Вы тут

Піцер: цяжкі горад з лёгкім паветрам


Прывід «кахання» шпацыруе па асфальце і сценах.

Як яшчэ мог сустрэць беларуса Піцер у чэрвені? Зразумела, 14 градусамі цяпла. Хаця потым надвор'е і выправілася — да 26 даходзіла. Азмрочвалі ўсё толькі дажджы. Праўда, на іх, як і на вецер, у Паўночнай сталіцы Расіі не зважаеш — гэта неад'емная частка культуры, ландшафту і архітэктуры. Не мокры і не пранізліва ветраны Піцер будзе ўжо не тым горадам, які так прыцягвае вельмі многіх. Толькі тут можна літаральна згараць на сонцы, а потым лавіць дрыжыкі, калі зойдзеш у цень. І ўсё роўна прыемна. Вольна. Нягледзячы на тое, што горад (асабліва гістарычная частка) вельмі шчыльны. Тут няма мінскага прастору, але вольнасці больш. Можа быць, зноў праз гэты ўсеабдымны вецер, які не дае зашорвацца думкам і адначасова падштурхоўвае да роздумаў. І часта філасофскіх. Аднак гэта, напэўна, як у каго. Ці падабаецца мне гэты горад улетку? Вядома. Ён мне заўсёды падабаецца. Улетку проста больш цёпла.

18-15

Белыя ночы — спі колькі хочаш!

На выхадзе з вакзала вандроўніка сустракаюць дзяўчаты. У сэнсе рэклама кшталту «Каханне», «Адпачынак», «Прыгажуні» і да таго падобнае. Ляжаць «прыгажуні» з нумарамі тэлефонаў наўпрост пад нагамі, на асфальце. Не ведаю, ці тое гэта, пра што можна падумаць, аднак, гледзячы на колькасць і разнастайнасць падобных аб'яў, разумееш: бізнес квітнее, і ніхто на гэта не звяртае ўвагі. Быў пару гадоў таму ў Маскве і такога не бачыў. Відаць, гэта фішка менавіта піцерская.

Калі асабліва не глядзець пад ногі, а больш па баках, то Піцер усё той жа, як і раней. Такі ж незразумелы і новы ў кожны прыезд. Напрыклад, сёлета я ўцяміў яшчэ адзін факт пра гэты горад. Ён каменны і жалезны. Раней я зважаў на прыгажосць архітэктуры і «мора» вады. І толькі ў гэты раз заўважыў, колькі ж тут розных чыгунных агароджаў, гранітных набярэжных. Няма, напэўна, ніводнага іншага такога «цяжкага» горада.

А вось белыя ночы засталіся тымі ж. Адна толькі думка — спі колькі хочаш! А дакладней, калі можаш. Паспрабуй заснуць, калі а першай гадзіне ночы светла, амаль як удзень. І фіранкі ніякія не дапамагаюць.

Ёсць яшчэ некалькі змен у грамадстве. І палітычных, і эканамічных. Адносна першага — надта перажываюць за падзеі ва Украіне. Другое выражаецца ў вялікай колькасці рэкламы прававых арганізацый, якія дапамагаюць змагацца з крэдыторамі, калектарамі. Бачна, што для Расіі гэта ўсё — вялікая праблема. Пра закрэдытаванасць яе насельніцтва гаварылі ўжо даўно.

«Пунсовыя ветразі» па замове

Прайшоўся па беразе Нявы, потым звярнуў на Неўскі праспект. А ён часткова перакрыты з прычыны «Пунсовых ветразяў» — традыцыйнага піцерскага свята для выпускнікоў школ. Наўпрост пасярод праспекта сядзеў музыка і граў на элекрагітары. Ён жа спяваў песні Віктара Цоя, Наўцілуса Пампіліуса, Бі-2 і іншых. Сабраўся натоўп. Я таксама спыніўся. З вялікім задавальненнем паслухаў. І падумаў, што Мінску не хапае пешаходнай вуліцы, якую зноў прыбралі. Людзям няма дзе разняволіцца, а іншым — паказаць сябе.

Тым часам я не ведаю, ці траплю на «Пунсовыя ветразі», бо квітка ў мяне няма, а навокал усё перакрыта. Трэба шукаць падыходы да Нявы. Кепска, вядома, што адным — свята, а іншым — нязручнасці. Так заўсёды здараецца. Хаця мне падалося, што піцерцы не надта засмуціліся. Яны радуюцца за выпускнікоў і разам з імі. Тут адчуваюць, што яны ў сваім горадзе і проста весяляцца. Няма нашай нейкай заклапочанасці. У піцерцаў таксама хапае праблем, але яны з гэтага не робяць трагедыі.

[caption id="attachment_92328" align="alignnone" width="600"]«Пун­со­выя вет­ра­зі» вы­гля­да­юць  са­праў­ды ка­зач­на. «Пун­со­выя вет­ра­зі» вы­гля­да­юць
са­праў­ды ка­зач­на.[/caption]

Дарэчы, гісторыя сучасных «Пунсовых ветразяў» пачалася ў 2005 годзе — праз 25 гадоў пасля перапынку. Для савецкіх школьнікаў з 1968 па 1979 праплывалі трохі іншыя «ветразі». Тады галоўным сімвалам рамантычнай ночы была шхуна «Ленінград». Таксама па Няве праходзіў галеён «Сакрэт», на якім быў намаляваны велізарны молат, на наступным за ім судне быў серп, а замыкаў шэсце карабель «Атам», прысвечаны навуцы. Суправаджала свята музыка Дунаеўскага і феерверк. У 1980 годзе кіраўнік Ленінградскага абкама КПСС Рыгор Раманаў забараніў мерапрыемства, палічыўшы вялікі натоўп моладзі небяспечным. Добра, што ўсё ж такі традыцыю аднавілі, бо гэта відовішча, якое варта ўбачыць. Сапраўдны паруснік, які ідзе па Няве, уражвае і захапляе.

Пра сляпога слесара

Вядома, што быць у Піцеры і не схадзіць хаця б у адзін музей ці тэатр — гэта марнаванне часу. Цяпер я выпадкова трапіў на дабрачынны спектакль «Датыкальныя». Гэта быў адзін з прэм'ерных паказаў. Увогуле, праект цікавы і незвычайны. Гэта першая пастаноўка ў свеце, у якой адначасова задзейнічаны і слепаглухія, і тыя акцёры, якія і бачаць, і чуюць. Створаны спектакль дзякуючы супрацоўніцтву Фонду падтрымкі слепаглухіх «Су-яднанне» і Тэатра Нацый. Па словах рэжысёра Руслана Малікава, пастаноўка пра тое, што трэба дакранацца, трэба сустракацца светам слепаглухіх і тых, якія бачаць і чуюць, і з дзяцінства чалавек павінен разумець і прымаць, што ёсць розныя людзі і розныя праблемы.

[caption id="attachment_92329" align="alignnone" width="600"]У Пі­це­ры без­ліч агароджаў і мас­тоў — ад прос­цень­кіх да вы­чур­ных. У Пі­це­ры без­ліч агароджаў і мас­тоў — ад прос­цень­кіх да вы­чур­ных.[/caption]

Ідэя па-геніяльнаму простая — у аснову пакладзены гісторыі рэальных людзей, якія разам з акцёрамі знаходзяцца на сцэне. Апошнія расказваюць нейкі асобны лёс і да самага канца вы не ведаеце, хто з сапраўдных людзей гаспадар гэтага лёсу. Аднак факты ўражваюць: адзін глухі і сляпы стаў скульптарам, другі — слесарам, трэцяя — паэткай. І акцёры з метадычнай прастатой разважаюць аб тым, як кожны з герояў губляў слых, потым зрок. Як яны едуць на працу, ведаючы кожны крок, які павінны зрабіць, і як ніхто нават не заўважае, што побач сляпы. А ці ведаеце вы, як ім было цяжка, калі ад іх адвярнуліся сваякі? І як цяжка глухому хадзіць, бо пастаянны шум у галаве пры страце слыху правакуе галавакружэнне і парушэнне каардынацыі ў прасторы? Менавіта таму часта такія людзі ходзяць няроўна, быццам п'яныя... Але яны знайшлі і сяброў, і каханых.

Калі будзеце ў Паўночнай сталіцы Расіі, калі ласка, завітайце на гэты спектакль. Ён многаму навучыць.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Фота аўтара

kuletskі@zvіazda.by

Мінск — Санкт-Пецярбург — Мінск

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».