Вы тут

Сціплая неабаяльнасць


Пра бясплатныя напоі, сцяг на кішэні і прынцып «не хочаш, але ж мусіш».

За апошнія некалькі дзён навін у краіне і ў свеце, вартых увагі, было нямала, як, зрэшты, і заўсёды. Шумела рознагалоссе «Славянскага базару», вырашаўся лёс Грэцыі ў еўразоне, прымалася рашэнне па ядзернай праграме Ірана... Толькі нашу інтэрнэт-супольнасць турбавала, мяркуючы па форумах у сеціве, зусім іншае. У цэнтры ўвагі быў сеткавы рэстаран хуткага харчавання (нашы бацькі падобныя ўстановы вельмі трапна называлі «забягалаўкамі») ля станцыі метро «Каменная Горка».

Там (калі вы яшчэ не чулі), калі ты нешта купляеш, напоі наліваюць бясплатна і ў неабмежаванай колькасці. Карацей, прыходзіш, заказваеш якую піцу і шклянку «колы» — і можаш, апаражніўшы гэтую шклянку, «запраўляць» яе наноў з адмысловага краніка колькі заўгодна. Напоі, праўда, усе безалкагольныя, да таго ж у большасці сваёй — салодкая газіроўка. Але заманлівае слова «халява» і на ўзроўні праведзеная рэкламная кампанія зрабілі сваю справу: падчас адкрыцця рэстарана да яго цягнулася чарга. Вядома, меншая, чым да першага маскоўскага рэстарана «МакДональдс» на заранку перабудовы, але для нашага часу ўнушальная. Тут жа знайшліся і прадпрымальныя таварышы, якія прынеслі з сабой «тару» і, дарваўшыся да запаветнага краніка, пачалі яе напаўняць бясплатным пітвом. Знайшліся і тыя, хто гэта на камеру зазняў і ў сеціва выклаў. І тыя, хто стаў абурацца: маўляў, ганьба! І тыя, хто абурыўся і першымі, і другімі: маўляў, не трэба рабіць піяр забягалаўцы і саміх сябе на інтэрнэт-прасторы, якая, як вядома, граніц не мае, ганьбіць. Карацей, праз тое, што некалькі чалавек паддаліся папулярнай хваробе «хапун», атрымалася цэлая бура ў лыжцы вады... не, выбачайце, нейкай там «колы»...

Ну што такога, калі некалькі не вельмі добра выхаваных людзей праявілі не самыя добрыя якасці чалавечай натуры? Здараецца, і нярэдка, і не толькі ў нас. Адны імкнуліся ўхапіць пабольш бясплатнага, другія кінуліся гэта здымаць. Не вельмі прыгожа, не вельмі культурна, не абурэнне выклікае, а прыкрасць. Але з праблемы, якая сапраўды не варта выедзенага яйка, зрабілі калі не сенсацыю, дык топ-навіну дакладна.

Чаму такі ажыятаж? Няўжо сапраўды гэта так цікава? Хутчэй — модна. Так прынята ва ўсім «цывілізаваным свеце» — пачынаючы ад чэргаў у месца, дзе свеціць «халява» ці зніжкі, да выкладвання «апошніх навін» з «падзеі» і іх бурнага абмеркавання. Глабалізацыя — і нікуды ад яе не падзенешся, у цэнтры Еўропы жывучы. Трэба адпавядаць. Не хочаш, але ж мусіш...

Гэта як з той рашоткай для грыля, пра якую і мы днямі пісалі. Зрабілі вытворцы алкаголю дзеля ўласнага піяру на ёй «цуда-ўзор» — выяву з нацыянальным арнаментам. Адбіваецца на гатовым запечаным кавалку мяса. «Ідэя заклікана прыцягнуць увагу і цікавасць да нацыянальных традыцый», — сказаў вытворца (трэба аддаць належнае разумнаму піяру). І словы гэтыя, падхопленым рэхам, разнесліся па сеціве, і з'явілася навіна на самых буйных нашых сайтах: у Беларусі, маўляў, вось такое дзіва прыдумалі. Глядзі, «цывілізаваны свет», мы таксама з вашай пясочніцы, не горшыя. У вас выява нацыянальнага сцяга на пятай кропцы (на задняй кішэні джынсаў) — справа звычайная, а мы сваю традыцыйную сімволіку — і на бялізну, і на мяса. І гэты захоплены хор заглушае галасы тых, хто сапраўды традыцыямі цікавіцца, хто іх шануе. Хто спрабуе сказаць, што павінна ж быць нешта святое. Што той жа самы наш арнамент — гэта не проста набор адмысловых узораў, гэта код, пакінуты нам продкамі на абярэг, на ўдачу, і ставіцца да яго трэба асцярожна і паважліва, як да талісмана. Як трэба ставіцца да сваёй гісторыі, да ўсяго, што адрознівае нас ад іншых у гэтым стракатым, крыху звар'яцелым свеце...

Бо мы і на самай справе іншыя. Не сквапныя. Не подлыя. Не лічым, што падглядаць і падслухоўваць — гэта нармальна. Шануем тое, што маем, захоўваем і паважаем свае каштоўнасці. Сціплыя. Можа, апошняга ў нас і занадта, бо тое, што мы — менавіта такія, сказаць ці засведчыць учынкамі нярэдка ці то баімся, ці то саромеемся.

...Памятаеце, колькі месяцаў назад у французскіх Альпах разбіўся самалёт? Тады высветлілася, што пілот, якому не было і трыццаці, такім чынам скончыў жыццё самагубствам, прыхапіўшы з сабой на той свет калег і пасажыраў — усіх сто пяцьдзясят чалавек. Тады шмат гаварылі пра матывы яго ўчынку і многія эксперты сышліся на адной вельмі важнай думцы. У грамадстве, якое ў пагоні за глабалізацыяй, імкненні быць «як усе», жаданні адпавядаць нейкаму агульнапрынятаму шаблону страціла галоўныя фундаментальныя каштоўнасці — сямейныя, рэлігійныя, маральныя, учынак гэтага маладога разгубленага чалавека — жудасна-лагічная заканамернасць. І падобныя выпадкі будуць адбывацца нярэдка, бо людзі проста не бачаць і не адчуваюць апоры і трываласці...

Пры чым тут бясплатныя напоі і «выкаванкі»? Так, сапраўды, дробязі. Простыя дробязі, з якіх звычайна ўсё і пачынаецца.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.