Толькі шарм


Сучасныя жанчыны ўжываюцца ў вобразы дам пачатку ХХ стагоддзя.

21-41

Капялюшык ды пальчаткі, сукенка з тонкай тканіны ды туфлікі ручной работы... Усё, завязваю з джынсамі! Уявіўшы сябе вытанчанай дамай, разумею, што не хачу выходзіць з вобразу. Хоць бы ў думках. Бо з сабой не забярэш і, на жаль, нават не купіш строі, якія можна пабачыць у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь на выставе «Ад крыналінаў і турнюраў да мадэрну». І ўсяго толькі і трэба адкруціць час на нейкія гадоў сто: калекцыя Музея моды Марыны Івановай, якая прыехала да нас з Кіева, дэманструе дзясяткі жаночых убораў пачатку ХХ стагоддзя.

21-45

Не веру жанчынам, якія кажуць, што не любяць прыгожыя строі. Можа быць, якраз тут той выпадак, калі больш да месца казаць: не ведаем, што любім. І яшчэ адзін момант: адноснасць прыгожага, якая вызначаецца культурнымі традыцыямі, часам і, безумоўна, асабістым густам.

21-46

Што на мой густ, дык гэта вельмі вытанчана. Вось аглядаючы гэтыя жаночыя строі, разумееш, чаму ў той час (а гэта канец ХІХ — пачатак ХХ стагоддзя) мужчыны былі мужнымі. Калі побач з імі была паненка ў нечым няўлоўным, рамантычным, летуценным і пры гэтым стрымана-загадкавым, то ў іх і не было іншага выйсця, як стаць яе абаронцам. Так, мода мянялася з часам (і тут можна гэта зразумець), але нават падчас цяжкіх перыядаў гісторыі (вайны пачатку ХХ стагоддзя, напрыклад), жанчына магла не губляць свайго шарму, падкрэсліваючы яго вопраткай ці аксесуарамі. «Цудоўная эпоха», калі можна было змешваць стылі (так званая эклектычнасць) дала жанчынам прастору для фантазіі. А стыль мадэрн нібыта ўнёс крыху шыку ў жыццё, якое ўжо адчувала набліжэнне змен.

21-44

І жанчына хацела мяняцца, але адмаўлялася ад тых рыс і драбніц, якія рабілі яе вытанчанай асобай. Як блакітная сукенка пачатку ХХ стагоддзя, упрыгожаная ірландскімі карункамі, якая належала сям'і Івановых. Ці цудоўная бальная накідка, да якой быццам бы лісты папараці прыгарнуліся. А жанчына і баль — рэчы неаддзельныя (цяпер гэта можна назваць дыскатэкай ці клубнай вечарынкай), калі хочацца паказаць сябе ва ўсім бляску. Як жа гэта ўмелі жанчыны заўсёды! Як жа ўмелі радавацца прыгожай сукенцы, блузцы, спадніцы, кашальку, пацеркам. «Літаральна, як і мы сёння. Але ёсць нешта такое, чаму нам у модніц стагадовай даўніны можна павучыцца: ідучы ў след за модай, не забывацца на сваю індывідуальнасць. Таму што самая лепшая сукенка тая, якой не будзе больш ні ў каго, якая пасуе менавіта табе. Тут ёсць уборы, якія існуюць толькі ў адным экзэмпляры. Фактычна як творы мастацтва. І тады трэба думаць, як іх захаваць — а гэта таксама вымагае майстэрства, клопату, пошуку асаблівых тэхналогій.

21-43

У экспазіцыі строі, створаныя да 1940 года. Між іншым, калекцыя кіяўлянкі Марыны Івановай пачынала складацца з убораў, якія дажылі з часоў яе бабуль. Дызайнер інтэр'ераў па прафесіі ўмудрылася ператварыць сваю ўласную кватэру ў музей, дзе захоўваюць і выстаўленыя сукенкі, якім гадоў 200! Натуральна, што да тых, самых першых, экспанатаў дадаліся потым унікальныя гістарычныя дамскія строі, знойдзеныя на аўкцыёнах. Марына Іванова цягам часу ператварылася ў сапраўдную калекцыянерку, якая літаральна «палюе» на рэдкую рэч, імкнецца абавязкова займець яе: ці то сукенку, сумачку, туфлі, капялюш, парасон ці веер. На тое, каб скарб з некалькіх рэчаў стаў паўнавартаснай калекцыяй, пайшло 30 гадоў. У выніку ў калекцыі ёсць уборы з Францыі, Англіі, Амерыкі, Германіі, Заходняй Украіны. Але асабліва каштоўнымі набыткамі сама ўладальніца лічыць экспанаты з «дзіцячага пакоя». Таму што дзіцячыя рэчы, як правіла, доўга могуць быць ва ўжытку, перадаюцца ў сям'і ад старэйшых дзяцей малодшым, а то і наогул пераходзяць у спадчыну, імі карыстаюцца прадстаўнікі некалькіх пакаленняў. Адпаведна, зношваюцца, выходзяць са строю. У дзіцячай калекцыі Марыны свет маленства ствараецца не толькі з дапамогай вопраткі, але і дзякуючы цацкам, лялькам, калыскам. Гэта тое, што цяжка дапасаваць да паняцця моды, таму што для чалавека няма нічога больш пазачасовага, чым маленства: пара, якая проста была ці ёсць у свядомасці — з усёй той цеплынёй і любоўю, якой яна была ахінутая (а гэта ёсць незалежна ад эпохі, сацыяльнага ладу ці паходжання). Таму гэтая модная выстава — хутчэй сямейная. Дзіўнае падарожжа ў чароўны сон, дзе можна ўбачыць сябе шыкоўнай спадарыняй ці спадаром. І што ёсць увесь наш сучасны гламур?..

21-42

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.