Вы тут

Сацыві ад Тарыела Майсурадзэ


Папулярны спявак, кампазітар, аранжыроўшчык, кінаакцёр, тэле- і радыёвядучы Тарыел МАЙСУРАДЗЭ нарадзіўся ў Абхазіі. Пасля школы лёс закінуў яго на беларускую зямлю — тут, у Сцяпянцы пад Мінскам, давялося служыць у войску. Мінск Тарыелу спадабаўся, і пасля звальнення ў запас ён паступіў вучыцца ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. А на яго радзіме пасля распаду Савецкага Саюза пачаліся драматычныя падзеі, і неўзабаве сям'я Майсурадзэ вымушана была пакінуць родны дом і перабрацца ў Грузію.

Тарыел настойліва авалодваў артыстычнай прафесіяй і рабіў у Беларусі свае першыя крокі на эстрадзе. У 1993 годзе ён выступіў на міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» і стаў дыпламантам конкурсу маладых выканаўцаў. А ў 1994-м спявак пачаў працаваць салістам аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Сёння імя Тарыела Майсурадзэ добра вядома аматарам эстраднай песні.

16-221

Шчаслівыя гады дзяцінства і юнацтва Тарыела прайшлі ў горадзе Гудаўта сярод шматлікай радні. У сям'і Майсурадзэ быў свой дом, прыгожы і ўтульны. Бацька вырошчваў і здаваў дзяржаве жывёлу, маці ж вяла ўсе жаночыя гаспадарчыя справы, найперш клапацілася пра сваіх чатырох любімых мужчын — мужа і трох сыноў. Яна працавала настаўніцай пачатковых класаў і, нягледзячы на вялікую нагрузку, паспяхова спраўлялася і ў школе, і дома.

— У нас дома заўсёды былі ў вялікай колькасці сыр сулугуні, мацоні, тварог, кукурузны хлеб (мчадзі называецца)... Мама ўсё сама гатавала. Я любіў есці мчадзі з малаком. Малака ў талерку наліваеш і туды крышыш хлеб. Вельмі смачна!.. Мацоні — гэта кісламалочны прадукт накшталт сыраквашы хатняга прыгатавання. У кожнай сям'і яго рабілі. Гаспадыні адна адной перадавалі загатоўку. У цёплае малако заліваюць лыжачку гэтай загатоўкі і настойваюць ноч. І ўранку мацоні ўжо можна есці — хочаш з варэннем, хочаш проста з хлебам... Ведаеце, у той час супермаркетаў не было, але быў кірмаш. І, калі не хапала малака, куплялі яго на кірмашы, а потым дома перапрацоўвалі. Напрыклад, мама сама рабіла сулугуні. У вядры заўсёды было некалькі галовак свежага сыру... І яшчэ ў доме заўсёды былі арэхі — у грузінскай кухні шмат страў імі прыпраўляецца.

У 18 гадоў Тарыел Майсурадзэ пайшоў служыць у войска. Прычым у армію папрасіўся сам — не чакаў прызыву, шчыра хацеў абараняць сваю савецкую Радзіму.

— Размеркавальнік, дзе збіраюць усіх навабранцаў... Туды з усяго Савецкага Саюза прыязджалі «перакупшчыкі», якія набіралі ў свае вайсковыя часці спецыялістаў. Дык вось... Выклікалі 15 чалавек, паставілі, і сярод нас стаў хадзіць адзін вельмі прыязны маёр з блакітнымі пагонамі і блакітнымі вачыма. Ходзіць і гаворыць: «Ну што, авіяцыю любіце? Мы дружна: «Любім!» — «Вось і будзем лятаць!» Загрузілі нас у самалёт ТУ-154... Калі мы прыляцелі ў Мінск, было 40 градусаў марозу! Тады яшчэ новага аэрапорта не было, стаяў вялікі металічны ангар, а аэрапорт яшчэ будаваўся — толькі-толькі сцены былі ўзведзены.

За час службы Тарыелу спадабаліся і Беларусь, і беларусы, вось толькі пазнаёміцца як след з беларускай кухняй адразу не давялося.

— Ведаеце, што такое салдацкая кухня, асабліва напрыканцы 1980-х гадоў, калі ў СССР ужо быў поўны хаос?.. На першае — вада з капустай, на другое — капуста без вады, на трэцяе — вада без капусты.

Беларускія стравы ён пакаштаваў, ужо калі вучыўся ва ўніверсітэце культуры, на агульнай кухні студэнцкага інтэрната.

— Я не здымаў кватэру, навошта, калі ва ўніверсітэцкім інтэрнаце жыць было весела і цікава: студэнты, студэнтачкі!.. І кожны цягне з дому сала, варэнне, дранікі, бульбу!

Зразумела, пасля салдацкага рацыёну яго ўжо нічым нельга было здзівіць, але ўсё ж такі часам такое здаралася.

— У мяне быў шок, калі ўбачыў, што студэнты разбаўляюць вадой з-пад крана варэнне з трускалак, называюць гэта «морс» і запіваюць ім гарэлку падчас застолляў. Варэнне з трускалак — гэта ж далікатэс! І як можна чым-небудзь запіваць гарэлку? Дарэчы, я да войска яе наогул не піў. Ну, дык вось увечары ў інтэрнаце бульба смажыцца, скваркі скварчаць... Да бульбачкі ёсць кіслая капустка, каўбаска, пальцам піханая, паляндвіца. Апошняя мне даспадобы, вось чаго не «зразумеў», дык гэта вэнджанай каўбасы. У Грузіі, дарэчы, наогул няма культу каўбасы і вэнджанага мяса. Там клімат іншы, цёплы. У Беларусі каўбасу ў верасні зробяць, і яна да вясны захоўваецца. А ў Грузіі ў многіх дамах нават няма ацяплення. Таму грузінская кухня — гэта ўсё свежапрыгатаванае: з мукі, кукурузы, фасолі, малака... Тут, у Беларусі, падчас застолляў любяць халодныя закускі, а ў Грузіі — гарачыя вострыя стравы. Вострая ежа прымушае кроў хутчэй бегчы па жылах. Я не магу без спецый, цяпер купляю іх на Камароўцы. Вось, напрыклад, люблю сванскую соль...

Усім добра вядомы грузінскія гасціннасць і шматлюдныя застоллі. Тарыел тлумачыць, што ў Грузіі вельмі шануецца сям'я, і калі ладзіцца свята, то гаспадар запрашае на яго ўвесь свой род. Так патрабуюць шматвяковыя традыцыі.

— Калі ў дзяцінстве да нас прыходзілі госці, за стол садзілася не менш за 20—25 чалавек! Клікалі суседзяў, радню — татаву і маміну... Абавязкова прыходзілі жанчыны, якія дапамагалі гаспадыні прыгатаваць стол. Яны пяклі хачапуры, лабіяні (гэта накшталт хачапуры, толькі ў цеста замест сулугуні дабаўляецца фасоля), гатавалі чахахбілі з курыцы, рабілі мамалыгу з кукурузнай мукі і сулугуні... Ну і, вядома, на стале заўсёды прысутнічалі памідоры, агуркі — свежыя і салёныя, вельмі папулярнай была кіслая чырвоная капуста, такая хрусткая!.. Але ў грузінскім застоллі асноўнае не ежа, а адносіны паміж людзьмі. Госці размаўляюць, гавораць тосты. За сталом ствараецца сяброўская атмасфера, чалавек зараджаецца пазітыўнай энергіяй. Таму так часта наладжваюцца застоллі, дзе ёсць і смачныя вострыя стравы, і цёплыя размовы, і віно, і рог. Віно з рога госцю трэба выпіць абавязкова. А калі той піць не хоча, то павінен сказаць, што ён вельмі-вельмі хворы.

З асаблівай цеплынёй Тарыел расказвае пра ролю гаспадыні ў грузінскай сям'і.

— Я сказаў бы, што ў Грузіі, хутчэй, пануе матрыярхат. Многія гавораць: там жанчына прыніжана, яна падчас застолля за сталом не сядзіць! А жанчына проста занятая тым, каб госцю дагадзіць, каб смачна яго накарміць, каб усё было як след і каб яе сям'я была на высокім узроўні. Яна таксама прысядзе за стол, не хвалюйцеся. У Грузіі практычна ўсё пачынаецца са слова «Маці». Напрыклад, маці-зямля, маці — стрыжань дома (тое, на чым дом трымаецца)... У першую чаргу жанчына — маці. І якой бы значнай асобай ні быў мужчына (міністр ці палкаводзец), у яго ёсць маці, якая фарміруе яго і перажывае за яго, пакуль жыве.

Размова пра ролю жанчыны ў сям'і распачалася невыпадкова. У Тарыела Майсурадзэ былі два шлюбы і абодва распаліся. З першай жонкай спявак захаваў добрыя сяброўскія стасункі, пастаянна клапоціцца пра сына Георгія, які сёлета ўжо скончыў універсітэт. А вось развод з другой жонкай выліўся ў... 168 судовых пасяджэнняў: Тарыел змагаўся за права выхоўваць сваю дачку Цінаці. І выйграў! Дарэчы, спявак і сёння лічыць, што на атмасферу ў сям'і ніякім чынам не ўплывае тое, што муж і жонка часам падбіраюцца розных нацыянальнасцей, што яны выхаваны на розных традыцыях, у іх розныя кухні і розныя любімыя стравы. На яго погляд, уся справа ў каханні ці ў яго адсутнасці.

— Здараецца, што жонка-мусульманка зарабляе грошы, а муж займаецца дзецьмі. Я нядаўна сустракаўся з такімі ў Маскве. І жывуць яны цудоўна! Сучаснае жыццё растлумачыла разумнай частцы насельніцтва, што ўсе людзі роўныя, Бог адзіны, а ўсё астатняе залежыць ад размеркавання ў сям'і роляў і рахункаў. Калі гэта сям'я, дзе пануюць каханне і павага, то, нават калі жонка не спраўляецца па гаспадарцы, муж заўсёды дапаможа ёй. А калі ён раптам захоча з'есці нейкую сваю нацыянальную страву, то возьме і сам згатуе або пакажа жонцы, як гэта зрабіць. Дык што, сучасная, добраадукаваная жанчына не можа навучыцца гатаваць страву, якая так падабаецца яе каханаму мужу? Абсурд! Тут справа не ў страве — проста жанчыне не падабаецца яе муж. Па сабе ведаю: калісьці мой сын быў маленькі, цяпер дачцэ восем гадоў — мне падабаецца клапаціцца пра іх, мяне хвалюе, што яны ядуць. Я вару для іх супчыкі, гатую нейкія стравы, таму што люблю іх. Значыць, калі вы не хочаце гатаваць — найміце хатнюю работніцу! І яна вельмі хутка навучыцца дагаджаць вашаму мужу. Гэта будзе больш сумленна. Лічу, што добрыя, моцныя адносіны ў сям'і трэба выхоўваць.

Наша размова адбывалася ў адным са сталічных рэстаранаў, вядомых сваёй грузінскай кухняй. Тут наведвальнікам прапануюць хачапуры, сацыві, чахахбілі, лобіа і яшчэ шмат грузінскіх страў, якія так любіць спявак. Ён сказаў, што ўсё гэта ўмее гатаваць і падзяліўся рэцэптам прыгатавання сацыві.

— Гэта мой фірменны рэцэпт. Сацыві можна есці халодным — з мясам, з лавашом, можна выкарыстоўваць яго як соус да страў, напрыклад да курыцы. Вельмі смачна і зручна — нічога не трэба падаграваць.

Сёлета Тарыелу Майсурадзэ споўніцца 45 гадоў. Гэтую падзею ён адзначыць разам са сваімі прыхільнікамі юбілейным сольным канцэртам у адной з найлепшых залаў краіны. І, думаю, не абыдзецца без гасціннага грузінскага застолля — для родных і шматлікіх сяброў.

Тамара БУНТА

16-241

САЦЫВІ

Спатрэбіцца: 1 курыца (каля 1,5 кг), курыны булён, 500 г ачышчаных грэцкіх арэхаў, 2 ч. лыжкі сушанай каляндры, 1/2 ч.лыжкі шафрану; 1 ч. лыжка молатага чырвонага перцу, 3 зубчыкі часнаку, 1 рэпчатая цыбуля, 3 яечныя жаўткі, 1/2 ст. лыжкі віннага воцату, соль, молатая карыца, гваздзіка — на смак.

Курыцу памыць, заліць 2 літрамі вады і варыць на сярэднім агні 50—60 хвілін. Потым пакласці на бляху грудзінкай уніз і смажыць у духоўцы да гатоўнасці, час ад часу паліваючы сокам, які вылучаецца з курыцы. Гатовую курыцу парэзаць на невялікія кавалачкі, можна папярэдне выдаліць косткі. Ачышчаныя арэхі здрабніць у блэндары або ў ступцы, дабавіць да іх прапушчаны праз часночніцу часнок, сушаную каляндру, шафран, чырвоны перац, молатыя гваздзіку і карыцу. Усё перамяшаць. Пасля дабавіць да арэхаў жаўткі і добра вымесіць. Цыбулю дробна пакрышыць і таксама змяшаць з арэхамі. Уліць астылы курыны булён у такой колькасці, каб атрымалася аднародная кашка кансістэнцыі густой смятаны. Гэтую кашку 3—4 разы прапусціць праз сіта. У выніку атрымаецца досыць вадкая маса — соус. Цвёрдыя рэшткі, якія засталіся ў сіце, выкінуць, яны не спатрэбяцца. Паставіць каструлю з соусам на агонь і зняць, як толькі на паверхні з'явяцца першыя бурбалачкі. Тут жа пакласці ў каструлю кавалачкі курыцы, перамяшаць і даць астыць, пасля чаго дабавіць у соус вінны воцат і соль на смак. Ні ў якім разе нельга ўліваць воцат у гарачы соус: ён можа пацямнець!

Сацыві падаваць да стала халодным з зелянінай і белым хлебам. Можна ўпрыгожыць гранатавымі зярняткамі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму 14 лістапада варта лічыць днём яднання?

Чаму 14 лістапада варта лічыць днём яднання?

З прапанаваных для абмеркавання дат, адна з якіх можа стаць Днём народнага адзінства — 14 лістапада.

Грамадства

Анёл па імені Алена. Як прадпрымальніца стала сацработнікам

Анёл па імені Алена. Як прадпрымальніца стала сацработнікам

Сацыяльны работнік тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва Маскоўскага раёна Мінска Алена Сцепаненка працуе на сваім месцы каля двух гадоў.

Эканоміка

Магілёўскі прадпрымальнік — пра вытворчасць на перыферыі і адказнасць перад сабой і людзьмі

Магілёўскі прадпрымальнік — пра вытворчасць на перыферыі і адказнасць перад сабой і людзьмі

Сідаравічы — невялікі аграгарадок паміж Магілёвам і Быхавам. Менавіта тут знаходзіцца вядомая ў Магілёўскім раёне фермерская гаспадарка Сяргея Куцанава.