Вы тут

У клопаце пра роднае слова


Зоя Падліпская — вопытны педагог і арганізатар у галіне беларускамоўных масмедыя. Доўгі час яна ўзначальвае рэдакцыю часопіса «Роднае слова». З галоўным рэдактарам гэтага аўтарытэтнага ў настаўніцкім асяродку выдання і сустрэўся наш карэспандэнт.

21-36

— Зоя Іванаўна, і ўсё ж для каго часопіс «Роднае слова» — для каго ён болей: для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры ці яго аўдыторыя бачыцца вам крыху шырэйшай?

— Ведаеце, часопіс «Роднае слова» па-свойму ўнікальны. Гэта адзінае ў нашай краіне такога кшталту гуманітарна-асветніцкае выданне. Нездарма самі настаўнікі называюць «Роднае слова» своеасаблівай энцыклапедыяй. Ён выдаецца на 96 старонках і складаецца з пяці раздзелаў: «Літаратура і час», «Мовы рысы непаўторныя», «Методыка і вопыт», «Калі закончыўся ўрок», «Нацыянальная і сусветная культура».

На старонках часопіса дзеляцца досведам найлепшыя педагогі краіны. Шмат тут публікацый па методыцы выкладання беларускай мовы і літаратуры, сярод якіх планы-канспекты ўрокаў, метадычны і дыдактычны матэрыял для правядзення заняткаў, заданні для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання, рэспубліканскіх алімпіяд... Таму, без сумненняў, наш часопіс, як і навукова-метадычны часопіс «Беларуская мова і літаратура», проста неабходныя настаўніку.

Аднак аўдыторыя часопіса «Роднае слова» значна шырэйшая. У нашым навуковым і метадычным выданні праз публікацыі гуманітарна-асветніцкага напрамку, якія арыентаваныя на набыткі нацыянальнай культуры ў адзінстве з агульначалавечымі каштоўнасцямі, адлюстроўваюцца найлепшыя дасягненні сучаснай навукі ў галінах філалогіі, педагогікі, культуралогіі і мастацтвазнаўства. І не толькі айчыннай навукі. Сярод нашых аўтараў вучоныя Расіі, Украіны, Казахстана. Ёсць маладыя даследчыкі з Кітая і іншых краін замежжа.

— Размова, відаць, найперш пра аспірантаў з іншых краін, якія вучацца ў Беларусі?..

— Так. Паколькі часопіс «Роднае слова» ўключаны ў Пералік навуковых выданняў Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь для друкавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў па філалагічных навуках, мастацтвазнаўстве, культуралогіі, педагагічных навуках (тэорыя і методыка навучання беларускай мове і літаратуры), то, зразумела, пэўная частка часопіснай плошчы адводзіцца на артыкулы, што сталі апрабацыяй кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый па названых кірунках. Па сутнасці, мы спрыяем фарміраванню навуковай эліты краіны і некаторых краін замежжа, аспіранты якіх цесна супрацоўнічаюць з нашым выданнем.

— Сёння столькі размоў пра сыход папяровых медыйных праектаў... А вось наколькі часопісы такога спецыялізаванага характару, як «Роднае слова», здаюцца вам доўгажыхарамі?

— Сапраўды, наша імклівае ХХІ стагоддзе дыктуе свае правілы. Мы таксама зацікаўлены ў пашырэнні чытацкай аўдыторыі, што немагчыма без электроннага фармату часопіса. Таму кожны нумар «Роднага слова» ў электронным выглядзе мы перадаем у фонд Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Аднак гаварыць пра адмову ад папяровага выдання цалкам нам пакуль што не даводзіцца. І на гэта ёсць свае прычыны. Пры абароне дысертацый ВАК патрабуе пэўную колькасць публікацый менавіта на папяровым носьбіце, а як вы ведаеце, сярод нашых аўтараў шмат аспірантаў і дактарантаў. Таму, думаецца, такім спецыялізаваным часопісам, як «Роднае слова», наканавана жыць доўга менавіта ў папяровым выглядзе яшчэ і па названай прычыне.

Пакуль што мы не можам адмовіцца ад папяровага варыянту і з-за адсутнасці бюджэтнага фінансавання. Са студзеня 2010 года часопіс не атрымлівае субсідый. Хоць, на маю думку, такім спецыялізаваным выданням, як наша, дзяржаўная фінансавая падтрымка проста неабходная. «Роднае слова» — гэта візітная картка нашай краіны ў навуковым свеце. І мы, супрацоўнікі рэдакцыі, і нашы аўтары гэта выдатна разумеем. Таму, нягледзячы на пэўныя цяжкасці, мы ў прамым сэнсе служым роднаму слову і клапоцімся не толькі пра захаванне, але і пра развіццё навуковага і метадычнага беларускамоўнага часопіса, які годна прадстаўляе навуковыя напрацоўкі вучоных краіны вось ужо амаль тры дзесяцігоддзі.

— Навука, відаць, і ў мовазнаўстве, літаратуразнаўстве развіваецца за кошт навацый — і імёнаў новых, і адкрыццяў пэўных... Мы ведаем апосталаў мовазнаўства — Марыю Жыдовіч, Фёдара Янкоўскага, Алеся Каўруса, Міхася Цікоцкага, Лявона Падгайскага... А сёння хто «заканадаўцы», прадаўжальнікі традыцый?.. Ці ёсць цікавая моладзь сярод аўтараў часопіса?

— Наш часопіс пастаянна змяшчае публікацыі многіх вядомых вучоных-суайчыннікаў. Светлая памяць тым, каго цяпер няма сярод нас і хто на працягу дзесяцігоддзяў супрацоўнічаў з нашым выданнем. Мы жадаем моцы і творчых поспехаў усім сваім аўтарам, хто працягвае разам з намі шлях служэння беларускаму слову. Нашы шаноўныя аўтары — вядомыя навукоўцы краіны — філолагі, культуролагі, мастацтвазнаўцы, вопытныя педагогі, настаўнікі роднай мовы і літаратуры.

Амаль два дзесяцігоддзі з намі актыўна супрацоўнічае Алесь Каўрус, артыкулы якога змешчаны за гэты час ажно ў 105 нумарах часопіса «Роднае слова». Нашым чытачам добра вядомы імёны сталых аўтараў часопіса, беларускіх вучоных-мовазнаўцаў Паўла Сцяцко, Аляксандра Лукашанца, Віктара Іўчанкава, Мікалая Прыгодзіча, Васіля Рагаўцова, Ніны Гаўрош, Дзмітрыя Паўлаўца, Юрыя Бабіча, Алены Багамолавай, у галіне літаратуры — Уладзіміра Гніламёдава, Алеся Бельскага, Эмануіла Ёфе, Галіны Адамовіч, Міколы Труса, Віктара Жыбуля, у культуралогіі — Тамары Габрусь, Людмілы Налівайкі, Яўгена Шунейкі, Ганны Барвенавай. Карыстаючыся магчымасцю, выказваю шчырыя словы ўдзячнасці кожнаму з нашых шматлікіх шаноўных аўтараў — вучоных з усіх рэгіёнаў краіны.

Асобна хачу сказаць пра цеснае супрацоўніцтва з часопісам «Роднае слова» выкладчыкаў кафедры беларускага мовазнаўства БДПУ імя Максіма Танка. На чале з загадчыкам кафедры Дзмітрыем Дзятко вучоныя Павел Міхайлаў, Ніна Нямковіч, Марына Ржавуцкая, Святлана Мароз, Таццяна Старасценка і Наталля Лобань толькі на працягу мінулага года падрыхтавалі для нашых чытачоў 35 артыкулаў! Так што маладым аўтарам часопіса ёсць з каго браць прыклад. У выданні працуе рубрыка «Малады даследчык прапануе», дзе мы змяшчаем матэрыялы аспірантаў і даследчыкаў. Верым, што яны абавязкова скажуць сваё важкае слова ў беларускай навуцы.

— Якім вам бачыцца «Роднае слова» праз год-два?

— Сёння часопіс «Роднае слова» добра вядомы не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. І гэтаму спрыяе таксама яшчэ адзін з напрамкаў працы рэдакцыі — выданне кніг. Мы маем ліцэнзію на выдавецкую дзейнасць. Можам выдаваць навуковую, навукова-папулярную, вучэбную, мастацкую літаратуру, літаратуру для вольнага часу. Праўда, пакуль мы можам гэта рабіць толькі за ўласныя сродкі аўтараў. Тым не менш на нашым рахунку ўжо кнігі вядомых беларускіх вучоных і пісьменнікаў Алеся Бельскага, Міколы Труса, Анатоля Статкевіча-Чабаганава і інш. Немалая частка кніг серыі «Я — сын Ваш» беларускага пісьменніка і даследчыка, лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2012 года Анатоля Статкевіча-Чабаганава перададзена аўтарам у фонды Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі; Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, праз якую выданні трапілі ў кожную раённую бібліятэку краіны, у бібліятэкі Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Англіі, ЗША... Такім чынам беларусы і даследчыкі замежжа змаглі далучыцца да гісторыі беларускага народа, а ў нашага часопіса з'явілася яшчэ больш прыхільнікаў.

Думаю, што і ў далейшым часопіс захавае свае найлепшыя традыцыі, а ўстанова прадоўжыць працу па выдавецкай дзейнасці. Калі дазволяць сродкі, то зможам выдаваць і электронны дадатак. Увогуле планаў шмат.

— І ўсё ж якога вы хацелі б мець чытача?

— Як паказвае аналіз падпіскі, наш чытач — элітарны. І гэта не толькі настаўнік, навуковец ці малады даследчык. З задавальненнем адзначу, што сярод падпісчыкаў сустракаюцца і прадстаўнікі розных прафесій, якіх цікавяць культура і мова нашага народа, яго гістарычнае мінулае. Чытачы «Роднага слова» маюць магчымасць пазнаёміцца з архіўнымі матэрыяламі, якія ўпершыню бачаць свет у нашым выданні, а таксама з крытычнымі артыкуламі, прысвечанымі творчасці як пісьменнікаў-класікаў, так і сучаснікаў...

Ёсць такія агульнаадукацыйныя ўстановы і індывідуальныя падпісчыкі, якія разам з нашым выданнем каля трох дзясяткаў гадоў, з дня заснавання часопіса!

Таму, думаецца, з гадамі чытацкая аўдыторыя «Роднага слова» толькі пашырыцца. А сённяшнім чытачам — шчырыя словы ўдзячнасці за вернасць і адданасць нашаму часопісу. Толькі разам мы зможам і надалей клапаціцца пра наша роднае беларускае слова!

Гутарыў Максім РАЎНАПОЛЬСКІ

Фо­та На­тал­лі АЛЯК­САНД­РА­ВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.