Вы тут

Канапушкі на крылах


Вясна для нас, сельскіх дзяцей, асацыіравалася з прылётам птушак, асабліва ластавак. Яны з года ў год ляпілі з гліны пад маціцай у хляве свае гнёзды. Як толькі з'яўлялася траўка на лузе, карову выганялі на пашу і хлеў цэлы дзень стаяў адчынены. Птушачкі снавалі туды-сюды. Некаторыя «рамантавалі» сваё ранейшае гняздо, якое за зіму пахінулася, іншыя, пэўна, радня, побач ляпілі новыя. Мы, дзеці, любаваліся іх няспыннай працай.

16-15

Як стала я падрастаць, то на носе і шчочках з'явіліся канапушкі. Мне гэта не падабалася. Пытаюся ў сваёй цёці Амілі: «Адкуль яны ўзяліся, гэтыя непатрэбныя цёмныя плямкі?»

— Іх прынеслі на крылах ластаўкі, — адказала яна.

Я задумалася: можа, і праўду яна кажа. Зімою ж не было іх. А як вясна прыйшла, і рабацінне на твары з'явілася. Няўжо любімыя птушкі прынеслі мне шкоду?

— Як мне пазбавіцца ад гэтых канапушак? — зноў я трывожу цёцю. Мне тады было гадоў пяць. Усё прымала за чыстую манету. Тым больш што ў тыя часы не было ніякай касметыкі.

— Дам табе такую параду. Яшчэ не з'явіліся ластаўкі. Яны прыляцяць, як цёпла стане і мошкі розныя з'явяцца, каб было чым сілкавацца. Калі ты першую птушачку заўважыш, то, дзе стаіш і што будзе на тым месцы пад рукой, тым і памаж тварык, — адказала цёця.

— А калі нічога не будзе? — дапытваюся.

— Тады хоць граззю натры тварык.

Усталявалася цёплае веснавое надвор'е. Прыляцелі з выраю амаль усе птушкі. Прыглядаюся, каб хутчэй пабачыць ластавак. І вось стаю каля хаты, а мне ледзь не пад ногі адна прашмыгнула. Што рабіць? Нічога ж побач няма. Прыгадала цётчыну параду: узяла тут жа жменьку гліны і давай ёй твар мазаць. Ну, не іначай, як маленькае чарцяня атрымалася. Стаю, чакаю. Хутка гліна стала падсыхаць і адвальвацца. «Ну, — думаю, — адваліцца з ёй і рабацінне». Як заўважыла такі цуд маці, спужалася, што гэта са мной сталася, і павяла мяне наўпрост да студні, каб прамыць твар...

З узростам рабацінне знікла само, у нейкай ступені і касметыка дапамагла. Мінула з таго часу шмат гадоў. А з прылётам ластавак кожны раз прыгадваю той выпадак. Якое ж было бяскрыўднае, наіўнае, цікавае, цудоўнае дзяцінства.

Кацярына СОСНА, г.п. Шаркаўшчына

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.