Вы тут

Не толькі паскардзіцца, але і параіцца


«Займацца» газіфікацыяй вуліцы, жыллёвымі пытаннямі, дапамагаць шукаць работу і нават выступаць у ролі міравога суддзі паміж варагуючымі бакамі давялося старшыні Мінаблвыканкама Сямёну Шапіру падчас выязнога прыёму грамадзян у Любанскім раёне.

18-46

Я прыйшоў не скардзіцца, а пагутарыць з вамі, Сямён Барысавіч, параіцца, — пачаў прымасціўшыся на краі крэсла, пажылы мужчына.

— Уладкоўваецеся, калі ласка, зручней, каб не зваліліся, — пажартаваў нехта.

Але пенсіянер не ацаніў жарт: «Я яшчэ моцны, дужы, маладым дам фору».

Мікалай Карпавіч працаваў у райсельгастэхніцы, потым, як сказаў сам, яго пераманілі ў райспажыўсаюз, развозіў хлеб па крамах. А нядаўна з ім не прадоўжылі кантракт. «Між іншым, я за рулём машыны яшчэ са службы на флоце: у Мурманску на «казле» вазіў камандзіра», — крыўдуе пенсіянер.

Мікалаю Карпавічу 75 гадоў. Відаць, найперш гэта і ўлічвала кіраўніцтва арганізацыі, калі прымала рашэнне. Але пенсіянер сцвярджае, што ў яго стае здароўя, сіл, каб працаваць далей. Маўляў, і зрок як у маладога, нават акуляры не носіць.

Сямён Шапіра спрабаваў упэўніць мужчыну, што ў такім узросце не зусім бяспечна вадзіць машыну. І прапанаваў старшыні райвыканкама разам з кіраўнікамі іншых арганізацый пашукаць для яго іншую работу, напрыклад слесара.

Ды пенсіянер стаяў на сваім: яму патрэбна месца толькі вадзіцеля. І нават запрасіў карэспандэнтаў праехацца з ім, каб упэўніліся, што лепш за яго ніхто не можа кіраваць «стальным» канём. Сапраўды, нічога не скажаш: Мікалай Карпавіч адчувае сябе за рулём як рыба ў вадзе. Але, магчыма, варта прыслухацца да парады кіраўніка вобласці...

Як кажуць, у кожнага свая праўда. У жыхара вёскі Канстанцінаўка — адна, у дырэктара Любанскага лясгаса — іншая.

Аляксандр Аляксандравіч лічыць, што да яго прадузята адносіцца кіраўніцтва: незаконна звольнілі за прагулы, якіх ён не рабіў. А яго кіраўнік сцвярджае, што з ім не прадоўжылі працоўныя адносіны пасля заканчэння тэрміну дзеяння кантракта. Разам з тым, дырэктар патлумачыў, што Аляксандр умее працаваць, але здзейсніў учынак, які не ўпрыгожвае яго як работніка і чалавека: выпісаў на сваю жонку 40 кубаметраў лесу нібыта для асабістых патрэб. Але, як стала вядома, перапрадаў драўніну юрыдычнай асобе.

Пасля таго, як з ім не прадоўжылі кантракт, былы работнік пачаў скардзіцца ў розныя інстанцыі, кантралюючыя органы. Шматлікія праверкі ствараюць у калектыве напружанне, а дзеянні былога калегі выклікаюць незадаволенасць у людзей.

— Аляксандр Аляксандравіч не меў прафесійнай адукацыі, але, як добрага працаўніка яго накіравалі на завочнае аддзяленне ва ўніверсітэт, — распавёў дырэктар.

Цяпер мужчына па рашэнні суда павінен вярнуць лясгасу сродкі, затрачаныя на вучобу. Грошы немалыя — 20 млн рублёў. Таму Аляксандр просіць растэрміноўкі.

Старшыня аблвыканкама параіў заключыць з ім дагавор на два-тры гады на вяртанне грошай за вучобу, але з умовай: у аднабаковым парадку яго скасаваць пры чарговай выхадцы. А жонцы Аляксандра, у якой закончыўся кантракт, папрасіў старшыню райвыканкама пасадзейнічаць з працаўладкаваннем.

Заяўнік, па ўсім відаць, застаўся задаволены. Ва ўсялякім выпадку ён падзякаваў Сямёну Шапіру за такое рашэнне і запэўніў, што асэнсаваў свае дзеянні.

Наталля Анатольеўна са сваім мужам маюць невялікі гандлёвы павільён у цэнтры Любані. Яны займаюцца аказаннем бытавых паслуг насельніцтву. Але райвыканкам працягвае з імі дагавор арэнды на зямлю, дзе месціцца гандлёвы пункт, толькі на год. Афармленне дакументаў патрабуе і матэрыяльных затрат, і часу. Таму яны просяць пасадзейнічаць ім у тым, каб заключыць дагавор на некалькі гадоў.

Бясспрэчна, зразумець прадпрымальнікаў можна. Але і пазіцыю мясцовых улад —таксама. Яны хочуць засцерагчыся ад праблем, якія могуць узнікнуць у будучыні, калі тут пачнецца будаўніцтва жылога дома ці нейкага іншага аб'екта.

Сямён Шапіра даручыў райвыканкаму больш дэталёва разгледзець пытанне: «Калі людзі імкнуцца працаваць, то не трэба для іх ствараць перашкоды. Што тычыцца магчымага будаўніцтва на гэтым месцы, то варта прапісаць гэта ва ўмовах дагавора». Між іншым, кіраўнік цэнтральнага рэгіёна заўважыў, што часам мясцовыя ўлады баяцца прымаць самастойныя рашэнні, браць на сябе адказнасць. «Неабходна быць больш смелымі ў прыняцці канкрэтных рашэнняў, імкнуцца адносіцца да людзей з душой», — адзначыў ён.

Наталля Сяргееўна з вёскі Песчанец выхоўвае чатырох непаўналетніх адна. З мужам развяліся: моцна выпіваў, за год выплаціў на дзяцей крыху больш за мільён рублёў аліментаў. Жанчына з малымі вымушана туліцца ў бацькоў. Маці працуе на ферме, дапамагае дачцэ і маральна, і матэрыяльна. Але бяда ў тым, што бацька сябруе з бутэлькай, часта ладзіць сваркі. Наталля супраць, каб такі прыклад быў перад вачыма яе дзетак, таму і хоча «аддзяліцца». Але куды? Сямён Шапіра даручыў старшыні райвыканкама разгледзець розныя варыянты і дапамагчы маладой маці абзавесціся ўласным кутком.

Усяго старшыня аблвыканкама выслухаў 14 скаргаў. Некаторыя жыхары прыйшлі на прыём нават сем'ямі.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.