Вы тут

Легенды біятлона збіраюцца ў Мінск!


Фестываль «Гонка легенд — зоркі біятлона за мір» пройдзе 12 верасня ў абноўленым Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі «Раўбічы».

Тут збяруцца найлепшыя біятланісты, якія не менш за 20 разоў падымаліся на найвышэйшую прыступку п'едэстала гонару зімовых Алімпійскіх гульняў у розныя гады, пачынаючы з Сараева-1984 і заканчваючы Ванкуверам-2010.

Легендарныя спартсмены правядуць на трасе дзве гонкі. Спачатку пройдуць спаборніцтвы ў суперспрынце, па выніках якіх удзельнікі сфарміруюць каманды для выступлення ў эстафеце, дзе і будуць разыграны ўзнагароды.

Запрашэнне Дар'і Домрачавай на фестываль прынялі шматразовыя пераможцы Алімпійскіх гульняў з Германіі Свен Фішэр, Рыка Грос, Міхаэль Грайс і чэмпіёнка свету Сымона Хаусвальд (Дэнкінгер). Удзел таксама возьмуць знакамітыя прадстаўнікі Нарвегіі — трохразовы алімпійскі чэмпіён Халвард Ханэвалд, вядомыя спрынтары Фрудэ Андрэсэн і Ларс Бергер. Апошні, дарэчы, з'яўляецца яшчэ і чэмпіёнам па лыжных гонках. У госці ў Раўбічы прыбудуць і ўладальніцы Вялікага хрустальнага глобуса Ліў-Грэтэ Пуарэ, Хелена Экхальм і алімпійская чэмпіёнка Турына-2006 Анна-Карын Зідэк.

Расію прадставяць двухразовая алімпійская чэмпіёнка Ганна Багалій і Юрый Кашкараў, які выйграваў драматычную алімпійскую эстафету ў Сараеве-1984 разам з беларусам Сяргеем Булыгіным. Больш чым праз 30 гадоў яны зноў выступяць у адной гонцы. Ад Беларусі, акрамя Сяргея Булыгіна, у спаборніцтвах возьме ўдзел алімпійскі чэмпіён Калгары-1988 Аляксандр Папоў і шматразовы прызёр чэмпіянатаў свету Алена Зубрылава.

Акрамя стартаў, гоншчыкі паўдзельнічаюць у аўтограф-сесіі, дзе ўсе заўзятары змогуць пагутарыць са сваімі кумірамі. Для найбольш актыўных аматараў біятлона будзе прадастаўлена магчымасць паспрабаваць сябе ў якасці спартсмена на спецыяльна падрыхтаванай арганізатарамі трасе.

Таксама гледачы змогуць пакаштаваць стравы нацыянальнай кухні ўдзельнікаў Гонкі легенд, а госці краіны набыць у створаным арганізатарамі горадзе майстроў унікальныя сувеніры з Беларусі.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.