Вы тут

Яшчэ шэсць заявак


У перадапошні дзень да заканчэння прыёму заяў ад асоб, якія маюць намер удзельнічаць у прэзідэнцкай гонцы, у Цэнтральную камісію па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў звярнуліся яшчэ шэсць чалавек: Канавец Андрэй Уладзіміравіч, Караткевіч Таццяна Мікалаеўна, Лябедзька Анатоль Уладзіміравіч, Статкевіч Мікалай Віктаравіч, Раманоўская Жанна Мікалаеўна і Першына Ірына Міхайлаўна. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт ЦВК. Былі прадстаўлены дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп па зборы подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатамі ў прэзідэнты Беларусі.

Удзел у кампаніі 36-гадовага прадпрымальніка з Наваполацка Андрэя Канаўца стаў нечаканасцю для СМІ і палітыкаў. «Звязда» высветліла, што гэты прэтэндэнт на пасаду кіраўніка дзяржавы жыве і працуе ў Мінску, дзе ўзначальвае створанае год таму прыватнае прадпрыемства «Любімае падарожжа». У Мінгарвыканкаме фірма зарэгістравана як турыстычнае агенцтва. Чацвёрты ўдзельнік прэзідэнцкай гонкі пацвердзіў нашаму выданню, што не прадстаўляе ніякую палітычную сілу, а інфармацыю пра яго можна знайсці пакуль толькі ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте». Кіраўнік яго ініцыятыўнай групы — Дзмітрый Піліпчук.

Таццяна Караткевіч вылучаецца ад кааліцыі «Народны рэферэндум», у якую ўваходзяць палітычны рух «За свабоду», партыя Беларускі народны фронт, грамадзянская кампанія «Гавары Праўду» і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада). Кіраўнік ініцыятыўнай групы па зборы падпісаў у падтрымку Таццяны Караткевіч у якасці кандыдата — Андрэй Дзмітрыеў.

Анатоль Лябедзька з'яўляецца лідарам Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Кіраўнік яго ініцыятыўнай групы — Віктар Карнеенка.

Мікалай Статкевіч адбывае пакаранне па абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года на плошчы Незалежнасці ў Мінску. Заяву ад яго імя ў ЦВК прынеслі прадстаўнікі ініцыятыўнай групы, якой кіруе жонка прэтэндэнта Марына Адамовіч. Тэрмін пазбаўлення волі Мікалая Статкевіча заканчваецца ў снежні 2016 года.

Цэнтральная камісія па выбарах нагадвае, што ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь можа быць абраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнні, не маладзейшы за 35 гадоў, які валодае выбарчым правам і пастаянна пражывае ў Рэспубліцы Беларусь не менш за дзесяць гадоў непасрэдна перад выбарамі. Не мае права быць кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь грамадзянін, які мае судзімасць.

Ужо пасля пяці гадзін вечара ў ЦВК паступілі заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп ад Жанны Раманоўскай (кіраўнік групы — Яўген Напорка) і Ірыны Першынай (кіраўнік — Марыя Храмцова).

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

medvedeva@zviazda.by


Па тэме:

Тры ініцыятыўныя групы


Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.