Вы тут

Ёсць такая прафесія!


Днямі вынікі ўступнай кампаніі падводзілі ў Інстытуце пагранічнай службы. Карэспандэнты «Звязды» даведаліся, хто шукае для сябе нялёгкую долю ахоўніка дзяржаўнай мяжы.

...Суботняй раніцай у актавай зале культурна-забаўляльнага цэнтра інстытута няма вольных месцаў. Амаль дзве сотні абітурыентаў разам са сваімі бацькамі прыехалі з усіх куткоў краіны і ў хваляванні чакаюць абвяшчэння вынікаў. З гэтых амаль дзвюх соцень на першы курс залічаць толькі 100. Яшчэ 4 чалавекі будуць вучыцца ў Калінінградскім пагранічным інстытуце.

— Папярэднія вынікі прыёмнай кампаніі нас задаволілі, — распачаў мерапрыемства начальнік Інстытута пагранічнай службы, палкоўнік Васіль ГЕДЗЬКО. — Па спецыяльнасці «Упраўленне падраздзяленнямі граніц» прахадны бал быў 152, «Упраўленне падраздзяленнямі пагранічнага кантролю» — 166, па спецыяльнасці «Аператыўная дзейнасць органаў пагранічнай службы» — 141 і «Ідэалагічная работа ў органах пагранічнай службы» — 143 балы.

Пачалося абвяшчэнне прозвішчаў тых, хто атрымаў чаканае месца на студэнцкай (ці, лепш сказаць, курсанцкай) лаве. Залішняй эмацыянальнасці, скокаў і радасных крыкаў тут не было — хлопцы быццам бы пацвярджалі сваю прафпрыгоднасць і стрымана ўсміхаліся, паціскалі рукі бацькам, абдымалі матуль. З іншага боку, слёз тых, хто не паступіў, мы таксама не заўважылі. Ды ім і няма чаго гараваць — шлях на атрыманне адукацыі памежніка не закрываецца. Калі для іншых абітурыентаў войска нярэдка становіцца галаўным болем, то гэтым хлопцам яно толькі дапаможа: маладыя людзі могуць праходзіць пагранічную службу па кантракце, а праз год вярнуцца ў Інстытут з рэкамендацыяй і высокімі адзнакамі ў атэстаце па экзаменацыйных прадметах (адной з дзяржаўных моў, матэматыцы і гісторыі). Такія абітурыенты будуць залічвацца ў інстытут па-за конкурсам. Акрамя таго, калі за першы месяц навучання з'явяцца і першыя адлічаныя, на іх месцы заступяць тыя, хто не прайшоў па балах.

— Сёлета мы ўпершыню набіралі абітурыентаў на чатыры новыя спецыяльнасці, — распавядае першы намеснік начальніка Інстытута пагранічнай службы, палкоўнік Сяргей ВОЛКАЎ. — Таму, безумоўна, адчувалі пэўнае хваляванне. Але вынік атрымаўся добры — прахадны бал заўважна вырас у параўнанні з мінулымі гадамі. Шмат абітурыентаў паступала па-за конкурсам: выпускнікі Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча з сярэднім балам атэстата не ніжэй за 7, выпускнікі кадэцкіх вучылішчаў і салдаты, якія праходзяць тэрміновую службу з не ніжэйшым за 6 балам па экзаменацыйных прадметах.

Ужо 31 ліпеня наваспечаныя курсанты прыбудуць у інстытут. Праз 2 дні яны накіруюцца ў вучэбны цэнтр пад Смаргонню, дзе іх чакае курс маладога байца, а напрыканцы жніўня прымуць прысягу на плошчы Дзяржаўнага сцяга. Потым — чатыры гады стараннай вучобы.

Але курсанцкае жыццё пачынаецца для іх ужо сёння. Акрамя традыцыйнага запаўнення анкет і афармлення дакументаў, хлопцаў чакае шэраг «сакральных» працэдур, напрыклад абмерка. У фае будынка ўсталявана міні-лабараторыя для зняцця антрапаметрычных паказчыкаў. Ужо 31 ліпеня курсанты атрымаюць некалькі камплектаў новай формы. З жартам пытаемся ў супрацоўнікаў, ці моцна худзеюць курсанты за час навучання. Аказваецца, зусім наадварот — набіраюць вагу, але месца тлушчу займаюць мышцы.

Увогуле, варта сказаць, што навучэнцаў тут забяспечваюць усім неабходным. З асабістых рэчаў ім нічога не спатрэбіцца — усё дае дзяржава. Але патрабуюць адпаведных адносін

— Цяпер абітурыенты (ці, можна смела сказаць, — будучыя курсанты) запаўняюць паперы для атрымання грашовага забеспячэння, — кажа намеснік начальніка аддзела кадраў і ўліку асабовага складу, падпалкоўнік Юрый КАЛЯДА. — На першым курсе яны будуць атрымліваць 1,8 мільёна рублёў. Таксама заключаем кантракты на час навучання і пяць гадоў службы на афіцэрскіх пасадах пасля яго завяршэння. У кантракце прапісаны абавязкі бакоў, у тым ліку — умовы датэрміновага скасавання. Калі курсанта адлічваюць з інстытута, яму даводзіцца пакрываць выдаткі дзяржавы на падрыхтоўку.

У сярэднім навучанне аднаго афіцэра-пагранічніка каштуе дзяржаве прыкладна 150 мільёнаў рублёў за год. Таму, калі курсант будзе адлічаны, напрыклад, з другога курса, вяртаць прыйдзецца ўжо 300 мільёнаў. Неблагая матывацыя старанна вучыцца і трымаць дысцыпліну.

Але тут не імкнуцца кагосьці напужаць. Наадварот, пра тое, што чакае будучых курсантаў, можна адразу даведацца ў старшакурснікаў, якія выконваюць ролю своеасаблівых «гідаў».

— Мы кансультуем абітурыентаў па ўсіх пытаннях, — расказваюць чацвёртакурснікі Яўген ТРАЯН і Аляксандр КЕРНАЖЫЦКІ. — Пытанні самыя розныя, ад «Што з сабой узяць?» і «Ці націраюць берцы?» да «Ці цяжка тут увогуле вучыцца?». Яшчэ адно распаўсюджанае пытанне датычыцца мабільных тэлефонаў, але адказ просты — карыстацца можна толькі ў вольны ад вучобы час. Асабліва хвалююцца не столькі будучыя курсанты, колькі іх бацькі. Насамрэч перажываць няма чаго — наперадзе хлопцаў чакае самае цікавае: першыя заняткі, паездкі ў цікавыя месцы. Галоўнае, што павінен мець курсант — гэта патрыятызм: калі ён ёсць — усё атрымаецца.

Аляксандр ПРАНЕВІЧ прыехаў у Мінск з Драгічына. Сёлета Інстытут пагранічнай службы закончыў яго старэйшы сын, малодшы пайшоў па тым жа шляху і таксама выбраў гэту ВНУ.

— Безумоўна, мяне перапаўняе гонар за сваіх дзяцей, — дзеліцца мужчына. — У нас у сям'і не было вайскоўцаў, але мы заўсёды казалі хлопцам, што афіцэр — гэта прыклад маральнай чысціні, дысцыпліны, можа, таму яны і выбралі такую будучыню. Калі меркаваць па старэйшым сыне, то яго вучоба змяніла вельмі моцна. Ён стаў больш адказным, больш сур'ёзным, ну і, вядома, больш мужным. Чакаем такіх жа змен і ад малодшага.

«У мяне ў сям'і шмат вайскоўцаў, — кажа будучы курсант Уладзіслаў ШПАКОЎСКІ. — Таму з дзяцінства я на свае вочы бачыў, што сабой уяўляе служба. І выбар, чым заняцца пасля школы, зрабіць было няцяжка. Дзядуля служыў пагранічнікам, таму я працягваю дынастыю. Ад вучобы і службы чакаю ў першую чаргу набыцця новых прафесійных якасцяў і паспяховай кар'еры. Гэтага ж хочуць і мае родныя.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

lyskavets@zvіazda.by

 


Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.