Вы тут

Ад вайны збеглі


Цяпер уцекачам трэба адаптавацца жыць у краіне з адрознай культурай.

Некалькі месяцаў таму з Сірыі ў Гомель прыбылі тры сям'і, якія сёння чакаюць прысваення статусу бежанца. Дарэчы, па праграме ААН ім былі прадастаўлены новыя кватэры з мэбляй і неабходнай бытавой тэхнікай.

[caption id="attachment_92794" align="alignnone" width="400"]Сям'я Іма­да Ахма­да. Сям'я Іма­да Ахма­да.[/caption]

Між іншым, тры сям'і — гэта 14 чалавек. Хутка іх колькасць павялічыцца, бо Саза Ахмад літаральна праз месяц стане матуляй пяты раз. Яе муж Імад нядаўна працаўладкаваўся ў адзін з гомельскіх рэстаранаў. Стравы, якія ён гатуе, карыстаюцца папулярнасцю ў наведвальнікаў. Сярэдняя дачка Сазы і Імада падышла да мяне знаёміцца, назвала сваё імя: Зейна. Кемлівая дзяўчынка паўтарае словы на чужой для яе мове і, глядзіш, неўзабаве хутка будзе сама вучыць бацькоў.

Дарэчы, адаптацыя для грамадзян краіны зусім іншай культуры адбываецца дастаткова складана. Крыху размаўляць за гэты час навучыліся толькі мужчыны. Дарэчы, адзін з іх мову ведае лепш за іншых. Хасан Шыбат заканчваў Харкаўскі медыцынскі ўніверсітэт і таму цяпер для ўсіх з'яўляецца перакладчыкам. Спадзяецца, што хутка атрымаецца пацвердзіць свой дыплом і пачаць працаваць па спецыяльнасці.

Канфлікт у Сірыі доўжыцца ўжо пяць гадоў. Узброеныя сутыкненні прывялі да таго, што больш за тры мільёны чалавек сталі бежанцамі. Амаль 100 з іх знаходзяцца ў Беларусі. Як і іншыя, Мухамед Чыку вывез сям'ю далей ад вайны. У родным Кабане радыкальныя ісламісты спалілі яго краму і збіраліся расправіцца з жонкай і дзецьмі. Потым былі ўцёкі ў ліванскі офіс ААН, а ўжо адтуль іх адправілі ў Беларусь. Усе ў адзін голас кажуць, што ў нашай краіне ім вельмі падабаецца: чыста, спакойна, вельмі добразычлівыя людзі.

Бежанцаў у Беларусі пад свой кантроль узялі супрацоўнікі ўпраўлення ўнутраных спраў: разам з прадстаўнікамі ААН яны займаюцца адаптацыяй замежнікаў. Не ўсё адбываецца хутка і проста, як бы хацелася. Магчыма, не супадаюць чаканні і рэчаіснасць. Да таго ж замежнікі добра ведаюць пра тыя «тлустыя» дапамогі, якія атрымліваюць іх суайчыннікі ў аналагічных сітуацыях у некаторых краінах Заходняй Еўропы. І чамусьці ўпэўнены, што так павінна быць і ў Беларусі. У нашай краіне, напрыклад, частка тых дапамог, якія прадастаўляюцца бежанцам, потым ідзе на аплату іх жылля.

Начальнік упраўлення па грамадзянстве і міграцыі УУС Гомельскага аблвыканкама Ірына Кобрусева гаворыць, што наш бок імкнецца стварыць камфортныя ўмовы для пражывання грамадзян Сірыі:

— На заканадаўчым узроўні ёсць магчымасці, каб аказаць дапамогу гэтым сем'ям. Неабходна толькі жаданне саміх грамадзян як мага хутчэй інтэгравацца ў наша грамадства, вучыць мову, пайсці працаваць і зарабляць сродкі на сваё жыццё.

Прадстаўнік Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў у Беларусі Жан Іў Бушардзі нядаўна пабываў з афіцыйным візітам у Гомельскай вобласці. Ён адзначыў, што прадстаўніцтва хадайнічае пра павелічэнне бюджэту для аплаты выдаткаў на арэнду жылля, медыцынскіх і іншых паслуг для вымушаных перасяленцаў. Дарэчы, размова ішла не толькі пра сірыйцаў, але і пра грамадзян Украіны. Ён адзначыў, што арганізацыя і надалей працягне цеснае супрацоўніцтва з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа, Дэпартаментам па грамадзянстве і міграцыі і іншымі партнёрамі.

Разам з дыпламатам у Гомельскай вобласці пабывала сірыйскі фундатар, член Мінскага міжнароднага клуба жонак паслоў і дыпламатаў Эўлін Абейд Юсэф. Яна адзначыла, што неабходна вывучыць патрэбы выхадцаў з Сірыі, каб наладзіць цесны кантакт з імі і аказваць дапамогу на пастаяннай аснове.

Таксама праведзены перамовы з кіраўніцтвам гомельскага прадпрыемства ААТ «Сейсматэхніка» па пытаннях працаўладкавання вымушаных мігрантаў з Украіны. Паток апошніх, між тым, не прыпыняецца. Цяпер на Гомельшчыне налічваецца звыш 8 тысяч былых жыхароў Украіны.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Фота аўтара

astashkevich@zviazda.by

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.