Вы тут

Холдынгі ёсць. Кластары будуць?


Плюсы і мінусы працы ў «звязцы».

Бадай, чытачы, далёкія ад бізнесу і вялікай эканомікі, наўрад ці зацікавіліся б навіной пра тое, што ў Віцебску адбылося пасяджэнне Савета па развіцці прадпрымальніцтва. Маўляў, прыехалі дзелавыя людзі, за кавай пагутарылі «пра сваё». Але ж хай і абмяркоўваліся насамрэч «вузкія тэмы», яны, як той казаў, «на выхадзе» тычацца кожнага. Як, напрыклад, у ліку іншага можна зрабіць таннейшымі тавары? Ці «свецяць» працоўныя месцы з добрым заробкам? А як пачаткоўцам у бізнесе можна даволі хутка зарабіць вялікія грошы?

Перад пасяджэннем члены Савета па развіцці прадпрымальніцтва наведалі прадпрыемствы, якія паспяхова працуюць, экспартуюць прадукцыю. У прыватнасці, «Вітбудтэхмаш», «Палімерканструкцыя», абутковы брэнд «Марка». Дарэчы, прыкладна кожная трэцяя пара абутку ў краіне вырабляецца на аднайменным холдынгу, у складзе якога 6 прадпрыемстваў. Беларуская гарбарна-абутковая кампанія «Марка» будуе лагістычны цэнтр. Ён будзе забяспечваць сыравінай усіх вытворцаў. Як вынік гэта можа паўплываць на зніжэнне сабекошту прадукцыі.

— Кожнае з гэтых прадпрыемстваў з'яўляецца добрым прыкладам для іншых. Яны працуюць паспяхова, дэманструюць, што сёння, у няпросты час, можна вырабляць якасную прадукцыю, запатрабаваную і ў іншых краінах. А гэта магчыма пры выкарыстанні сучасных тэхналогій, сістэмах кіравання вытворчасці, — сказаў старшыня Савета па развіцці прадпрымальніцтва Пётр Пракаповіч. Ён адзначыў, што трэба «падставіць плячо» ў магчымым стварэнні холдынгаў на базе першых двух са згаданых вышэй прадпрыемстваў. Каб, як «Марка», яны ядналі вытворцаў, стваралі новыя працоўныя месцы.

Падчас пасяджэння бурную дыскусію выклікала пытанне аб магчымасцях фарміравання і развіцця ў нашай краіне прамысловых кластараў.

— У кластары самастойныя юрыдычна фірмы і прадпрымальнікі ўзаемадзейнічаюць паміж сабой на дагаворнай аснове. У адрозненне ад звычайных партнёраў па бізнесе, яны працуюць у «звязцы» для стварэння нейкай прадукцыі і не толькі. Кластар дае магчымасць фірмам зменшыць выдаткі. Напрыклад, на маркетынгавае даследаванне, правядзенне карпаратыўных семінараў. Можна паскорыць вывучэнне дзелавога вопыту, — распавядае Дзмітрый Крупскі, начальнік упраўлення навукі і інавацыйнай палітыкі Міністэрства эканомікі.

Паводле яго слоў, ужо ёсць «першая ластаўка» — беларускі кластар, у якім аб'яднана каля 70 арганізацый, фірмаў. Сярод іх тыя, што працуюць у сферы высокіх тэхналогій, а таксама навуковыя арганізацыі і ўстановы адукацыі. Яны выразна пазіцыянуюць свае агульныя інтарэсы...

— Цалкам ахоплены кластарызацыяй дацкая, фінская, нарвежская і шведская прамысловасці. У выніку Фінляндыя займае вядучыя месцы ў сусветных рэйтынгах канкурэнтаздольнасці, — працягвае прадстаўнік міністэрства.

У Фінляндыі меней за 1% сусветных лясных рэсурсаў, а яна забяспечвае 10% экспарту прадукцыі перапрацоўкі драўніны, 25% — паперы. У Кітаі існуюць каля 60 асаблівых зон-кластараў, на якіх працуюць каля 30 тысяч фірмаў. У штаце апошніх каля 3,5 мільёна чалавек. Узровень продажу прадукцыі — каля 200 мільярдаў долараў за год.

Удзельнікаў пасяджэння цікавілі магчымыя дзяржаўныя прэферэнцыі. У Францыі, Шатландыі кластарныя структуры атрымліваюць пазыкі, субсідыі. У Швецыі вылучаюць мэтавыя датацыі на навукова-даследчыя распрацоўкі. У Расіі таксама аказваецца падтрымка: выдаюць пазыкі, у тым ліку беспрацэнтныя і бязвыплатныя, зніжаюць тарыфы на камунальныя паслугі, страхуюць кантракты... У Беларусі пакуль прапрацоўваюцца магчымыя варыянты.

У кластараў ёсць і недахопы. Напрыклад, буйныя фірмы рызыкуюць «выгадаваць сабе канкурэнтаў». Але выгад больш, і адпаведна ўжо ёсць зацікаўленасць. Напрыклад, кіраўнік холдынга «Марка» Мікалай Мартынаў адзначыў, што ў Беларусі вырабляецца, мякка кажучы, недастатковая для айчынных вытворцаў колькасць падэшваў, аксесуараў для абутку. Таму купляюць за мяжой. А былі б аналагічныя айчынныя прапановы, чаму б і не купляць якасную прадукцыю па разумнай цане? Дзяржаўную падтрымку вытворцы могуць атрымаць у рамках праграмы імпартазамяшчэння. А потым «Марка» і не толькі, магчыма, і «ўвойдуць» з самымі дастойнымі ў кластарныя адносіны.

Ці прыжывуцца апошнія, пакажа час. Тыя ж холдынгі, калі пачалі іх ствараць, выклікалі нямала скептыцызму. Але вопыт іх працы даказаў, што яны эфектыўныя. Днямі стала вядома пра рашэнне аб стварэнні холдынга па вырабе алкагольнай прадукцыі. Не выключаецца, што і беларускія кластары таксама пацвердзяць права на жыццё...

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.