. Прычына — каранавірус. Сусветная арганізацыя аховы здароўя і Міністэрства аховы здароўя адсочваюць сітуацыю ў рэгіёнах, дзе былі ўспышкі захворвання. Аматарам падарожжаў раяць часова адкласці паездкі ў Паўднёвую Карэю, Манголію, Кувейт, Саудаўскую Аравію і нават у любімыя многімі турыстамі Аб'яднаныя Арабскія Эміраты.

Нашым людзям, якія грошы на адпачынак прывыклі збіраць на працягу цэлага года, адмовіцца ад тура ў многім не дае фінансавы складнік.

— Кошт пуцёўкі цалкам, верагодна, вярнуць будзе немагчыма, таму што агенцтва на гэтыя сродкі браніруе гасцініцу, набывае білеты. Аднак мы просім кампаніі ісці на кампрамісы з турыстамі і рабіць захады па змяншэнні расходаў людзей, — кажа галоўны юрысконсульт аддзела маркетынгу і якасці турыстычных паслуг Дэпартамента па турызме Аляксандр КРЭЧАТАЎ.

16-431

Калі чалавек адмаўляецца ад пуцёўкі, фірма павінна вярнуць яе кошт за вылікам рэальных расходаў. Аператару ў распісцы трэба пазначыць не толькі суму, але і яе падрабязную расшыфроўку: столькі аддалі за нумар у гатэлі, столькі — за трансфер і паслугі гіда, у якога ўжо распланавана суправаджэнне груп. Зразумела, чым большы прамежак часу застаецца да пачатку падарожжа, тым вышэйшая верагоднасць атрымаць свае грошы назад (бо ў агенцтва яшчэ ёсць магчымасць рэалізаваць гэты тур). Калі паездка адбудзецца толькі праз два-тры месяцы, кампаніі могуць вярнуць да 90 працэнтаў кошту пуцёўкі. Розныя штрафныя санкцыі, якімі часам пужаюць турыстаў, — прыдумкі аператараў. Згодна з беларускім заканадаўствам, нельга ўтрымліваць з кліента, які адмаўляецца ад тура, нейкія працэнты звыш фактычных расходаў.

— Многія фірмы зараз кажуць, што патрэбна афіцыйная заява ад дзяржаўных органаў, каб была падстава для вяртання грошай. На самай справе, падставай з'яўляецца жаданне заказчыка. Не мае значэння, з якой прычыны ён вырашыў не ехаць у падарожжа, — каментуе юрыст.

Увогуле, інфармацыя, звязаная з эпідэміямі, катастрофамі, неспрыяльным становішчам у краіне, — першае, што агенцтву неабходна даводзіць да турыста. Калі чалавек едзе адпачываць асобна, то перад тым, як заключыць дагавор, ён павінен атрымаць у фірме інструктаж. У выпадку з групавымі турамі правілы паводзін у тых ці іншых сітуацыях распісвае на пачатку падарожжа кіраўнік групы. Дарэчы, калі чалавек ужо паехаў у Туніс, але цяпер адчувае пагрозу свайму жыццю і хоча пакінуць краіну, ён можа праз кіраўніка групы звязацца з кампаніяй, каб тая арганізавала яму вяртанне ў Беларусь. Прычым вяртанне павінна ажыццяўляцца на тых жа умовах, на якіх турыст ехаў на курорт.

У дэпартамент зараз паступаюць пытанні наконт таго, ці будзе забаронены выезд нашых грамадзян у Туніс. Па словах Аляксандра Крэчатава, спыніць турыстычны паток на Міжземнамор'е з прычыны таго, што там адбываюцца тэрарыстычныя акты, міністэрства не можа. Ёсць закон аб парадку выезду і ўезду грамадзян Беларусі, дзе выразна прапісаны падставы для абмежавання правоў на выезд, і сітуацыя з Тунісам пад іх не падпадае. Тут ужо турыст вырашае самастойна: адмовіцца ад пуцёўкі на карысць больш бяспечнага курорта ці рызыкнуць і адправіцца па запланаваным маршруце.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Івана Купарваса

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.