Вы тут

На што трэба абавязкова звяртаць увагу, набываючы кватэру


Адзін мой добры знаёмы летась купіў двухпакаёвую кватэру на другасным рынку жылля ў сталіцы. Адразу быў задаволены на ўсе 100% — дом няхай і немалады, але яшчэ трывалы, ціхі дворык, зусім побач крама і метро праз чатыры прыпынкі. Кватэра невялікая, але ўтульная, а самае галоўнае — недарагая для гэтага раёна. Аднак ужо праз тры месяцы пасля здзелкі ружовыя акуляры з яго вачэй зваліліся і новы гаспадар адшукаў цэлы набор сур'ёзных недахопаў сваёй «ідэальнай» кватэры. Толькі пасля дэталёвай разборкі мудрагелістых прыёмаў пры продажы такога жылля таварыш зразумеў, дзе ён «пракалоўся...

Хатняя інсцэніроўка

У прадаўцоў нерухомасці цяпер існуе нямала рознага кшталту хітрыкаў, якія дазваляюць падмануць пільнасць кліента, прадставіць жыллё ў больш выгадным святле, чым яно ёсць насамрэч. Асабліва калі тое ўжо добра зношана. З'явіўся нават спецыяльны маркетынгавы прыём — хоум-стэйджынг (у перакладзе з англійскай мовы — хатняя інсцэніроўка, пастаноўка), якім прасунутыя гаспадары ўсё больш актыўна карыстаюцца для нівеліроўкі недахопаў.

Верагодна, што патэнцыйны пакупнік не дайшоў бы нават да дзвярэй кватэры, калі б перад яго прыходам у пад'ездзе і на пляцоўцы капітальна не прыбралі. Што тычыцца самой кватэры, то святлейшай і прасторнейшай яе робяць вымытыя вокны і добрае асвятленне. А яшчэ маркетолагі раяць выкінуць усе старыя рэчы, якія захламляюць прастору, лепш прыбраць фатаграфіі, узнагароды і дзіцячыя цацкі. У гэтым выпадку пакупнік зможа прымераць кватэру ўжо на сябе ў якасці будучага гаспадара.

Гульня са святлом і трукі прасторы

У тых выпадках, калі сама кватэра цёмная, то сустрэчу з кліентам вопытныя рыэлтары прызначаюць раніцай ці ўдзень. Аднак, калі становішча дома зусім нявыйгрышнае, тады гасцей прымаюць вечарам. Гэта той выпадак, калі асвятляльныя прыборы павінны працаваць на поўную магутнасць. Вельмі да месца ў самым цёмным кутку паставіць таршэр або настольную лямпу. І наогул, правільнае асвятленне дапамагае стварыць у кватэры не толькі патрэбную атмасферу, але і схаваць недахоп натуральнага святла. Да таго ж адлюстраванае ад сцен, падлогі і столі святло электрапрыбораў дапамагае пакупніку «правільна» ацаніць памеры памяшкання.

Вялікае люстэрка візуальна павялічвае прастору, асабліва калі знаходзіцца насупраць дзвярэй, бо яно дабаўляе плошчы памяшканню за кошт суседняга пакоя. Люстэрка размешчанае насупраць акна адразу робіць жыллё святлейшым.

Мужчыны бачаць... носам

Неверагодна, але нават пах можа паўплываць на рашэнне «купляць ці не купляць». Таму вопытныя людзі ведаюць, што будзе лепш, калі на момант паказу кватэры ў доме прапішуцца не пахі хатніх жывёл, затхласці або цыгарэт, а будзе лунаць мяккі водар смажанай бульбы або свежазваранай кавы. Пах карыцы або ванілі таксама ўздзейнічае заспакаяльна, і ў першую чаргу на мужчын. Падобных прыёмаў і хітрыкаў хапае. Тут галоўнае іх своечасова заўважыць і не «паплыць».

Бабулі не падмануць

А яшчэ будучаму ўласніку неабходна абавязкова звярнуць увагу на від з вокнаў, каб ацаніць тэрыторыю побач з домам. Пры аглядзе кватэры лепш не ленавацца і зазірнуць пад падлогавае пакрыццё. Абавязкова пераканайцеся ў адсутнасці свежапафарбаваных падцёкаў на столі і ў кутках, праверце стан электраправодкі, сантэхнікі, а таксама ці нармальна адчыняюцца вокны і дзверы.

Не трэба адмаўляцца ад інфармацыйнай разведкі на мясцовасці. Яе можна ажыццявіць праз механізм шчырай гутаркі з бабулямі на лавачцы ля пад'езда. Яны абавязкова раскажуць пра ўсіх праблемных суседзяў, пра гісторыю вашай патэнцыяльнай кватэры і ўвогуле шмат чаго цікавага, пра што і гаспадары, і рыэлтары за найлепшае палічаць проста не згадваць.

Адшукаць перапланіроўку

Перад прыняццем канчатковага рашэння неабходна на халодную галаву скрупулёзна перачытаць усе жыллёвыя дакументы. Параўнайце задэклараваныя прадаўцом метраж і планіроўку кватэры з тэхпашпартам. Калі ў кватэры праведзена перапланіроўка, абавязкова праверце, ці ўзаконена яна, інакш вам не пазбегнуць сур'ёзных праблем у будучыні. І галоўнае, не трэба рабіць такія сур'ёзныя крокі спантанна, пад уздзеяннем асабістай сімпатыі. Папярэдне ўладальнік можа быць і сапраўды цудоўным чалавекам, але... Яму галоўнае прадаць, а рыэлтару — правільна арганізаваць і правесці здзелку. А жыць у кватэры будзе новы гаспадар.

Сяргей КУРКАЧ

 kurkасh@zvіаzdа.bу

Парада рыэлтара

Адзін мой знаёмы работнік агенцтва нерухомасці распавёў пра хітрыкі прадаўцоў, пасля якіх узнікаюць праблемы як у пакупнікоў, так і ў рыэлтараў. Гэта даўгі за «камуналку». Пра падобныя запазычанасці, што вісяць на кватэрах, арганізатары здзелкі звычайна інфармуюць будучых гаспадароў або патрабуюць іх пагасіць. Аднак здараюцца выпадкі, калі бягучай запазычанасці кватэра не мае, а існуюць даўгі па аплаце за камунальныя паслугі за папярэднія гады. Адразу такія даўгі без дасканалай праверкі і не ўбачыш. Між іншым, іх памеры могуць дасягаць 10 млн рублёў і нават больш. Таму ў першую чаргу перад тым, як падпісваць дакумент аб куплі кватэры, зусім не пашкодзіць наведаць мясцовы разліковы цэнтр ЖЭСа і даведацца пра ўсе падводныя камяні вашага будучага жылля.

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.