Вы тут

Адносны кот (паводле Энштэйна)


Немагчымае магчыма: калі каты плаваюць, то чаму людзі не лятаюць, як птушкі?

Ох ужо гэтае сучаснае мастацтва, чаго толькі не зробіць з людзьмі і істотамі. І так, і гэтак, і ўсё паставіць з ног на галаву, што ты потым будзеш хадзіць, напружваць мозг і думаць: «Можа, так і трэба?» Ну, каб трошкі жыццё ўзварухнуць і расквеціць. Вось каб яно падавалася такім мастацкім творам, дзе кожны няправільны альбо нелагічны рух — яшчэ адна фарба на палітры лёсу. І калі сапраўды лінію лёсу нельга змяніць, то замаляваць яе на далоні яркім чырвоным, нечаканым зялёным альбо дакладным чорным з элементамі (так і быць) звычайнага сіняга чарніла — чаму не?

[caption id="attachment_92339" align="alignnone" width="500"]Кот у аква­ры­у­ме. Кот у аква­ры­у­ме.[/caption]

Расквеціць звычайнае і паставіць яго ў незвычайныя ўмовы ўзяўся мастак з Брэста Уладзіслаў Куфко. Яго можна палічыць чалавекам дзіўным (калі не сказаць больш рэзка): гэта ж трэба, загнаў ката ў акварыум. Не, не ў рэале ўсё ж, а ва ўяўленні. Таму што «Кот у акварыуме» — гэта назва яго персанальнай выставы, якая працуе ў вялікай зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва. Але яна з шэрагу тых, дзе адразу трэба быць гатовым да таго, каб ката знайсці і ўбачыць і ў думках упісаць яго ў акварыум, калі падасца, што аўтар гэта выявіў неяк недакладна.

Ну, недакладна. Дакладна ж ніхто не будзе катаваць ката, садзіць яго ў акварыум, а потым пісаць «з натуры». Усё не так літаральна. Але калі ўявіць, што акварыум — гэта трошкі шырэйшае, чым акварыум з рыбкамі, гэта нібыта пакой, а вадкасць — паветра (эфір), які яго запаўняе, то зразумела, што з катом нічога дрэннага не здарыцца. Ці яшчэ гэта можа быць выйсце ў нейкі паралельны свет, дзе кот спачатку дэматэрыялізуецца, каб потым матэрыялізавацца ў іншым свеце і зажыць абсалютна іншым жыццём. Можна пайсці далей, як прапануюць арганізатары выставы: «Кот у Акварыуме — гэта праграміруемая матэрыя, якая можа змяняць свае фізічныя ўласцівасці? І потым, можа быць, што гэты «Кот» зусім і не кот? А «Акварыум» быццам бы і не акварыум, а толькі ўяўленне пра яго, ілюзія?»

[caption id="attachment_92337" align="alignnone" width="400"]Па­лёт Мар­га­ры­ты. Па­лёт Мар­га­ры­ты.[/caption]

Вось усё і становіцца на свае месцы: і мастак ужо не такі сапсаваны чалавек, а чараўнік, які распараджаецца рэчамі, нібыта толькі ад яго залежыць іх існаванне. У рамках выставы так яно і ёсць. Ён стварыў і прапанаваў аснову для далейшага развіцця гэтых рэчаў. Натуральна, што ў выявах (карцінах) нічога не зменіцца, але можа змяніцца ў галаве людзей, якія на гэта глядзяць. Яны могуць пачаць фантазіраваць. Яны ўключаць сваё трэцяе вока — і ўбачаць паралельны свет, зразумеюць, што ўсё наогул вельмі адносна. Тут вам адначасова згадка і пра Альберта Энштэйна, яго «джазавы партрэт», як кірунак, у якім трэба мысліць (вось толькі паспрабуйце там разгледзець самога Энштэйна!). Тут вам і парушэнне законаў гравітацыі — з магчымасцю палётаў для Маргарыты (колькі спакусы ў гэтым учынку). І Русалкі на ветках сядзяць (і не толькі на ветках, таму асабліва небяспечныя). Карацей, усё, што мы лічылі трызненнямі асабліва таленавітых людзей, раптам можа акрэсліцца і нават зацягнуць у нейкія іншыя сусветы. Усё залежыць ад таго, што ўзяць за кропку апоры. І ў чым пабачыць паралельнасць існавання, а мастак Куфко нібыта падказвае, шукае паралелі і падабенствы паміж рэчамі і з'явамі абсалютна процілеглымі. У яго творах жывуць парадоксы, і ён іх не баіцца. Ён іх уключае ў свае сэнсавыя загадкі, выяўленыя і расквечаныя фарбамі.

[caption id="attachment_92336" align="alignnone" width="600"]Ула­дзі­слаў Куфко. Ула­дзі­слаў Куфко.[/caption]

Дзіўна для мастака, які жыве ў сваім родным Брэсце. Пры гэтым выстаўляўся за межамі Беларусі — у Галандыі, Германіі, Польшчы. У 1987 годзе Уладзіслаў Куфко атрымаў сярэбраны медаль на выставе «Маладыя мастакі» ў Маскве. Быў адзначаны як «Чалавек года ў галіне выяўленчага мастацтва» Беларускім фондам культуры ў 2000 годзе. А ў юбілейным, 2005, годзе ўзнагароджаны медалём Беларускага саюза мастакоў. Натуральна, лепшая ўзнагарода для мастака — цікавасць да яго прац. А яна ёсць: з боку музеяў і прыватных калекцыянераў. Хочацца, відаць, у паралельную прастору.

Ларыса ЦІМОШЫК

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.