Вы тут

Свабода для творцаў


Летам па суботах культура выходзіць на плошчу.

Месца сустрэч — плошча Свабоды: апоўдні тут збіраюцца творчыя асобы, каб паказваць тое, што ўмеюць, кантактаваць, размаўляць, забаўляць і далучаць да інтэрактыву тых, хто ў сталіцы жыве альбо прыехаў у Мінск на вакацыі ці як турыст. Гэта расцягнутыя фактычна на ўвесь дзень «тусоўкі» для цікаўных і неабыякавых, каму надакучыла сядзець дома. І навошта, калі можна ў адным месцы паглядзець розныя тэатралізаваныя паказы, рыцарскія баі, пабачыць «жывыя скульптуры», паслухаць «жывых» музыкаў?

Кожны раз ёсць магчымасць пабачыць нешта новае. Нават тыя ж тэатралізаваныя паказы прадуманы па розных тэмах ад самой беларускай старажытнасці і шляху «З варагаў у грэкі», Полацкага княства да гісторыі Магдэбургскага права (натуральна для падзей ля Ратушы), расповед пра князя Вітаўта і іншых уладароў Вялікага Княства Літоўскага. І іншыя перыяды таксама знойдуць адлюстраванне: ХІХ стагоддзе дапаможа раскрыць губернскі баль. ХХ — нагадае пра самыя драматычныя падзеі, звязаныя з дзвюма войнамі, якія пракаціліся па тэрыторыі нашай краіны. Глядзець і разумець — адна справа. Але чым добры такі адпачынак, дык магчымасцю нешта асвоіць самому. Можна паспрабаваць заняцца кавальскай справай. Ці навучыцца страляць з лука. Ці тыя ж танцы сярэднявечныя асвоіць — чаму не? Ды і сучасныя патанчыць разам з сябрамі. Ці майстры пластычных перформансаў могуць здзівіць мудрагелістымі думкамі, якія перадаюцца праз рухі. Сваю справу будуць рабіць і вулічныя акцёры, для якіх гэты час — самы чаканы: з эксперыментальных тэатраў «Te=(art)», «EYE», тэатра ўзаемадзеяння «Мусташ», вулічных тэатраў «Вір», «Тэатр з гарышча» і іншых. І музыкі могуць сабраць вакол сябе публіку. Тым больш, што літаральна на вуліцы можна часам пачуць тых, чые песні потым будуць гучаць на радыё ці ў тэлеэфіры. У фестывалі вулічнай музыкі сёлета заяўлены такія ўдзельнікі, як гурты «Юлані», «Street Band», «Танга Чашырскага ката», інструментальны ансамбль «ARS LONGA» і іншыя.

Няпраўда, што летам культурнае жыццё з горада сыходзіць. Сталічная плошча Свабоды — месца сустрэч для тых, хто замест адпачынку ля вады ці на градках аддае перавагу жывым зносінам і актыўнаму далучэнню да творчасці. Часам — спантаннай, нястрыманай, вольнай. Тое, што стала сімвалам еўрапейскіх гарадоў, — напоўненыя крэатывам і жывой энергіяй вуліцы — Мінск асвойвае пакрысе. Але не адмаўляецца ад самой ідэі ажывіць гарадскую прастору ў летні час.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.