Вы тут

Сітуацыю ў гандлі неабходна выправіць


Дэпутаты гатовы садзейнічаць росту таваразвароту паміж Беларуссю і Кыргызстанам.

У гэтым Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка запэўніў новага пасла Кыргызскай Рэспублікі ў Беларусі Кубанчыбека Амураліева на сустрэчы ў беларускім парламенце.

Кіраўнік ніжняй платы павіншаваў спадара Амураліева з прызначэннем на пасаду Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Кыргызскай Рэспублікі ў Беларусі.

— Мы ўпэўнены, што ваш багаты вопыт дыпламатычнай работы дазволіць яшчэ больш пашырыць нашы сяброўскія сувязі, — сказаў Уладзімір Андрэйчанка. — Беларусь надае вялікую ўвагу супрацоўніцтву з вашай краінай.

Спікер нагадаў, што беларускі парламент адным з першых ратыфікаваў Дагавор аб далучэнні Рэспублікі Кыргызстан да Еўразійскага эканамічнага саюза.

— Думаю, што далучэнне да гэтага дагавора адкрые новыя перспектывы, у тым ліку і для Кыргызстана, бо каля 40% вашага экспарту прыпадае на краіны Еўразійскага эканамічнага саюза, — сказаў Уладзімір Андрэйчанка.

Разам з тым беларуска-кыргызскія эканамічна-гандлёвыя адносіны апошнім часам пагаршаюцца. У 2014 годзе таваразварот паміж дзвюма краінамі склаў $95 млн, што на 14% менш, чым у 2013 годзе. За пяць месяцаў гэтага года мы ўвогуле нагандлявалі толькі на $16 млн. У сувязі з гэтым адной з важных задач і для парламентарыяў, і для дыпламатаў Андрэйчанка назваў павелічэнне таваразвароту паміж Беларуссю і Кыргызстанам. «Ён у нас быў $230 млн у 2011 годзе, і думаю, што гэта не мяжа, — заўважыў спікер ніжняй палаты. — Нам трэба не толькі гандляваць, але і больш працаваць па кааперацыі, стварэнні сумесных прадпрыемстваў, зборачных вытворчасцяў. Парламентарыі гатовы садзейнічаць гэтым праектам. Нашы дэпутаты ўдзельнічаюць у рабоце міжурадавых камісій. І добра, што сёлета міжурадавая беларуска-кыргызская камісія па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве аднавіла сваю работу пасля сямігадовага перапынку».

Парламенцкія адносіны з Кыргызстанам Уладзімір Андрэйчанка ахарактарызаваў як канструктыўныя. Старшыня ніжняй палаты перадаў просьбу кіраўніку кыргызскага парламента накіраваць прадстаўнікоў у склад назіральных місій парламенцкіх асамблей АДКБ, АБСЕ і Савета Еўропы, якія ўжо запрошаны для назірання за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі 11 кастрычніка гэтага года. «Мы жадаем, каб гэта было маштабнае назіранне, з нашага боку ніякіх абмежаванняў ва ўдзеле міжнародных назіральнікаў не будзе», — запэўніў спікер.

Спадар пасол у сваю чаргу падзякаваў беларускім дэпутатам за падтрымку Дагавора аб далучэнні Кыргызстана да Дагавора аб ЕАЭС і пагадзіўся, што саюзніцкія адносіны падштурхнуць гандлёва-эканамічныя сувязі нашых краін. Кубанчыбек Амураліеў таксама выказаў надзею на актывізацыю ўзаемаадносін Беларусі з Шанхайскай арганізацыяй супрацоўніцтва ў сувязі з павышэннем статусу нашай краіны ў гэтай арганізацыі да ўзроўню назіральніка.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

medvedeva@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?