Вы тут

«Сад натхненняў» у Барбарычах


Сяргей і Наталля Арлоўскія ствараюць інтэрактыўны біёлага-экалагічны парк.

Гэты праект цяпер ажыццяўляецца ў вёсцы Барбарычы Гродзенскага раёна дзякуючы энтузіязму ўжо былых гараджан Сяргея і Наталлі Арлоўскіх пры падтрымцы праекта USAІD/ПРААН «Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё». На калісьці неперспектыўных калгасных землях створаны... падземны сад, атрымалі прапіску розныя дрэвы, пладова-ягадныя і лекавыя расліны, а таксама з'явяцца музей варэння і іншыя «фішкі». Аб гэтым карэспандэнт «Звязды» даведаўся, пабываўшы ў гасцях у «Радавым маёнтку Арлоўскіх» — так называецца фермерская гаспадарка.

[caption id="attachment_92377" align="alignnone" width="600"]На­тал­ля і Сяр­гей Ар­лоў­скія ка­ля свай­го са­ман­на­га до­ма. На­тал­ля і Сяр­гей Ар­лоў­скія ка­ля свай­го са­ман­на­га до­ма.[/caption]

Дом — з прыродных матэрыялаў

Наталля і Сяргей пазнаёміліся ў Гродне на трэніроўцы па адным з відаў усходніх адзінаборстваў, і, як аказалася, іх паяднала не толькі гэтае захапленне. Доўгі час, стварыўшы сям'ю, разам з дзецьмі Настассяй і Аляксеем былі гараджанамі. У Барбарычах — другі год, ужо тут нарадзілася малодшая дачка Паліна.

— Даўно хацелася жыць на сваёй зямлі. Шукалі такое месца і знайшлі, — кажа Наталля.

Зараз Барбарычы актыўна забудоўваюцца, але такога дома, як у Арлоўскіх, няма ні ў кога. Сяргей — прыхільнік экалагічнага будаўніцтва з выкарыстаннем прыродных матэрыялаў і папулярызацыю гэтага пакуль не надта распаўсюджанага ў нашай краіне напрамку распачаў з сябе. Дом у «Радавым маёнтку Арлоўскіх» практычна цалкам пабудаваны з экалагічных матэрыялаў: каркас — драўляны, а сценавы напаўняльнік — саманнага тыпу (сумесь гліны з саломай).

— Такія будынкі могуць стаяць даўжэй за цэглавыя. Прычым, цяпер нават узімку не холадна (не выпадкова ж саманныя дамы будуюцца нават на поўначы), а калі завяршым уцяпленне даху, то будзе яшчэ лепш. На такі вялікі дом тады, думаю, хопіць на зіму адной машыны дроў, — разлічвае Сяргей.

На саманныя дамы не варта глядзець як на нейкую экзотыку. У шэрагу еўрапейскіх краін такое будаўніцтва падтрымліваецца спецыяльнымі дзяржаўнымі праграмамі. Ды і ў нас яшчэ захаваліся гаспадарчыя памяшканні (кароўнікі, ангары), што будаваліся з гэтых прыродных матэрыялаў. Адпаведным вопытам Сяргея яшчэ ў дзяцінстве зацікавіла яго бабуля, якая жыла ва Украіне. Там было распаўсюджана: забудоўшчыкі рыхтуюць блокі з гліны і саломы, а потым з дапамогай аднавяскоўцаў, талакой літаральна за некалькі дзён узводзяць дом. Потым пакрываюць яго дахам, хтосьці складвае саманную печ...

Арлоўскім будаваць дом дапамагалі сябры, а ў асноўным усё зрабілі самі. Такім чынам аптымальна скарысталіся крэдытнымі сродкамі.

— Калі будаваць саманны дом самому, то гэта значна танней, чым традыцыйнае блокавае будаўніцтва, — зазначае Сяргей.

[caption id="attachment_92378" align="alignnone" width="600"]Кар­та ін­тэр­ак­тыў­на­га бі­ё­ла­га-эка­ла­гіч­на­га пар­ку. Кар­та ін­тэр­ак­тыў­на­га бі­ё­ла­га-эка­ла­гіч­на­га пар­ку.[/caption]

Гліну, дарэчы, ён здабываў на сваім участку, пасля чаго тут з'явіўся невялікі ставок, які падсілкоўваецца шматлікімі крыніцамі. У яго можна акунуцца, прыняўшы гразевыя ванны. Бо гліна (рознай афарбоўкі — блакітная, зялёная, фіялетавая, рудая...) з'яўляецца не толькі экалагічным матэрыялам для будаўніцтва, але і мае касметычныя, лекавыя якасці, у прыватнасці пры скурных і касцявых захворваннях.

У гасцях у Віні Пуха

Дзякуючы фінансавай падтрымцы праекта «Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё» ў маёнтку Арлоўскіх ужо цяпер ёсць некалькі «фішак», каб зацікавіць турыстаў, і шмат іншых задум. Адзін з незвычайных аб'ектаў — падземны сад. Гэтую ідэю маскоўскія дызайнеры прадэманстравалі на конкурсе ландшафтных праектаў у Англіі. Робіцца паглыбленне ў зямлі, там — розныя кампазіцыі з раслін. І калі глядзіш зверху, то дзякуючы люстэркам ствараецца ілюзія прасторы без межаў, саду, які не заканчваецца.

Ля ўваходу ў экалагічны парк пабудалі альтанку, што служыць не толькі для адпачынку гасцей. Тут Сяргей будзе праводзіць семінары і майстар-класы па экалагічным будаўніцтве, дзяліцца вопытам з тымі, каму гэта цікава. Прычым зацікавіцца можна не толькі саманным домам, але і нейкімі малымі архітэктурнымі формамі з гэтага матэрыялу. Напрыклад, зрабіць на дачы лаўку. Альбо саманную печ ці нават лазню.

Непадалёк — невялікая пабудова (зноў жа — з гліны і саломы), дзе будзе музей варэння пад назвай «У гасцях у Віні Пуха». Арлоўскія маюць свае парэчкі, агрэст, бружмель, клубніцы, суніцы, вельмі смачнае варэнне атрымліваецца і з невялікіх яблычак — ранетак.

— Кожны госць зможа прадэгуставаць розныя віды варэння і купіць тое, што спадабалася. Ды і ўласны рэцэпт у музейчыку пакінуць, каб ім скарысталіся іншыя, — кажа Наталля.

Пры гэтым Арлоўскія разумеюць, што нерэальна, ды і не варта ўсім займацца толькі самім. Таму збіраюцца супрацоўнічаць з мясцовымі жыхарамі, каб менавіта яны выраблялі большую частку варэння і, адпаведна, мелі грошы ад яго продажу.

— Раней, калі быў маладзейшым, то думаў: трэба, каб грошай было паболей. А зараз разумею: вельмі важна, каб вакол цябе былі людзі, якія добра жывуць. Ды і сусветная практыка сведчыць, што агратурыстычнай справай трэба займацца не аднаму, а ў партнёрстве з іншымі людзьмі, якія прадастаўляюць гасцям тыя ці іншыя паслугі. Тады будзе больш даходу кожнаму, — лічыць Сяргей.

«Народная» агароджа

Дарэчы, агароджу парку мяркуецца зрабіць з дапамогай гасцей маёнтка. Гэта будзе своеасаблівы праект народнай творчасці. У якасці асноўных матэрыялаў выкарыстаюць гліну і салому, а ўпрыгожаць агароджу разнастайнай расліннасцю. Наведвальнік парку пасля майстар-класу па саманным будаўніцтве атрымае магчымасць сваімі рукамі зрабіць той ці іншы па працягласці кавалак гэтай, так бы мовіць, народнай сценкі (наколькі хопіць жадання і сіл). Больш за тое, зможа пакінуць там на памяць аб сабе нейкі роспіс, гліняны ці іншы выраб.

Зараз Сяргей і Наталля ствараюць грамадскае аб'яднанне па тэматыцы экалагічнага будаўніцтва і прадуктаў харчавання, каб удзельнічаць у розных праектах у гэтых сферах. Яны запрашаюць да супрацоўніцтва ўсіх зацікаўленых партнёраў, а мажліва, і валанцёраў, мецэнатаў.

...На развітанне цікаўлюся ў Арлоўскіх, чаму сваю ініцыятыву, якая атрымала падтрымку вышэйзгаданага міжнароднага праекта, яны назвалі «Сад натхненняў».

— Мы хочам стварыць парк, дзе б людзі, убачыўшы цікавае і прыгожае, натхняліся гэтымі ці новымі ідэямі, якія, мажліва, з'явяцца ў іх саміх. І нешта «рухалі» ў сваім жыцці, праяўлялі творчасць, развіваліся як асобы, — кажа Сяргей Арлоўскі. Тлумачэнне простае і, калі задумацца, блізкае кожнаму.

Барыс ПРАКОПЧЫК

Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА

prakopchik@zviazda.by

Гродзенскі раён.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.