Вы тут

Гнуткае спалучэнне


Заканадаўцы абяцаюць забяспечыць паспяховае суіснаванне зон свабоднага гандлю розных інтэграцыйных аб'яднанняў.

Пра гэта паведаміў учора ў Савеце Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Малдова Мікалая Цімофці з кіраўнікамі дзвюх палат беларускага парламента.

Старшыня Савета Рэспублікі запэўніў высокага госця, што беларускія парламентарыі вельмі рады дамоўленасцям, якія былі дасягнуты ў першы дзень яго візіту ў Беларусь.

— Гэта сапраўды новая старонка ў нашых адносінах, бо вы ўжо маеце пэўныя дамоўленасці з аб'яднанай Еўропай, а мы з першага студзеня з'яўляемся членамі Еўразійскага эканамічнага саюза. І там, і там у нашых краін існуюць зоны свабоднага гандлю, што патрабуе пільнай увагі, бо гэта не простае спалучэнне і механічна іх вельмі складана аб'яднаць, — прызнаўся спікер верхняй палаты. — У гэтым плане парламентам трэба сапраўды вельмі шмат папрацаваць над гарманізацыяй заканадаўства для таго, каб Зона свабоднага гандлю Малдовы і Беларусі паспяхова функцыянавала ва ўмовах Зоны свабоднага гандлю Малдовы і Еўрасаюза. Каб тут не было несанкцыянаванага руху тавараў, а ўсё служыла на карысць нашым краінам і народам.

Міхаіл Мясніковіч таксама заўважыў, што ў Беларусі і Малдове камфортна адчуваюць сябе нацыянальныя дыяспары, ёсць значныя поспехі ў навукова-тэхнічным супрацоўніцтве, асабліва ў сферы сельскай гаспадаркі, у прыватнасці селекцыі. Акрамя таго, краіны з'яўляюцца вельмі важнымі гандлёвымі партнёрамі адна для адной.

Старшыня Савета Рэспублікі сказаў, што парламент Беларусі, які зараз працуе над уніфікацыяй заканадаўства ў рамках ЕАЭС, гатовы абменьвацца напрацоўкамі і з заканадаўцамі Малдовы, каб не давялося потым ісці на дадатковую гарманізацыю. «Магчыма, трэба разгледзець пэўныя ўзаемныя прэферэнцыі ў нашай гандлёва-эканамічнай сферы», — дадаў спікер.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка ў сваю чаргу запэўніў Прэзідэнта Мікалая Цімофці, што ў Беларусі з вялікай цеплынёй ставяцца да яго краіны і народа. «Вядома, мы спадзяёмся, што вельмі важныя дакументы, якія былі падпісаны напярэдадні, асабліва тое, што датычыцца пытанняў міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, прамысловай кааперацыі, адкрыюць вялікія перспектывы для нашага далейшага супрацоўніцтва», — сказаў ён.

Спікер ніжняй палаты таксама дадаў, што ў беларускіх парламентарыяў склаліся вельмі добрыя адносіны з малдаўскімі калегамі: у 2012 годзе адбыўся афіцыйны візіт малдаўскай парламенцкай дэлегацыі ў Беларусь, было падпісана пагадненне аб міжпарламенцкім супрацоўніцтве, летась кіраўнікі найвышэйшых заканадаўчых органаў дзвюх краін сустракаліся ў Санкт-Пецярбургу.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

 medvedeva@zviazda.by

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».