Вы тут

Пытанні пра сям'ю на 90 старонак


У наступным годзе пройдзе маштабнае сацдаследаванне тэндэнцый шлюбнасці і нараджальнасці.

Сацыяльнае даследаванне, падчас якога высветляць, як выглядаюць сучасныя беларускія сем'і, пройдзе ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Падтрымка рэалізацыі Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь». Апытаць плануецца сем тысяч рэспандэнтаў (імі стануць жыхары розных рэгіёнаў нашай краіны). Алгарытм той жа, што і пры перапісе насельніцтва: інтэрв'юеры ходзяць па кватэрах і прапануюць адказаць на пытанні анкеты. Збіраць меркаванні па сямейнай тэматыцы будуць спецыяльна навучаныя людзі.

17-36

— Інтэрв'юерам трэба ўмець скласці алгарытм размовы, бо ад таго, які адказ яны пачуюць, будзе залежаць наступнае пытанне, — тлумачыць кіраўнік праекта па дэмаграфічнай бяспецы ЮНФПА Марыяна САКАЛОВА. — Аднак хадзіць па кватэрах будуць не прафесійныя сацыёлагі. Гэта ўмова прапісана ў метадычных патрабаваннях.

Сама анкета складаная і аб'ёмная — 90 старонак. Пакуль яна дапрацоўваецца: ёсць шэраг пытанняў наконт адносін у сям'і, якія неабходна карэктна сфармуляваць, каб не пакрыўдзіць чалавека, не зрабіць яму балюча. Калі будзе падрыхтавана пробная версія анкеты, правядуць пілотнае апытанне на невялікай групе з жыхароў розных рэгіёнаў. Гэта дапаможа высветліць, колькі часу зойме размова з кожным рэспандэнтам, якія з пытанняў выклікаюць цяжкасці ў насельніцтва і інтэрв'юераў. З улікам заўваг анкету падкарэктуюць і, перш чым пускаць яе «ў масы», яшчэ раз апрабуюць на групе.

Хадзіць па кватэрах і збіраць інфармацыю плануюць на працягу 2016 года. Аналізаваць базу даных спецыялісты пачнуць толькі ў студзені 2017-га. Апытанне будзе праводзіцца за сродкі Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ. Сума, якую выдаткавалі на гэты праект, — 174 тысячы долараў.

Падобнае даследаванне дапаможа ацаніць эфектыўнасць нацыянальнай дэмаграфічнай палітыкі, у тым ліку і дзяржаўных захадаў па падтрымцы сем'яў, і спланаваць наступныя дзеянні. «Дэмаграфічную палітыку трэба працягваць і ўдасканальваць, — каментуе праект намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр РУМАК. — Патрэбны доўгатэрміновы комплексны падыход да рашэння сацыяльных праблем. Таму ў гэтай сферы неабходна ўзмацніць даследчы патэнцыял, выкарыстоўваць новыя метады збору і аналізу інфармацыі».

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.