Вы тут

Выхаванне прыгажосцю


У Ашмянскую школу прыязджаюць на фотасесію нават з іншых раёнаў.

Незвычайна, але факт: вясельныя картэжы, каб сфатаграфавацца, ужо неаднойчы спыняліся ў Ашмянах каля сярэдняй школы № 1. І не толькі мясцовыя жыхары, але нават і госці з суседніх раёнаў. Аб гэтым карэспандэнту «Звязды» паведаміў дырэктар школы, заслужаны настаўнік Беларусі Міхаіл ГРУЖЭЎСКІ.

[caption id="attachment_92790" align="alignnone" width="600"]Мі­ха­іл ГРУ­ЖЭЎ­СКІ з сё­лет­ні­мі вы­пуск­ні­ка­мі шко­лы. Мі­ха­іл ГРУ­ЖЭЎ­СКІ з сё­лет­ні­мі вы­пуск­ні­ка­мі шко­лы.[/caption]

22-21 22-22

Чым жа так прываблівае, здавалася б, звычайная прышкольная тэрыторыя? Гэта цяжка перадаць словамі — трэба бачыць. Дзівосны прыродны куток, які шмат гадоў таму стаў стварацца па ініцыятыве Міхаіла Мар'янавіча. Пачыналі з некалькіх кветкавых клумбаў, а цяпер тут ужо сапраўдны парк, упрыгожаны шматлікімі відамі раслін і рознымі архітэктурнымі формамі. Усё сваімі рукамі — настаўнікаў і вучняў. Для сябе і ўсіх, каму такое хараство не толькі даспадобы, але і дае прыклад для пераймання.

— Не цікава, калі нічога ля школы не змяняецца. Тым больш што задум і фантазіі ў нас хапае. Два гады таму, напрыклад, з'явіўся вось гэты «замак», сёлета — новыя кветачніцы з каменю. А крыху раней — адзін, потым другі фантан, — зазначае Міхаіл Гружэўскі.

Фантаны, паколькі ваду трэба эканоміць, працуюць не пастаянна, а ў асноўным падчас школьных свят. Акрамя таго, зрабілі замкнуты цыкл водазабеспячэння паркавай тэрыторыі: помпа гоніць ваду ўгору, а адтуль яна ідзе самацёкам.

Зразумела, што клопатаў паркавая гаспадарка, а таксама школьны стадыён патрабуюць шмат, асабліва летам, калі трава расце як на дражджах. Для гэтага дзеці штодзённа па графіку прыходзяць сюды на працоўную практыку.

Мясцовыя жыхары, паколькі ў мікрараёне Заходні такой зоны адпачынку пакуль няма, амаль штодзённа карыстаюцца паслугамі школы. У парку адпачываюць мамы з каляскамі, на стадыёне гуляюць не толькі выхаванцы гэтай навучальнай установы, а ўсе ахвотныя. Уваход вольны, брамка зачыняецца толькі на ноч. Вядома, вартаўнік сочыць за парадкам, аднак нічога дрэннага ніколі не здаралася. Пэўна, прыгажосць, якая тут стала ўжо нормай, выхоўвае не толькі школьны калектыў.

— Складаем графік водпускаў так, каб на стадыёне пастаянна быў наш настаўнік — прыглядваў за дзецьмі, выдаваў мячы, нешта арганізоўваў, — кажа Міхаіл Гружэўскі.

Дарэчы, у школе можна павучыцца не толькі ўзорнаму парадку, што неаднойчы адзначалася на абласных і рэспубліканскіх конкурсах, але і ўменню зарабляць грошы. Сёлетняе заданне (220 мільёнаў рублёў) ужо перавыканалі — дзякуючы платным адукацыйным паслугам, здачы металалому і макулатуры, а таксама канцэртам. У школе тры ўзорныя калектывы — фальклорны тэатр песні і танцу «Званочкі», эстрадная студыя «Палёт» і тэатр танца «Эфект». Яны ладзяць шмат канцэртаў, асабліва ў перыяд калядных свят — у зале заўсёды аншлаг. Акрамя таго, залу (сёлета райвыканкам дапамог абнавіць апаратуру) арандуюць іншыя арганізацыі і прадпрыемствы. Гэта таксама папаўняе школьны бюджэт.

Дзеля агульных інтарэсаў працуе і... школьная кабыла. Калі камусьці спатрэбіцца, то Машка (вядома ж, за пэўную плату) дапаможа на прысядзібным участку. А зімой яе запрагаюць у сані, каб пакатаць дзяцей па стадыёне. Ахвотнікаў нямала, бо цана новых уражанняў сімвалічная.

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchik@zviazda.by

г. Ашмяны

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.