Вы тут

ПАЛЯВАННЕ Ў ЖЫЦЕ


...Заставаліся лічаныя дні да дэмабілізацыі, да вяртання ў сваё роднае мястэчка Смілавічы, калі пачалася вайна. Вучэбна-артылерыйскі полк з ваеннага гарадка, што паблізу Маладзечна, у якім мой дзядзька, старшы сяржант Пётр Мікуліч, быў камандзірам дзвюх 45-метровых гармат, 22 чэрвеня 1941 года рушыў у напрамку дзяржаўнай мяжы, насустрач ворагу. Коні выцягнулі гарматы ў чыстае поле. Мікуліч убачыў наперадзе нізіну, зарослую хмызняком. Усё было ціха, спакойна, толькі чуліся ржанне коней ды скрып колаў. Нішто не нагадвала пра вайну. Ласкава свяціла сонейка, спявалі птушкі, у невысокім жыце красавалі валошкі. Букецік з іх падарыла яму каханая, праводзячы ў армію...

[caption id="attachment_92002" align="alignnone" width="600"]16-16 Пётр Мі­ку­ліч (у цэнт­ры) з са­слу­жыў­ца­мі, 1940 год.[/caption]

Вайна... Якая вайна? Слухаючы птушак, цяжка было ў гэта паверыць. Здавалася, полк накіроўваецца на чарговыя вучэнні. Толькі некалькі дзён назад слухалі заяву ТАСС, выступаў Молатаў. Запэўніў, што ніякай вайны не чакаецца, а чуткі пра вайну — правакацыя. Шмат камандзіраў было адпраўлена ў водпуск...

Раптам з хмызняку затрашчалі кулямётныя чэргі. Хто ж думаў, што там, заглушыўшы маторы, прытаіліся нямецкія танкі?

Людзі з пяхотнай калоны, якая рухалася той жа дарогай, пачалі валіцца, як снапы. Стогны, лямант. Ні дрэўца, ні кусціка, ні канаўкі, каб укрыцца... Два разлікі Мікуліча з «саракапяткамі» аказаліся перад браніраванымі машынамі гітлераўцаў як на далоні. Адзін з разлікаў адразу быў зрэзаны, нібы касой. Конь паваліўся, пачаў біць капытамі і хрыпець, з яго шыі струменьчыкам біла кроў... Усё гэта Пётр убачыў бакавым зрокам, ліхаманкава, разам з іншымі адчэпліваючы ад перадка двухколкі гармату, разварочваючы яе. Ускінуўшы да вачэй бінокль, убачыў адзін з танкаў, які з-за куста вёў бесперапынны агонь. Усё адбылося хутка, нязвыкла, нават думка не прыходзіла ў галаву, што яго таксама можа зрэзаць чарга. Таму стаяў не прыгінаючыся, у поўны рост. Раптам адчуў, як моцна запякло ў назе і плячы.

Што тварылася вакол, ён не ведаў. Усю ўвагу скіраваў на «свой» танк. Першы снарад «саракапяткі» разарваўся ззаду браніраванай нямецкай машыны, потым — спераду... Цэль вось-вось будзе накрыта. Але зараўлі ў ляску танкавыя маторы. Стальныя страшыдлы, ведучы беглы агонь і манеўруючы, рынуліся на паходную калону. Было сапраўднае пекла: звон, свіст, скрыгат, ржанне смяротна параненых коней, крыкі людзей. Аднекуль ляцелі камякі зямлі. Едкі смурод слаўся над полем. Паспелі зрабіць толькі некалькі выстралаў, як адзін з танкаў аказаўся побач і раздушыў гармату. Кінуўшыся ў жыта, Пётр паспеў заўважыць, як з люка выскачыў немец і выстраліў з пісталета некалькі разоў у галаву зараджаючаму — высокаму прыгожаму масквічу Хрэсіну.

Заўважыўшы параненага Пятра, які, кульгаючы, бег да жыта, нямецкі танкіст апусціўся ў люк і накіраваў машыну следам. Пётр ужо дабег да жыта, але ў гэты момант жалезная грамадзіна навісла над ім, пагражаючы раздушыць. Інстынктыўна, ён упаў паміж гусеніц. Ад днішча танка дыхнула жарам, нібы з печы, жалезная гара з лязгам прасунулася над ім. Жывы! Але гітлеравец развярнуў машыну і зноў кінуў яе на чалавека. Пётр зноў распластаўся паміж гусеніц. Так паўтаралася шмат разоў. «Госпадзі, змілуйся...» — шаптаў ён. Адкуль толькі браліся сілы для саперніцтва з маторам! Раненая нага распухла, ліпкая кроў напоўніла бот, лопнула халява, агнём гарэла плячо, а Пётр зноў і зноў адбягаў ад танка і кідаўся паміж гусеніц. Едкі танкавы дым і пот раз'ядалі вочы, ад страты крыві наступала млявасць, а немец забаўляўся, як кот з мышшу. Але для Пятра цаной гэтай «гульні» было жыццё...

Губляючы прытомнасць ад страты крыві, Пётр нейкім цудам умудрыўся ў апошні момант адсунуцца ад гатовай вось-вось расплюшчыць яго гусеніцы. Якую ж садысцкую радасць (ці злосць?) адчуваў у гэты момант танкіст, палюючы на бездапаможнага чалавека!

Вечарэла. Набліжалася хвіліна, калі павінна было ўсё скончыцца... Калі немец зразумеў, што занадта ён захапіўся паляваннем на чалавека, наступіла расплата: з лесу па танку ўдарылі нашы гарматы.

Перад тым, як праваліцца ў цемру непрытомнасці, Пётр убачыў, як успыхнуў ненавісны танк. На полі бою яго падабралі нашы санітары.

Уладзімір ШУЛЯКОЎСКІ, г. Мінск

Шаноўныя чытачы! Конкурс «Фотаздымак з гісторыяй» працягваецца. Мы па-ранейшаму чакаем ад вас цікавых фота з сямейнага альбома (за выключэннем леташніх здымкаў з курорта, вясельных фотасесій і сучасных фота дзяцей). Вам ёсць што паказаць і расказаць? Давайце пагартаем сямейныя альбомы разам! Фотаздымкі з гісторыяй (не больш за тры) дасылайце з адпаведнай пазнакай на адрас: 220013, г. Мінск, вуліца Б. Хмяльніцкага, 10а, або іnfo@zvyazda.mіnsk.by. Аўтар найлепшага фота з гісторыяй будзе адзначаны прызам. Арыгіналы дасланых фотаздымкаў абавязкова вяртаюцца аўтарам.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.