Вы тут

Не скаргай адзінай...


Многія тэлефануюць паўторна, але не з чарговай просьбай, а з падзякай.

Як сведчаць водгукі, тэлефонныя «прамыя лініі», што праводзяцца на Міншчыне, запатрабаваны ў жыхароў. З пачатку года падчас іх у райвыканкамы і Жодзінскі гарвыканкам паступіла 2148 званкоў, а ў Мінаблвыканкам — 750. З аднаго боку, гэта сведчанне даверу да абласных улад. Але ж... Многія пытанні можна было б вырашыць непасрэдна на месцах. Ды некаторыя заяўнікі, відаць, лічаць, што чым вышэйшая інстанцыя, тым большая гарантыя, што іх «бяду» рукамі развядуць. На жаль, такую псіхалогію цяжка пераламаць адначасна. Неабавязкова звяртацца ў вобласць, каб адрамантаваць, напрыклад, казырок пад'езда. З гэтай праблемай паспяхова справяцца мясцовыя камунальнікі.

Па даручэнні старшыні Мінаблвыканкама Сямёна Шапіры ў кожным раёне складзены і надрукаваны ў мясцовых сродках масавай інфармацыі спісы чарговасці газіфікацыі вуліц, населеных пунктаў, капітальнага рамонту жылых дамоў, уладкавання дарог, падвядзення камунікацый да прыватных забудоў, добраўпарадкавання двароў і іншае. Такі падыход мае на ўвазе празрыстасць, прынцып справядлівасці і роўнасці. Ды знаходзяцца вельмі дасціпныя заяўнікі, якія хацелі б абысці чаргу. Між іншым, ніводзін з кіраўнікоў, што выслухоўвае іх звароты, не дае неабгрунтаваных абяцанняў: правіла, агульнае для ўсіх.

На «прамую лінію» часта звяртаюцца грамадзяне з пытаннямі, якія немагчыма вырашыць адразу. Яны патрабуюць карпатлівага аналізу, дэталёвага вывучэння з выездам на месца зацікаўленых службаў, спецыялістаў. Да таго ж, заяўнікі не заўсёды дакладна абмалёўваюць сітуацыю, даводзіцца цярпліва высвятляць дэталі, сутнасць звароту. Здараецца і так, што чалавек перабольшвае праблему, а то і наогул, як потым становіцца вядома, хітрыць, падманвае. Так, у Мінаблвыканкам звярнулася жанчына з Заслаўя. Гаспадыня вырошчвае гародніну на прысядзібным участку, а прадаваць няма дзе. У Мінскім райвыканкаме, маўляў, абяцалі вызначыць месцы для гандлю, але не зрабілі гэтага. Старшыня райвыканкама паведаміў, што ў Заслаўі спецыяльна адведзены месцы, дзе можна прадаць прадукцыю з асабістага падворка. Для гэтага неабходна звярнуцца ў адміністрацыю гандлёвага цэнтра для заключэння дагавора арэнды. З Маладзечна паскардзіліся на якасць будаўніцтва дома: вентыляцыя прамярзае, у кватэры цвіль. Маўляў, у недаробках вінаватыя праекціроўшчыкі. На самой справе выявілася, што на кухні вентыляцыйны канал працуе не на поўную магутнасць: на тры чвэрці закрыты выцяжкай. У гэтым вінаваты самі гаспадары. Разам з тым праектнай арганізацыі даручана пракантраляваць сітуацыю ў зімовы перыяд. І ў тым выпадку, калі на столі будуць з'яўляцца плямы, прадугледзець варыянты, як вырашыць праблему.

— Бясспрэчна, ёсць пытанні, якія не патрабуюць вялікіх фінансавых затрат і высілкаў. Яны вырашаюцца хутка, — распавяла начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Мінаблвыканкама Аксана Таранда. — Жыхары Мачулішчаў скардзіліся на стан каналізацыйных сетак. Спецыялісты правялі пазапланавую прамыўку сістэмы, і цяпер яна працуе ў штатным рэжыме.
З Сеніцы патэлефанавалі, што дрэнна працуе вентыляцыйная сістэма. Цяпер яна прачышчана. Вілейская жыллёва-камунальная гаспадарка паведаміла, што выкананы работы па адводзе вады з участка заяўніцы. Салігорскі райвыканкам даў адказ, што праведзены ямачны рамонт пад'езду да дома №61 па вуліцы Кастрычніцкай, тут устаноўлены сметніцы, пафарбаваны лаўкі. Бацькі вучняў Смалявіцкай сярэдняй школы №2 паскардзіліся на недахоп гурткоў па інтарэсах для малых.
У выніку індывідуальнаму прадпрымальніку прадастаўлена ў арэнду памяшканне для правядзення заняткаў для дзяцей малодшага школьнага ўзросту на базе ўстановы адукацыі. Пасля гэтага з такой жа просьбай звярнуліся і бацькі выхаванцаў школы №3. Раённы аддзел адукацыі накіраваў у выканкам пісьмо для ўзгаднення дагавора арэнды, дазвол атрыманы.

Сапраўды, дзякуючы «прамым лініям» жыхары вобласці атрымліваюць і кампетэнтныя адказы на ўсе запыты, а многія, калі іх прэтэнзіі, скаргі абгрунтаваныя, дапамогу. Знаходзяцца і тыя, хто не забывае патэлефанаваць паўторна, але не з чарговай просьбай, а з падзякай.
У прыватнасці, жыхарка Смалявіч знайшла час, каб выказаць словы ўдзячнасці за добраўпарадкаванне пад'езда да шматкватэрнага дома, дзе яна пражывае.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

 

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.