Вы тут

Са «Звяздою» — лета ў радасць!


І не толькі яно.

...І смех і грэх, што называецца: прыяцелька абнову справіла — светлыя нагавічкі купіла, айчыннай вытворчасці, з натуральнага лёну. І селі хораша, як на яе пашытыя... Назаўтра ж прыбралася.

Па горадзе (потым расказвала) вельмі горда ішла. Яшчэ б: на яе з цікавасцю паглядалі мужчыны!.. А на ўсе зайздросныя позіркі жанчын ёй нават адказаць хацелася — кароткім: «Купляйце беларускае!» Будзеце і вы вось так выглядаць!»

[caption id="attachment_92318" align="alignnone" width="400"]18-19 Фота Аляксандра ШАБЛЮКА.[/caption]

Аднак, на жаль, нядоўга яна фарсіла: прыехала на працу, зайшла ў ліфт, глянула на сябе ў вялікае люстэрка і ледзь не самлела: маланка на тых нагавічках па-здрадніцку «разышлася», яна (як потым аказалася) і не думала трымацца...

Нейкая замежная пакупніца (не вам казаць) тут жа панеслася б у краму, падняла б вялікі вэрхал, нават папрасіла б кампенсацыі за маральныя страты... Наша, тутэйшая, — цяжанька ўздыхнуўшы, з дапамогай манікюрных «кусачкаў» падціснула на той маланцы «сабачку» — і ўсё ў парадку. Адно шкада было — добрага настрою ды радасці ад пакупкі. Пра што прыяцелька, як чалавек дасведчаны, тут жа напісала вытворцам. Бо гэтага ж грэх цяпер не рабіць: ці не ў кожнага з іх — апроч паштовага адраса — ёсць сайт, заходзь, калі што — хвалі, крытыкуй, прапаноўвай... Гэта, заўважым, вельмі важна для ўсіх, хто стараецца нешта рабіць, і патрэбна, у тым ліку — рэдакцыі газеты.

«Чытачом «Звязды», яе шчаслівым падпісчыкам я з'яўляюся каля трыццаці гадоў, — піша настаўніца Навасёлкаўскай сярэдняй школы з Пастаўшчыны Таццяна Сарока. — Двойчы за гэты час выйгравала ў звяздоўскай латарэі. Адзін раз мне пашчасціла на прас, другі — на вялікі чырвоны парасон. Дзякую газеце за клопат, за прыемныя моманты ў маім жыцці. Але ж яны бываюць не толькі тады, калі нешта выйграеш. Іх перажываеш заўсёды, калі разгортваеш чарговы нумар газеты, калі чытаеш, нешта пазнаеш, бярэш сабе на заметку, а то і проста адпачываеш. Бо газета цікавая многім. Тым, па-першае, што яна на роднай мове, тым, што тут шмат цікавых рубрык, тым, што кожны выпуск рыхтуюць прафесіяналы. Пра падзеі на нашай Віцебшчыне піша Аляксандр Пушканскі, заўсёды чакаю і чытаю «Фотасловы» Яўгена Пясецкага. Некалі на свяце «Звіняць цымбалы і гармонік» мела шчасце пазнаёміцца з Анатолем Клешчуком. Ён вельмі шчыры чалавек, вельмі добразычлівы і вельмі цікавы ўсім, што робіць. Як, дарэчы, і іншыя звяздоўцы — Алена Ляўковіч, Валянціна Доўнар, Ларыса Цімошык, Святлана Яскевіч, Сяргей Расолька...

Думаю, за гэта і любяць людзі «Звязду». Шмат у ёй цікавага для моладзі, шмат — для сталых людзей (мая мама з цікавасцю яе чытае). Да таго ж газета мне патрэбна ў працы, у школе, на інфармацыйных гадзінах для вучняў. Нехта патрэбную інфармацыю шукае ў інтэрнэце, а я «зноў выбіраю «Звязду». Мне гэта бліжэйшае. Магчыма, праз мову, магчыма, праз тое, што і сапраўды «ўсіх тут ведаеш»? А магчыма, проста прывыкла?»

«Каторы год ужо пяць разоў на тыдзень, — чытаем у лісце спадара Леаніда Лебедзева з Оршы, — я спяшаюся на сустрэчу з «маёй «Звяздой». Чым яна прывабіла? Найперш — любоўю да чытачоў, тым, што яна, як блізкі чалавек, імкнецца прыйсці на дапамогу, нешта параіць у нялёгкіх жыццёвых абставінах. І людзі кіруюцца гэтымі парадамі, яны давяраюць газеце — часам самыя патаемныя думкі.

Вось таму і чакаеш кожны новы нумар, вось таму і чытаеш пра падзеі ў краіне і свеце, разам з журналістамі разважаеш над жыццёвымі нягодамі, над праблемамі, якія чакаюць пакуль свайго вырашэння.

Вельмі радуе, што газета заўсёды ў пошуку, што яна пастаянна адкрывае новыя рубрыкі і праекты, якія не могуць не зацікавіць, якія будзяць душу і дапамагаюць асэнсаваць сваю гісторыю, убачыць беларускасць у сваім штодзённым побыце. Здаецца, нічога асаблівага не піша Сяргей Расолька: расказвае пра тое, як некалі нарыхтоўвалі дровы, як калолі кабана, якая была мода. Але ж дзіва-дзіўнае: чытаеш — і прыходзіць душэўны спакой... Магчыма, таму што ў расповедзе пра такія простыя рэчы паказана прыгажосць душы беларуса, яго працавітасць і маральная ўстойлівасць, паказана нешта нябачнае, што яднала і трымала сям'ю тады і не заўсёды, на жаль, трымае цяпер.

З цікавасцю чакаю артыкулы Святланы Яскевіч, Алены Ляўковіч, Аляксандра Пукшанскага, Барыса Пракопчыка, тэматычныя старонкі «Жырандоля», «Глыбінка», «Сямейную газету»... І тады шчыра шкадую, што не ўсе чытаюць газету, не ўсе могуць адчуць прыгажосць нашай мовы і повязь пакаленняў...»

«Шчыра скажу, — піша спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў, — апошняя падпіска на «Звязду» ледзь не сарвалася. У мяне, як на тое ліха, скончыліся неабходныя лекі, у госці прыехала трое ўнукаў, а падпісацца ж хацелася адразу на квартал, каб мець надзею яшчэ і на прыз (бо адзін раз у звяздоўскай латарэі мы выйгралі сем трубак шпалераў, другі — кухонную машыну)... Так што прыйшлося падумаць і ўсё ўзважыць. Але ўрэшце, любоў да газеты ўзяла сваё: мы зноў падпісаліся — «выбралі «Звязду»...»

Як і (каторы ж раз з 1969 года?) спадар Леанід Красоўскі з Бярэзіншчыны, сужэнцы Валянціна і Аркадзь Грушко з Рэчыцы, Рыгор Скіндзер з Івацэвічшчыны, Аліна Пахвалённая і Сцяпан Ляшчэнка з Мінска і многія, многія іншыя, хто ў рэдакцыю напісаў пра гэта і не напісаў, але ў чарговы раз падпісаўся на «Звязду», хто даслаў альбо не даслаў картку на розыгрыш прызоў.

...Днямі ў сценах рэдакцыі ён адбыўся. Паводле правілаў, спачатку ў чароўны капялюш былі складзены ўсе карткі, дасланыя нашымі падпісчыкамі з Брэстчыны, потым — Віцебшчыны, Гомельшчыны, Гарадзеншчыны, Магілёўшчыны, Міншчыны і самой сталіцы.

Па адной, самай шчаслівай, з кожнай вобласці і горада Мінска выцягнулі нашы госці, таксама падпісчыкі «Звязды» Аліна Пахвалённая і Сцяпан Ляшчэнка (на здымку). Пасля гэтага быў разыграны суперпрыз. У выніку

падвесныя крэслы-гамакі CARІNA выйгралі:

Вікенцій Іванавіч Мароз (в. Даманава Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці);

Веньямін Іванавіч Хаціловіч (г. Глыбокае Віцебскай вобласці);

Алена Уладзіміраўна Крацік (г. Гомель);

Ніна Іванаўна Суран (в. Горная Рута Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці);

Зоя Іванаўна Самец (г. Клічаў Магілёўскай вобласці);

Валерый Міхайлавіч Трухноў (г. Мядзел Мінскай вобласці);

Уладзімір Віктаравіч Шулякоўскі (г. Мінск).

Суперпрыз — арэлі MELODY — выйграла

Эмілія Іванаўна Васілевіч, г. Мінск.

Віншуем шчасліўчыкаў! І, як заўсёды, трохі смуткуем — разам з тымі, хто спадзяваўся на выйгрыш, аднак...

Калі ласка, не засмучайцеся. Хаця б таму, што, прыз той не выйграўшы, вы нічога не прайгралі: падпісаліся, значыць, да вас цягам месяца, квартала ці паўгоддзя пяць разоў на тыдзень будзе прыходзіць ваша газета. Да таго ж не за гарамі новая падпіска, новы розыгрыш, новыя прызы. Магчыма, вашы?

А пакуль, у завяршэнне гэтага кароценькага агляду, радкі, якія раней даслаў у рэдакцыю спадар Георгій Шундрык з Дзятлава:

Газета на маім стале...

Заўжды — і летам, і зімою,

Як малады быў, як сталеў,

Не расставаўся са «Звяздою».

Сную падчас туды-сюды,

Майструю штось, перажываю...

Прысяду ж да сваёй «Звязды»

І з ёй душой адпачываю.

Так было? Няхай жа так і будзе!

Валянціна Доўнар

dounar@zviazda.by

P.S. Трэба дадаць, што на адрас рэдакцыі, ну вядома ж, прыходзяць не толькі лісты-кампліменты. У асобных ёсць справядлівая крытыка, ёсць слушныя прапановы і заўвагі, ёсць цікавыя падказкі і просьбы. Многія з іх, што называецца, «бяруцца на ўзбраенне», што, урэшце, адбіваецца як на змесце, так і на знешнім выглядзе газеты, якая без малога сто гадоў жыве жыццём сваёй краіны. Ці не так?

Тэлефон для даведак па пытаннях правядзення рэкламнай гульні і атрымання прызоў:

8 (017) 284 44 04

Афіцыйна: арганізатарам рэкламнай гульні «Са «Звяздою» — лета ў радасць!» з'яўляецца рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Выдавецкі дом «Звязда» (УНП 100155376), размешчаная па адрасе: 220013, г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10а.

Рэкламная гульня «Са «Звяздою» — лета ў радасць!» зарэгістравана Міністэрствам гандлю Рэспублікі Беларусь 25.05.2015 (пасведчанне № 2568) і праводзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з 1 чэрвеня па 30 верасня 2015 года ўключна сярод падпісчыкаў газеты «Звязда» трэцяга квартала або другога паўгоддзя 2015 года.

Усяго ў гульні ўзялі ўдзел 213 падпісчыкаў.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.