Вы тут

Уладары паветра


На працягу трох дзён — з 17 па 19 ліпеня — у небе над Мінскам будзе гаспадарыць першы ў краіне фестываль авіяцыйнага спорту.

Старшыня Беларускай федэрацыі авіяцыйнага спорту Аляксандр Цэнцер паведаміў, што грандыёзнае для краіны мерапрыемства збярэ амаль 200 спартсменаў з усяго свету і можа трапіць у Кнігу рэкордаў Гінеса па колькасці паветраных шароў над сталіцай дзяржавы.

[caption id="attachment_92010" align="alignnone" width="600"]16-37 Ма­лая авія­цыя яшчэ і прыгожая.[/caption]

У гэты час Мінск чакае Міжнародны кубак па паветраплавальным спорце, верталётныя гонкі, авіяшоу, масавы парашутны дэсант, «дзіцячы дзень» і многае іншае. У неба паднімецца да 70 паветраных шароў планеты. І, калі дазволяць ветравыя ўмовы, будзе зафіксаваны рэкорд, годны Кнігі рэкордаў Гінеса, бо яшчэ ні над адной сталіцай свету столькі аэрастатаў адначасова не пралятала.

Першы фестываль авіяцыйнага спорту ў Беларусі атрымаў сімвалічную назву «70 гадоў мірнага неба» ў гонар Вялікай Перамогі. Мерапрыемства сумясціць у сабе відовішчны адпачынак і міжнародныя спаборніцтвы з удзелам спартсменаў з 8 краін свету.

Будзем лічыць «шарыкі»

У гэтыя тры дні аэрастаты будуць узлятаць з некалькіх пляцовак у Мінску (плануюцца аэрапорт Мінск-1 і аэрадром Баравая) і ляцець па кірунку ветру. Увогуле, паветраплавальная частка фестывалю складаецца са спаборніцтваў за Міжнародны кубак па паветраплавальным спорце, па выніках якіх будуць вызначаны пераможцы ў міжнародным і нацыянальным заліках, і «фіесты» — яркага паказальнага шоу з удзелам цеплавых аэрастатаў і аэрамадэляў.

Пілоты, якія ўдзельнічаюць у спаборніцтвах, выконваюць спартыўныя заданні, а пілоты з паказальнай праграмы проста цешаць гледачоў. На дадзены момант аб удзеле ў спаборніцтвах заявілі 46 пілотаў, агульная колькасць каманд аэрафестывалю — каля 70. Калі ўсе гэтыя 70 «шарыкаў» праляцяць над Мінскам, то гэта і будзе наш рэкорд. Збоку адрозніць шар спартсмена і ўдзельніка «фіесты» амаль немагчыма, таму абедзве праграмы будзе аднолькава цікава назіраць з зямлі.

Паглядзець на чужых і «пахварэць» за сваіх

На фэсце чакаюцца аэранаўты з Беларусі, Германіі, Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Украіны і нават з Новай Зеландыі. Папярэдне на спаборніцтвы ў Мінску заявіліся чэмпіёны Расіі і Украіны, удзельнікі чэмпіянатаў свету і Еўропы.

Спартыўная праграма па паветраплаванні складаецца з 4 вылетаў. У кожным палёце трэба выканаць заданні, пра якія пілоты дазнаюцца напярэдадні. Напрыклад, прыляцець у паказаную кропку, зрабіць паварот у небе (што без рухавіка вельмі складана), прайсці пэўную дыстанцыю ў зададзены час.

Старты аэрастатаў залежаць ад надвор'я. Увечары 17 ліпеня, раніцай 18 і 19 ліпеня плануецца старт з тэрыторыі аэрапорта Мінск-1. Увечары 18 ліпеня аэрастаты і аэрамадэлі ўдзельнічаюць у маштабным авіяцыйным свяце «70 гадоў мірнага неба» на аэрадроме «Баравая».

Спецыяльны спартыўны паказальны палёт плануюць здзейсніць у пятніцу з пляцоўкі аэрапорта «Мінск-1» прыкладна з 18.00 да 20.00. Такім чынам, у суботу спартыўныя палёты плануюцца з пляцоўкі Мінск-1 з 6 да 8 гадзін раніцы, а з аэрадрома «Баравая» спартыўныя і паказальныя палёты з 18.30 да 20.00. У нядзелю раніцай (6.00—8.00) спартыўны палёт і палёт «фіесты» павінны адбыцца з пляцоўкі «Мінск-1».

Пра такое нельга забыцца

У рамках авіяцыйнага фестывалю на аэрадроме «Баравая» ўвечары 18 ліпеня плануецца адначасовы ўздым усіх удзельнікаў фіесты і спаборніцтваў паветраплавальнікаў.

Таксама ў суботу, калі добра сцямнее (22.00—23.00), жыхарам сталіцы пакажуць самае прыгожае відовішча — начное свячэнне паветраных шароў у небе Мінска (папярэдне — каля стэлы «Мінск — горад-герой»). Арганізатары фестывалю ўпэўнены, што ўражлівае шоу не пакіне абыякавым ніводнага мінчаніна і госця сталіцы. Дарэчы, уваход на ўсе мерапрыемствы першага авіяфестывалю вольны.

З чалавекам і без

У фестывалі ўдзельнічаюць пілоты цеплавых аэрастатаў і каманды аэрамадэляў. А вось у спаборніцтвах за Кубак — толькі пілоты цеплавых аэрастатаў. Цеплавы аэрастат — гэта паветраны шар, напоўнены простым паветрам. Ён кіруецца па вертыкалі з дапамогай нагрэву і астуджэння паветра. Пілотам з'яўляецца камандзір паветранага судна, у яго ёсць памочнікі, напрыклад, штурман. Аэрамадэль уяўляе сабой паменшаную копію сапраўднага паветранага шара, толькі ў кошыку замест пілота — аўтаматыка, якой кіруюць па рацыі.

Самая гучная падзея лета

Верталётныя гонкі стануць адной з цэнтральных падзей фестывалю авіяцыйнага спорту. Падобныя спаборніцтвы праводзяцца ў Беларусі ўпершыню. У небе над «Баравой» сустрэнуцца 16 наймацнейшых экіпажаў з Беларусі, Расіі і Украіны, чэмпіёны і прызёры найбуйнейшых міжнародных спаборніцтваў. Гонкі пройдуць на верталётах Мі-2 і Robіnson R44 на вышыні ад 3 да 10 метраў над зямлёй. Авацыі гледачоў павінны быць вельмі гучнымі, каб спартсмены пачулі іх за шумам лопасцей.

Слалам і фрыстайл

Галоўны прынцып такіх гонак — відовішчнасць пры захаванні максімальнай бяспекі гледачоў і ўдзельнікаў спаборніцтваў. Праграма складаецца з трох дысцыплін: «развозка грузу», «слалам» і «індывідуальны фрыстайл». Верталёты парамі выконваюць аднолькавыя заданні на паралельных пляцоўках. Спаборніцтвы праходзяць па алімпійскай сістэме на выбыванне, ад чвэрцьфіналаў да захапляльных паўфіналаў і фінальных паядынкаў.

Пры «развозцы грузаў» экіпажы з двух чалавек спаборнічаюць у дакладнасці праходжання маршруту з грузам, прымацаваным да фала. У той час, як камандзір верталёта адказвае за напрамак палёту, другому члену каманды трэба пранесці груз на фале праз вароты і апусціць паслядоўна ў тры кантэйнеры. У дысцыпліне «слалам» верталёты праносяць па маршруце вядро, прымацаванае да каната і напоўненае вадой, праз вароты ў пэўнай паслядоўнасці. На фінішы неабходна паставіць вядро на стол. Суддзі ацэньваюць час, дакладнасць і захаванасць вады ў вядры.

Індывідуальны фрыстайл павінен прадэманстраваць максімальную манеўранасць верталёта і вельмі высокі ўзровень лётнага майстэрства пілотаў. У сваіх чатыроххвілінных праграмах удзельнікі могуць выкарыстоўваць нават музыку, каб узмацніць уражанне ад выступленняў.

Верталётныя гонкі плануецца правесці ў суботу на аэрадроме «Баравая» з 13.00 да 18.00. А за 30 хвілін да гэтага там будуць паказальныя скачкі парашутыстаў, у тым ліку масавы дэсант з 24 чалавек.

Сачыць асабліва пільна

У небе над «Баравой» пазмагаецца не менш за 30 спартсменаў-верталётчыкаў з Беларусі, Расіі і Украіны.

Ад Беларусі ўдзельнічаюць 3 экіпажы на верталёце Мі-2 і экіпаж на Robіnson R44. Свае здольнасці пакажуць Уладзімір Стрыёнак і Аляксандр Цэнцер (старшыня Беларускай федэрацыі авіяцыйнага спорту), для якога гэтыя верталётныя гонкі стануць першымі ў яго спартыўнай кар'еры. Праявяць сябе таксама больш вопытныя спартсмены Аляксей Мачанскі і Антон Данчанка. Прадэманструе сваё майстэрства Валерый Яляеў, якому няма роўных у Беларусі ў дысцыпліне «фрыстайл».

З прыцэлам на Дубай

«Мы разлічваем, што авіяфестываль не толькі прыцягне тысячы гледачоў, але таксама дазволіць павялічыць колькасць маладых людзей, якія жадаюць стаць спартсменамі. Разлічваем адшукаць і новых партнёраў, якія паспрыяюць развіццю спорту і стварэнню адпаведнай інфраструктуры ў нас у краіне, — кажа генеральны сакратар Беларускай федэрацыі авіяцыйнага спорту Антон Быстроў. — Цяпер нацыянальная зборная рыхтуецца да Сусветных авіяцыйных гульняў у Дубаі, і мы разглядаем гэтае мерапрыемства як этап падрыхтоўкі да іх».

Дарэчы, галоўная падзея ў свеце авіяспорту — Сусветныя авіяцыйныя гульні, якія адбудуцца ў пачатку снежня ў ААЭ (Дубай). Штогод беларускія спартсмены паднімаюцца на п'едэстал найбуйнейшых міжнародных спаборніцтваў, пацвярджаючы статус наймацнейшых у авіяцыйных відах спорту. Сёння прадстаўнікамі Міжнароднага алімпійскага камітэта нават разглядаецца магчымасць уключэння асобных відаў авіяцыйнага спорту ў праграму Алімпіяды-2024.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.