Вы тут

Ад «бытавухі» да трагедыі — адзін крок


На мінулым тыдні сваю развязку атрымала, пэўна, самая рэзанансная справа мінулага года. Мінчаніна, што парэзаў сваю жонку і дзяцей, а пасля справакаваў аварыю, у якой загінулі сужэнцы, прызналі неадэкватным. Мужчына будзе вызвалены ад крымінальнай адказнасці і накіраваны на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне. Але жыцці загінулых і здароўе членаў сям'і абвінавачанага ўжо не вярнуць. Як зрабіць так, каб такія жахлівыя выпадкі больш не паўтараліся? Ці можна падобнае прадбачыць і прадухіліць?

Дакладна вядома, што 8 лістапада абвінавачаны накінуўся на сваю жонку і дваіх няпоўнагадовых дзяцей з нажом і нанёс ім цяжкія раненні (усе трое ў цяжкім стане былі дастаўлены ў бальніцу, трохгадовага хлопчыка цудам выратавалі ўрачы). Пасля мужчына сеў за руль і ў 200 метрах ад уласнага дома на высокай хуткасці сутыкнуўся з Audі-100, у якой ехалі сужэнцы Нізавы. Ад сутыкнення яны загінулі.

У крыві затрыманага не было знойдзена слядоў алкаголю ці наркотыкаў. Ён быў саўладальнікам адной з паспяховых сталічных фірмаў, што займалася пастаўкамі камплектуючых для мэблі. Ад сваіх калег атрымліваў станоўчыя характарыстыкі — ураўнаважаны, адэкватны... Што ж здарылася з паспяховым бізнесменам? Дакладны дыягназ, які паставілі мужчыну, невядомы. На думку спецыялістаў, усё сведчыць аб тым, што ў мужчыны адбыўся прыступ вострага псіхозу. Такое, у прынцыпе, можа быць з абсалютна любым чалавекам, знешне да гэтага здаровым і ўраўнаважаным. Але ці магчыма было папярэдзіць гэту трагедыю?

Галоўнае, на што варта было звярнуць увагу, — папярэднія паводзіны абвінавачанага. За некалькі дзён да апісаных падзей мужчына прыйшоў у дзіцячы садок, які наведваў яго сын, дзе паводзіў сябе неадэкватна і пагражаў бацькам іншых дзяцей, а таксама выхавальнікам нажом. Пры гэтым прысутнічала жонка абвінавачанага. Жанчына не пусціла ў дом нарад міліцыі, які прыбыў па выкліку ў дзіцячы садок і пасля накіраваўся на месца жыхарства сям'і. Яшчэ адна важная дэталь — пасля ўзброенага візіту ў дашкольную ўстанову бізнесмен паводзіў сябе неспакойна — штодзень хадзіў і спаў з нажом. Жонка цярпела, думала, што час лечыць...

Менавіта думка аб тым, што такія праблемы лечыць час, нярэдка прыводзіць да трагічных падзей. Замест таго, каб дапамагчы блізкаму чалавеку, мы чакаем, што ўсё пройдзе «само па сабе». Нярэдка, можа, і праходзіць, але ў пераважнай большасці выпадкаў усё становіцца толькі горш, пакуль не здарыцца страшнае. Праблемы ў сямейных стасунках маюць надзвычайную ўласцівасць перарастаць у правапарушэнні, нярэдка крымінальныя.

— За першае паўгоддзе 2015-га ў сталіцы зарэгістравана 30 злачынстваў у сферы сямейна-бытавых адносін, — распавядае старшы інспектар аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Мінгарвыканкама падпалкоўнік міліцыі Дзяніс ПЯЧУРА. — Гэта забойствы, наўмысныя нанясенні цяжкіх і менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў. 128 крымінальных спраў заведзена за нанясенне лёгкіх пашкоджанняў, 186 — за пагрозу забойствам, нанясеннем цялесных пашкоджанняў ці знішчэннем маёмасці, 189 — за знявагу. У дачыненні да сямейных дэбашыраў складзена 5,4 тысячы адміністрацыйных пратаколаў.

Зразумела, звычайна пацярпелым бокам у гэтых справах становяцца жонкі хатніх агрэсараў. Яны таксама церпяць, спадзяюцца на гаючы час.

— Безумоўна, ёсць верагоднасць, што трагедыя на Гая была заканамернай, калі мужчына і раней падаваў прыкметы неадэкватнасці ці быў агрэсіўным у дачыненні да жонкі, а яна на гэта не адрэагавала, — каментуе псіхолаг Вольга КАЗАК. — Увогуле ж, сямейны гвалт, калі не звяртаць на яго ўвагі, вельмі часта выліваецца ў трагедыю. Зразумела, ва ўсіх сем'ях здараюцца спрэчкі, канфлікты і сваркі, і гэта нармальна. Але жанчыне варта насцярожыцца, калі яна заўважае пэўную цыклічнасць у такіх здарэннях. Звычайна гэта працуе па схеме «нарастанне агрэсіі — усплёск агрэсіі — час зацішша». Акрамя таго, нармальны канфлікт адбываецца «на роўных» і знаходзіць вырашэнне, яскравая ж рыса хатняга гвалту ў тым, што адзін з удзельнікаў імкнецца падпарадкаваць іншага. Нярэдка мужчына пасля быццам бы адчувае віну, пачынае прасіць прабачэння, робіць падарункі, але гэта не павінна зводзіць у зман. Да нас прыходзіла жанчына, якой муж пасля кожнага такога выпадку агрэсіі дарыў упрыгожанні, каштоўныя рэчы. Але потым усё паўтаралася. Таму калі вы заўважылі, што агрэсія цыклічная, трэба адразу ж прымаць меры. У першую чаргу, вядома, прававыя (дзякуй Богу, у нас цяпер ёсць адпаведныя магчымасці).

Спыніць хатні гвалт і папярэдзіць трагедыю даволі проста — з мінулага года ў краіне да сямейных дэбашыраў прымяняюцца так званыя абаронныя прадпісанні. Такая мера дазваляе высяляць тырана з агульнага жылля на тэрмін ад 3 да 30 сутак, забараняе ім мець зносіны з ахвярамі і нават знаходзіцца побач. Па словах Дзяніса Пячуры, за гэты год у сталіцы было прыменена 132 такія прадпісанні.

Акрамя таго, днямі ў Гродне адкрыўся чарговы ў краіне (пасля Мінска, Брэста і Кобрына) пакой псіхалагічнай дапамогі мужчынам-агрэсарам. У такіх установах псіхолагі працуюць з мужчынамі, якія агрэсіўна паводзяць сябе ў сям'і. У свеце такая мадэль дапамогі дэманструе высокую эфектыўнасць. Мяркуецца, што ў перспектыве яна можа ўвогуле замяніць звыклыя для нас адміністрацыйныя і крымінальныя працэдуры.

Жонка бізнесмена замест таго, каб, заўважыўшы праблемы мужа, паведаміць аб гэтым праваахоўнікам і медыкам, дачакалася моманту, калі той перастаў кантраляваць сябе. Дарэчы, міліцыя і «хуткая» прыехалі на месца па выкліку суседкі, а не жонкі абвінавачанага. Можа, і пасля ўзброенага нападзення жанчына спадзявалася, што ўсё пройдзе само?..

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.