Вы тут

Іранскі прарыў


Пасля некалькіх драматычных пераносаў тэрмінаў перагавораў і нават песімістычных прагнозаў некаторых аналітыкаў, што размова Ірана з «шасцёркай» (Расія, Кітай, Францыя, Германія, Вялікабрытанія і ЗША) сарвецца, бакі ўсё ж змаглі прыйсці 14 ліпеня да разумнага кампрамісу.

Як і ў выпадку з грэчаскімі перагаворамі, якія праходзілі ў апошнія месяцы, далёка не ўсе задаволены ўмовамі здзелкі, але фінальнае пагадненне дасягнута. У адпаведнасці з ім, іранская ядзерная праграма зведае сур'ёзныя змены. Міжнароднае агенцтва па ядзернай энергетыцы (МАГАТЭ) атрымае бесперашкодную магчымасць інспектаваць усе ядзерныя аб'екты Ірана, а квота інспектараў будзе павялічана да 130-150 чалавек. Некаторыя аб'екты, якія выклікаюць найбольшыя падазрэнні МАГАТЭ або заходніх краін, інспектары змогуць наведваць штодня, а некаторыя — раз на месяц.

Уведзеныя абмежаванні не дазволяць Ірану ствараць новыя магутнасці па вытворчасці зброевага плутонію, а існуючыя яму давядзецца пераарыентаваць на іншыя мэты. Уводзяцца і абмежаванні на запасы нізкаўзбагачанага ўрану, якія могуць захоўвацца ў краіне: усе лішкі Ірану прыйдзецца вывезці на перапрацоўку. Гатоўнасць аказаць садзейнічанне ў перапрацоўцы выказала Расія, якая таксама будзе пастаўляць Ірану прыродны ўран.

У выніку пагаднення заходнія краіны павінны будуць зняць з Ірана большасць санкцый. Найбольшае значэнне будзе мець адмена санкцый Еўрасаюза, якія перашкаджалі ажыццяўленню іранскімі кампаніямі банкаўскіх аперацый, аперацый страхавання і блакіравалі доступ да міжнароднай сістэмы плацяжоў SWІFT, а таксама сумесныя заходнія санкцыі па абмежаванні экспарту нафты з Ірана. Паводле ацэнак экспертаў, у выніку гэтых санкцый Іран штогод страчваў ад 40 да 80 мільярдаў долараў, у залежнасці ад кан'юнктуры цэн на сусветных рынках на нафту.

Прычыны пагаднення «шасцёркі» з Іранам дастаткова празрыстыя. Самі ўведзеныя санкцыі выглядалі даволі штучна і дрэнна ўплывалі на імідж заходніх краін. Атрымлівалася дзіўная сітуацыя: нават калі верыць абвінавачванням Захаду, што Іран спрабуе стварыць ядзерную зброю (што сам Тэгеран упарта адмаўляў), выкарыстанне санкцый за гэта з боку дзяржаў, якія самі маюць ядзерную зброю, з'яўляецца відавочным прыкладам двайных стандартаў. З пункту гледжання разумнага сэнсу, каб мець маральнае права ўводзіць санкцыі за спробу стварэння ядзернай зброі, трэба самім адмовіцца ад яе. Усе цудоўна разумелі, што галоўнае значэнне санкцый — звязаць па руках і нагах сур'ёзнага геапалітычнага канкурэнта Захаду і яго саюзнікаў у рэгіёне, асабліва Ізраіля і Саудаўскай Аравіі. Усё гэта вельмі дрэнна пахла і ніяк не суадносілася з лозунгамі аб роўнасці ўсіх краін у новым дэмакратычным свеце пад уладай Захаду. Асабліва ўлічваючы, што сам Ізраіль дэ-факта мае ядзерную зброю, але супраць яго ніякіх санкцый не выкарыстоўваецца.

У апошнія гады з'явіліся і новыя прычыны для таго, каб перагледзець адносіны з Іранам. Абмежаваўшы яго ўплыў у рэгіёне, Захад фактычна палепшыў умовы для тэрарыстаў усіх масцей свабодна ў ім аперыраваць. Росквіту тэрарызму садзейнічалі і заходнія аперацыі ў рэгіёне супраць Ірака, Афганістана, Лівіі і Сірыі, якія пакінулі вялізныя тэрыторыі без дзеяздольнага дзяржаўнага кіравання.

Усе спробы справіцца з выпушчаным з бутэлькі джынам тэрарызму аказаліся няўдалымі, тым больш што не ўсе заходнія краіны былі ў гэтым зацікаўлены, а мясцовыя партнёры заходніх краін у рэгіёне прадэманстравалі адкрытую бездапаможнасць. У выніку настаў час запусціць у рэгіёне незаходнія процівагі анархіі і распаўсюджванню тэрарызму. І Іран з'яўляецца кандыдатам нумар адзін на гэтую ролю.

Пры гэтым калі яшчэ нядаўна заходнія краіны лічылі, што Тэгеран вызнае занадта радыкальную версію ісламу, то зараз шыіцкі рэжым Ірана падаецца цалкам прымальным на фоне сапраўднага радыкалізму самаабвешчанай «Ісламскай дзяржавы», які захапіў значную частку тэрыторыі Ірака і Сірыі.

Дарэчы, ён з'яўляецца натуральным ворагам Ірана з прычыны таго, што гэтая групоўка замахваецца на тэрыторыі краін-саюзнікаў Ірана ў рэгіёне. Можна быць упэўненым, што марай некаторых заходніх аналітыкаў з'яўляецца сітуацыя, калі «Ісламская дзяржава» і Іран будуць гадамі знясільваць сябе ва ўзаемным сутыкненні, нівеліруючы магчымасці абедзвюх сіл канкурыраваць з самім Захадам. Ну, а калі адна з гэтых сіл выйграе, можна будзе прыдумаць што-небудзь яшчэ.

Калі паглядзець на дамоўленасці 14 ліпеня з пункту гледжання беларускіх нацыянальных інтарэсаў, то іх можна прызнаць карыснымі для нашай краіны. Мінск і Тэгеран маюць цудоўныя палітычныя адносіны, якія пастаянна спрабуюць развіваць у эканамічнай плоскасці. На жаль, гэтыя спробы прыпалі якраз на перыяд увядзення і далейшага выкарыстання жорсткіх санкцый супраць Ірана, што сур'ёзна абмежавала патэнцыял эканамічнага супрацоўніцтва. Адмена іх большасці дазволіць вярнуцца да рэалізацыі сур'ёзных інвестыцыйных праектаў Ірана на беларускай тэрыторыі.

Сяргей КІЗІМА, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.