Вы тут

«Славянскі базар» — пляцоўка міжнароднага культурнага ўзаемадзеяння


Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» сёлета ў чарговы раз збіраў прыхільнікаў песеннага, тэатральнага, выяўленчага мастацтва. Праходзілі тэатральныя паказы, кірмашы народных рамёстваў, канцэрты шматлікіх артыстаў і калектываў, сустрэчы ў фармальных і нефармальных умовах. Але менавіта сёлета найбольш яскрава выявілася аб'яднаўчая, міратворчая сутнасць форуму. Пра гэта вельмі вобразна гаварыў і Прэзідэнт краіны падчас цырымоніі закрыцця фестывалю. «Славянскі базар» ужо даўно выйшаў за межы проста музычнага конкурсу, наша краіна ўпэўнена заяўляе аб сабе як цэнтр не толькі палітычнага, але і культурнага міжнароднага дыялогу», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

[caption id="attachment_92382" align="alignnone" width="600"]Фо­та Вік­та­ра НІ­КА­ЛА­Е­ВА. Фо­та Вік­та­ра НІ­КА­ЛА­Е­ВА.[/caption]

Як пацверджанне рознабаковага развіцця такога дыялогу сёлета ў рамках «Славянскага базару» пад эгідай Міністэрства інфармацыі прайшоў круглы стол «Культура і мастацтва як крыніца развіцця духоўна-маральных каштоўнасцей. Роля СМІ ў фарміраванні агульнай культурнай прасторы славянскіх народаў». Хто сёння фарміруе грамадскую думку і свядомасць? Як гэта адбываецца ў фармаце славянскага адзінства, светапогляду? На гэтыя і іншыя пытанні падчас круглага стала шукалі адказы міністр інфармацыі Лілія Ананіч, першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга, старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька, дырэктар — галоўны рэдактар РВУ «Выдавецкі дом «Звязда» Алесь Карлюкевіч, галоўны прадзюсар Нацыянальнай тэлекампаніі Украіны Уладзіслаў Багінскі, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Валерый Анісенка, член прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Навумовіч, загадчыца кафедры мастацтва эстрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Ірына Дарафеева, старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Краснова-Гусачэнка, генеральны дырэктар інфармацыйнага агенцтва ІnterMedіa Яўген Сафронаў. Да размовы далучаліся і прысутныя журналісты.

Лілія Ананіч:

18-31

— «Культура і мастацтва як крыніца развіцця духоўна-маральных каштоўнасцей. Роля СМІ ў фарміраванні агульнай культурнай прасторы славянскіх народаў» — гэтую глыбокую тэму мы задумвалі як акцэнт усяго фестывалю. Бо, калі на старонках газет, у эфіры радыё і тэлебачання ўлягуцца першыя ўражанні ад прыгожых песень і прэм'ер, ад новых творчых знаёмстваў, у журналістаў пачнецца асэнсаванне таго, што з'явілася новага на такім міжнародным праекце, які сёлета сабраў больш за сорак краін.

На адкрыцці наш Прэзідэнт, звяртаючыся да ўдзельнікаў фестывалю, сказаў пра тое, што Беларусь па праве стала пляцоўкай мірных ініцыятыў, правадніком ідэй міру і супрацоўніцтва. І вельмі хацелася б, каб у фармаце такіх вось творчых сустрэч мы збіраліся штогод і каб у журналістаў была магчымасць прыязджаць у нашу краіну тады, калі ў гэтым ёсць творчая неабходнасць. А мы, Міністэрства інфармацыі, гатовы дапамагаць у арганізацыі такіх творчых дэбатаў і не толькі па тэме культуры, але і па ўсіх тэмах, якія сёння цікавяць СМІ. Мы шмат робім для таго, каб слова «мір» было не пустым гукам. На пачатку лютага, калі ў Мінску вялікія палітыкі фактычна вырашалі лёс свету, побач з Палацам Незалежнасці праходзіла міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш. На ёй прэзентаваўся новы праект — форум літаратараў «Пісьменнік і час», і там творчыя людзі таксама гаварылі аб міры, аб неабходнасці, аб абавязку яго захаваць. У гэтым ёсць вялікі сэнс, таму што сёння слова пісьменніка, журналіста як ніколі павінна кансалідаваць чытача, гледача для пошуку глыбокіх думак і слоў, якія пачуюць народы і краіны. Таму і на форумах, падобных да «Славянскага базару», галоўнымі гасцямі нароўні з дзеячамі мастацтва хочацца бачыць менавіта журналістаў, бо яны нясуць чытачу тое, што бачаць на свае вочы. Калі мы дадзім ім глебу для разважанняў і самае галоўнае — магчымасць сказаць нам, што яшчэ ім хацелася б бачыць на палях гэтага фестывалю, — СМІ эфектыўна выканаюць сваю місію служэння міру і ўзаемапаразуменню...

Алесь Карлюкевіч:

18-25

— Каб выканаць гэтую місію, трэба адказаць на надзвычай важнае пытанне: што сёння з'яўляецца галоўнай зброяй у сцвярджэнні сусветных духоўных і культурных каштоўнасцей? Ці можна назваць такой зброяй славянскую культуру?

Генадзь Давыдзька:

18-32

— Справа ў тым, што тут трэба разумець месца песеннай і духоўнай культуры. Калі вы маеце на ўвазе культуру аўтэнтычную, то, безумоўна, гэтага мала. Але ж у Віцебску падчас фестывалю праходзіць не толькі конкурс эстраднай песні — Віцебск стаў цэнтрам многіх мастацтваў, што дапамагае разумець сваё месца на агульнай прасторы культурнай супольнасці.

Алесь Карлюкевіч:

— І поле «Славянскага базару», і тэма нашай размовы значна шырэйшыя, чым славянскае адзінства, славянская культура, асабліва ў разуменні нейкіх аўтэнтычных момантаў і асноў. Сёння свет цікавы, калі ён спакойны, калі не адбываецца ніякіх войнаў. І тое, што Мінск, Беларусь — міратворчая пляцоўка, можна назваць нашым беларускім, славянскім праектам. Той факт, што «Славянскі базар» сёння прымае гасцей з розных краін і выканаўцаў самых розных народаў, мае большае значэнне, чым размова пра аўтэнтычнасць славянскіх культур. Культура — самы галоўны падмурак духоўнасці і маральнасці ў развіцці чалавека. Калі яна (няважна, у якім складніку — эстрада, літаратура, аўтэнтычная культура, тэатр), што ствараецца ў імя прыярытэтаў духоўнага і маральнага развіцця, не будзе ўдзельнікам сацыяльных працэсаў, калі яна не будзе асновай руху наперад, то тады і грамадства прыйдзе да заняпаду. Можа, у гэтым ключы нам варта разумець і нашу асаблівасць, прыналежнасць да славянскага свету і да яго духоўнага стварэння.

Генадзь Давыдзька:

— Я згодны з вашымі разважаннямі. Дадам, на фоне ўсіх глабальных палітычных падзей, не кожная дзяржава можа дазволіць сабе фестываль такога ўзроўню, як «Славянскі базар». А тая рэкордная колькасць краін — удзельніц сёлетняга форуму сведчыць пра тое, што ў такія няпростыя часы, у непакоі за будучыню, за бяспеку людзям хочацца зблізіцца, паслухаць, як б'ецца сэрца сябра, супакоіцца. Таму ў Беларусі сёння імідж мяккай, добрай маці, якая запрашае: прыязджайце, пагаворым, паспяваем песні. Больш за тое, калі 24 гады таму фестываль наш выглядаў так, нібы ў маленькі горад заехалі вялікія грузавікі, нагазавалі, каля чыстага возера пакідалі смецце і з'ехалі, а Віцебск доўга ачомваўся, то зараз горад вырас — і эканамічна, і архітэктурна — і цяпер ужо мы бачым не маленькага чалавечка ў вялікім паліто, а маем брыльянт у годнай аправе. І калі раней многія артысты рабілі як бы ласку, прыязджаючы сюды, то сёння пабываць на фестывалі для іх гонар. Не атрымаўшы запрашэнне на «Славянскі базар», артыст думае: «Можа, я не ў рэйтынгу?»

Ірына Дрыга:

18-38

— «Славянскі базар» — мерапрыемства не толькі і не столькі забаўляльнае, колькі грамадска-культурнае, дзе павінны адбывацца сустрэчы, канферэнцыі, кантакты фармальныя і нефармальныя прадстаўнікоў культуры розных краін, якія спрыялі б рэалізацыі фестывалю праз мастацтва, культуру, умацаванню міру і ўзаемаразумення. Культура і мастацтва як крыніца развіцця духоўнай маральнасці вельмі падыходзіць «Славянскаму базару», дзе прадстаўлены розныя віды мастацтваў і адсутнічае такое паняцце, як «фармат», яно тут замяняецца іншымі — «майстэрства», «прафесіяналізм». Кожны мае магчымасць праявіць сябе на канцэртах, тэатральных праграмах, на кірмашах. Галоўнае — каб людзі былі таленавітыя і іх творчасць насіла духоўны, гуманістычны характар. Усё негатыўнае і дэструктыўнае на «Славянскім базары» не прыжываецца. Яшчэ хацелася б, каб СМІ больш звярталі ўвагу на тое, што наш фестываль скіраваны на паказ культурнай разнастайнасці і культурнай самабытнасці розных народаў. Тое, што славянская культура ўсёабдымная і аб'ядноўвае, злучае розныя традыцыі, таксама падкрэсліваецца на фестывалі. Колькасць краін-удзельніц расце, значыць, змест фестывалю выклікае цікавасць у свеце. Таму хацелася б папрасіць СМІ не абмяжоўвацца рэпартажамі і здымкамі з месцаў падзей, інтэрв'ю з зоркамі, але і звяртаць увагу на глыбінную сутнасць, на духоўны складнік «Славянскага базару» як фестывалю, грамадска-культурнага мерапрыемства, якое аб'ядноўвае не толькі славянскія, але і ўсе народы.

Яўген Сафронаў:

18-26

— Вельмі добра сказала Ірына Уладзіміраўна пра ролю, якую адыгрывае «Славянскі базар», і я гэтую тэму нават трохі пашырыў бы. Такі фестываль — асаблівая з'ява на ўсёй постсавецкай прасторы. Тут трэба разумець адну важную рэч — гэта мерапрыемства пад эгідай дзяржавы. Значыць, дзяржава лічыць неабходным ім займацца. Мы разумеем, што стабільнае развіццё любой краіны магчыма толькі пры наяўнасці трох эфектыўна працуючых інстытутаў — СМІ, масавай адукацыі і масавага, у першую чаргу відовішчнага, мастацтва. Правядзенне «Славянскага базару» на такім высокім узроўні — гэта сведчанне таго, як у Беларусі гэтыя інстытуты працуюць і ўзаемадзейнічаюць. Неэфектыўнасць любога з іх нясе пагрозу для дзяржавы не менш сур'ёзную, чым неэфектыўнасць, напрыклад, арміі або міліцыі. Значыць, імі трэба кіраваць. А як? Усё часта зводзіцца да аднаго выбару: ісці за сучаснасцю ці прытуліцца да вытокаў. Але ўсё не так проста. Масмедыя, якія цяпер называюць чацвёртай уладай, рэзка павысілі сваю значнасць. Трэба разумець, што гэта наймагутнейшая зброя. Уплыў новых медыя павялічваецца з кожным днём — гэта заканамерны працэс, але нават развітыя краіны да гэтага не гатовы. Усе хацелі б, каб улада масмедыя выкарыстоўвалася з мэтамі гуманізму і прагрэсу, але мы ведаем, што гэта не так. Зрэшты, справа ў людзях, а не ў словах. Менавіта таму мы абавязаны такое сур'ёзнае мерапрыемства, як «Славянскі базар», зрабіць і данесці да максімальнай колькасці людзей. Калі тое, што адбываецца сёння на фестывалі, добра падаць, то гэта будзе цалкам рэйтынгавы прадукт, які працуе на ідэі міру і паразумення.

Таццяна Мартынава (журналіст):

18-29

— Вы сказалі «добра падаць»... Мы гаворым пра ўзаемаразуменне, а з боку расійскіх тэлевізійнікаў яно цалкам адсутнічае. Вазьміце фестывальную праграму гэтага года, там каля ста мерапрыемстваў, і параўнайце з тым, што будзе паказана на расійскіх тэлеканалах. Сёння яны перадаюць усё са спазненнем на дзень. І канцэрт працягласцю ў тры гадзіны ў іх доўжыцца паўтары гадзіны, пры гэтым хвілін дваццаць — рэклама. Чаму такое стаўленне? Значыць, можа, трэба нават і на ўзроўні Саюзнай дзяржавы гэтае пытанне паставіць і вырашыць. Бо ўсе расіяне, якія ні разу не бывалі на «Славянскім базары», упэўнены, быццам тут толькі танцуюць і спяваюць. Але ж ёсць і вялікая тэатральная праграма, выставы выяўленчага мастацтва, культурныя дыялогі... А ў людзей уражанне, быццам высаджваецца дэсант расійскіх артыстаў, іх паказваюць па расійскім тэлебачанні. І на гэтым усё заканчваецца.

Лілія Ананіч:

— Я не магу не адгукнуцца на гэтую заўвагу, таму што мы такім чынам збядняем не толькі расійскага гледача, але і беларускага, бо ў нас тэлебачанне з Расіі ідзе ў кожным доме і, вядома, мы глядзім, як асвятляюцца тыя ці іншыя падзеі, з'явы. Думаю, мы таксама не бачым тых вялікіх праектаў, іх глыбіні, якія праходзяць у Расійскай Федэрацыі. Сёння нашы краіны як ніколі, напэўна, блізкія, і СМІ павінны адчуваць гэты камертон грамадскіх настрояў, грамадскіх меркаванняў.

Уладзіслаў Багінскі:

18-28

— Што тычыцца нашай краіны, то апошнія тры гады ўкраінскія гледачы наогул не бачаць, што адбываецца на «Славянскім базары», хаця ў свой час ён даваў высокія рэйтынгі і назіраўся інтарэс аўдыторыі. Мы не паказваем нічога. І сёння я тут з мэтай знайсці ўпушчанае, вярнуць яго, зрабіць усё магчымае, каб людзі ва Украіне былі далучаны да гэтай падзеі, якая, як мы тут гаворым, значная не толькі ў культурным плане.

Валерый Анісенка:

18-33

— Думаю, адзін з цікавых складнікаў, якімі валодае фестываль, — тэатральныя старонкі — асвятляецца не найлепшым чынам. Напрыклад, летась тэатр Якуба Коласа паказаў начны спектакль «Макбет» на пленэры. Той, хто быў і бачыў яго, згадзіліся, што гэта была адна з найбольш яркіх падзей. Увогуле, ідэя з тэатрам на дварэ — яна светлая і незацяганая... Думаю, можна было б у фестывальныя дні «прапісаць» тэатр на пленэры і далучыць сюды фестывальную афішу. Гэта было б цікава.

Алесь Карлюкевіч:

— Усе мы аднадушныя ў тым, што хочам больш эфіру, больш газетных палос і ўвагі. А гэта яшчэ залежыць і ад шматлікіх складнікаў, ад садружнасці, партнёрства, якое выяўляецца ў падрыхтоўчым працэсе. Нам хацелася б, каб было як раней, калі мы былі ўсе разам, жылі ў адной краіне, калі нават лішні раз не трэба было казаць пра славянскае адзінства. А сёння, калі ў нашых незалежных краінах розныя ўклады, адносіны да соцыуму, гэта, напэўна, уплывае на стасункі і ў культуры. Таму так і адбываецца ў асвятленні таго ж фестывалю: камусьці не заплацілі, іншыя атрымалі мала, хтосьці палічыў, што гэта не ўкладваецца ў яго прыярытэты. Але ж ёсць дзеячы культуры, напрыклад пісьменнікі, якія могуць дапамагчы нам змяніць нешта, паўплываць на грамадства, аднавіць тыя сувязі, прыстасаваўшы іх да сучаснасці...

Уладзімір Навумовіч:

18-27

— Кажучы вобразна, раней маці, калыхаючы малое, спявала песню, а яшчэ адначасова прала кудзелю. Нітка навівалася на верацяно, а матчына песня навівалася на сэрца сына ці дачкі. З таго часу кожны з нас размотвае нітку матчынай песні са свайго сэрца, баючыся яе парваць. Але пісьменнік сёння павінен не толькі апекаваць захаванне спадчыны, але і бачыць тое, што адбываецца ў краіне, у сучасным грамадстве, бачыць і даносіць гэта да людзей. Можна сказаць, што наша літаратура грунтуецца сёння на духоўнай аснове, яна існуе як скарбніца і крыніца маральнага імператыву...

Тамара Краснова-Гусачэнка:

18-30

— Адштурхоўваючыся ад тэмы нашага круглага стала, хачу сказаць, што паэзія ёсць душа мастацтва. І менавіта яна тая сіла, якая дапамагае фарміраваць развітога чалавека. Нам сёння трэба пісаць творы, здольныя выхоўваць асобу, якая будзе моцна стаяць на нагах і будзе пераканана, што не ўсё прадаецца і купляецца, якая ўмее адчуваць і суперажываць. Бо можна глядзець і слухаць, але не бачыць і не чуць. Бо справа не толькі ў тым, колькі і што нам паказваюць, а як мы ўмеем гэта ўспрымаць.

Ірына Дарафеева:

18-24

— І ўсё ж вельмі важна, каб аб нашым фестывалі чулі, ведалі як мага больш, каб ён працягваў жыць. У гэтым могуць дапамагчы і пісьменнікі, выступаючы ў СМІ. А СМІ, журналісты павінны не толькі асвятляць, але і папулярызаваць гэтае мерапрыемства. Хацелася б, каб акцэнт рабіўся на асобах, таму што на таленты багатая наша беларуская зямля. Павінны быць прадстаўлены і паэты, і кампазітары, і артысты. На фестывалі, дзе ўсё мастацтва паказана праз яркіх асоб, было б выдатна, калі б вы часцей звярталіся да гэтых імён, а мы маглі б пра іх больш даведацца, пачуць іх думкі, погляды на жыццё, на падзеі, што адбываюцца ў свеце. У фарміраванні грамадскай думкі гэта таксама важна.

Лілія Ананіч:

— У інфармацыйнай прасторы сёння адбываюцца працэсы, якія вызначаюць парадак дня жыцця грамадства ўвогуле. І сфера культуры самая спрыяльная пляцоўка для таго, каб гэтыя працэсы збліжалі краіны, людзей і народы. На «Славянскі базар» прыязджае маладое пакаленне артыстаў, якія заўтра будуць мэтрамі. І тое, што яны набываць тут, для кагосьці стане маральным прынцыпам, стрыжнем творчай асобы і чалавека... Сёння неабходна шукаць творчыя, культурныя масты паміж краінамі, і роля СМІ, журналістаў тут вельмі важная. Думаю, мы з Міністэрствам культуры будзем садзейнічаць такім творчым дэсантам у Беларусь, не толькі на буйныя мерапрыемствы кшталту «Славянскага базару», але і дзеля знаёмства з нашай гістарычнай спадчынай, з самымі рознымі нашымі праектамі, якія сёння рэалізуюцца ў сферы культуры. Каб нашы калегі данеслі сваім аўдыторыям ідэі яднання і міру — тое галоўнае, што ім захочацца пакінуць і ў нататніку «Славянскага базару».

Запісала Алена ДРАПКО

drapko@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.