Вы тут

Усё адкладзена на другі матч


Свой сёлетні шлях да групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў барысаўскі БАТЭ распачаў з перамогі, але пытанні з выхадам у далейшы раўнд вырашацца падчас матча ў адказ.

17-29

На сваім стадыёне падапечныя Аляксандра Ермаковіча сустракаліся з ірландскім «Дандалкам» — камандай, якую многія балельшчыкі перад першым матчам ледзь не «закідалі» шапкамі. Пры гэтым футбалісты з вострава святога Патрыка на газоне «Барысаў-Арэны» прадэманстравалі даволі годны футбол. Але напачатку быў прыгожы гол беларусаў. На 10-й хвіліне Аляксандр Карніцкі падхапіў мяч і трапна прабіў у левы ад варатара вугал. Здавалася, усё пайшло па плане. Але замест гэтага беларусы атрымалі гол у свае вароты. Так, пасля БАТЭ ўсё ж такі забіў і другі, пераможны, мяч, аднак непрыемнае адчуванне ад таго, што прапусцілі на сваім полі, прысутнічае і зараз. Усё ж такі перамога з лікам 2:1 у двухматчавым супрацьстаянні пакуль нічога не вырашае.

— Вынік і сапраўды не вельмі добры перад матчам у адказ, — прызнаўся Аляксандр Ермаковіч, галоўны трэнер БАТЭ. — Перамога ёсць перамога, аднак калі ацэньваць гульню, «Дандалк» пацвердзіў нашы чаканні: каманда вельмі сур'ёзная. Нягледзячы на два забітыя мячы, лічу, што першы тайм у нас не атрымаўся. Па арганізацыі гульні ў абароне і атацы не былі на вышыні. Адчувалася скаванасць.

А вось Віталь Радзівонаў, нападаючы барысаўскай каманды, прызнаўся, што лік 2:1 перад гульнёй у адказ для яго даволі непрыемны.

— Невядома, як весці сябе ў паўторнай сустрэчы, — прызнаецца форвард. — Нават лік 0:0 быў бы лепшым. Першараднай задачай было не прапусціць. На жаль, з ёй мы не справіліся.

Застаецца толькі дадаць, што другая сустрэча беларуска-ірландскага супрацьстаяння адбудзецца 22 ліпеня ў Дандалку. Спадзяёмся, ірландскі бар'ер для БАТЭ непераадольным не стане.

Тарас ШЧЫРЫ

taras@zviazda.by

Фота Белта

Як гулялі астатнія каманды

У другім кваліфікацыйным раўндзе Лігі чэмпіёнаў. «Вентспілс» (Латвія) — ХІК (Фінляндыя) — 1:3, АПАЭЛ (Кіпр) — «Вардар» (Македонія) — 0:0, «Міт'юланд» (Данія) — «Лінкальн» (Гібралтар) — 1:0, «Лудагорац» (Балгарыя) — «Мілсамі» (Малдова) — 0:1, «Хіберніянс» (Мальта) — «Макабі» (Ізраіль) — 2:1, «Мёльдэ» (Нарвегія) — «Пюнік» (Арменія) — 5:0, «Шкендэрбеу» (Албанія) — «Крузэйдэрс» (Паўночная Ірландыя) — 4:1, «Нью Сэйнтс» (Уэльс) — «Відэатон» (Венгрыя) — 0:1, «Марыбор» (Славенія) — «Астана» (Казахстан) — 1:0, «Трэнчын» (Славакія) — «Сцяўа» (Румынія) — 0:2, «Партызан» (Сербія) — «Дзіла» (Грузія) — 1:0, «Сараева» (Боснія і Герцагавіна) — «Лех» (Польшча) — 0:2, «Сэлцік» (Шатландыя) — «Ст'ярнан» (Ісландыя) — 2:0, «Дынама» (Харватыя) — «Фола» (Люксембург) — 1:1.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.