Вы тут

Неабгрунтаванага росту цэн не будзе


Пра гэта паведаміла намеснік міністра гандлю Беларусі Ірына Наркевіч, якая адзначыла, што сёлета па тых групах тавараў, цэны на якія рэгулююцца Мінгандлю, цэннікі ўвогуле засталіся стабільнымі.

У рэжыме рэкамендацый

У прыватнасці, яна адзначыла, што цяпер Міністэрства гандлю працягвае кантраляваць змяненне цэн на спажывецкія тавары і патрабуе не дапускаць іх неабгрунтаванага росту. А па рэгуляваных групах тавараў павышэння коштаў не было з пачатку года. Больш за тое, сёння Мінгандлю вызначыў памеры гандлёвых надбавак (у якасці рэкамендацый) на нерэгуляваныя віды тавараў, прапанаваў рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання і мясцовым выканаўчым органам і канцэрнам наладзіць сістэмную работу ў падведамасных арганізацыях па зніжэнні выдаткаў вытворчасці ў мэтах недапушчэння росту коштаў на сваю прадукцыю.

Паводле слоў Ірыны Наркевіч, ведамства пастаянна ажыццяўляе кантроль за сітуацыяй на спажывецкім рынку і сочыць за ростам цэн на тавары. Сёння гэтая сітуацыя стабільная, упэўнена намеснік міністра, што пацвярджаецца статыстычнымі звесткамі. Напрыклад, сёлета ў студзені інфляцыя склала 2,4%, у лютым — 1,7%, у той жа час курс долара за першы месяц года павялічыўся амаль на 30%. «Пасля стабілізацыі сітуацыі на валютным рынку інфляцыя ў краіне штомесяц не выходзіць за параметр ў 1%. Так, у сакавіку гэты параметр склаў 0,8%, у красавіку — 0,9%, а ў маі і чэрвені — 0,7%», — патлумачыла Ірына Наркевіч.

Мінгадлю больш не збіраецца проста сачыць за дзеяннем розных аператараў на спажывецкім рынку, а будзе актыўна кантраляваць выкананне заканадаўства аб цэнаўтварэнні. А пры неабходнасці можна і карэктавацць узровень рэгуляваных гранічных максімальных гандлёвых надбавак да адпускных цэн на сацыяльна значныя тавары для арганізацый гандлю ўсіх формаў уласнасці і падпарадкаванасці. Паводле яе слоў, адной з дзейсных мер з'яўляецца аператыўнае ўвядзенне цэнавага рэгулявання тэрмінам на 90 дзён на вызначаны пералік сацыяльна значных тавараў у выпадку ўзнікнення крытычнай сітуацыі на спажывецкім рынку па канкрэтнай таварнай пазіцыі. Акрамя таго, міністэрства лічыць мэтазгодным рэгулярна праводзіць стокавыя акцыі, кірмашы-распродажы айчынных тавараў па зніжаных цэнах.

Без ажыятажу і дэфіцыту

Галоўным вынікам працы гандлёвай галіны ў першым паўгоддзі Ірына Наркевіч лічыць захаванне стабільнай сітуацыі на ўнутраным спажывецкім рынку, калі назіраецца шырокі асартымент харчовых і нехарчовых тавараў, у большай частцы айчыннай вытворчасці. Калі няма дэфіцыту, то і адсутнічае ажыятаж, лічыць спадарыня Наркевіч.

Паводле яе слоў, галіна актыўна развіваецца, што пацвярджаецца перавыкананнем прагнозных тэмпаў росту рознічнага таваразвароту ў супастаўных цэнах. Так, у 2011 годзе ён склаў 109%, у 2012 годзе — 114,1%, 2013 — 118%, у 2014 годзе — 106%. Атрымліваецца, што за апошнія 5 гадоў рознічны таваразварот у супастаўных цэнах павялічыўся у 1,6 раза.

Ірына Наркевіч падкрэсліла, што цяпер доля гандлю ў ВУП краіны складае 12,2%, а гэта другое месца сярод галін эканомікі пасля апрацоўчай прамысловасці. «У краіне цяпер назіраюцца станоўчыя тэмпы развіцця галіны — рост рознічнага таваразвароту ў першым паўгоддзі сёлета склаў 101,1%», — адзначыла Ірына Наркевіч. Вядома, што ў І квартале сёлета ў гандаль прыцягнута каля 268 млн долараў, ці 26,7% ад агульнарэспубліканскага аб'ёму прамых замежных інвестыцый. А менавіта стабільны прыток замежнага капіталу на працягу апошніх гадоў стаў добрай асновай для далейшага развіцця.

Імпарт зменшыць ільготнае крэдытаванне

Для ажыццяўлення больш актыўных продажаў уласнай прадукцыі Мінгандлю выступае за ўвядзенне льготнага спажывецкага крэдытавання айчынных тавараў.

Менавіта ў мэтах павелічэння долі продажаў прадукцыі айчыннай вытворчасці, зніжэння імпарту такіх тавараў, а таксама для сацыяльнай падтрымкі насельніцтва міністэрствам падрыхтаваны праект указа, які прадугледжвае прадастаўленне льготных спажывецкіх крэдытаў у парадку, у асноўным аналагічным Указу ад
6 ліпеня 2009 г №371.

Разам з тым Ірына Наркевіч адзначыла, што Мінгандлю сумесна з галіновымі ведамствамі і канцэрнамі, вытворцамі і арганізацыямі гандлю выкарыстоўваецца шэраг захадаў для прыярытэтнага забеспячэння ўнутранага рынку менавіта айчыннай прадукцыяй ва ўмовах максімальнай яго адкрытасці. Паводле яе слоў, сёння доля айчынных тавараў на ўнутраным рынку істотна пераважвае. А па харчовай групе ён больш чым на 80% забяспечваецца за кошт айчыннай прадукцыі.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Дарэчы

Пакупнікі замежных інтэрнэт-крам могуць трапіць пад дадатковы збор

Ідэю аб увядзенні збору пры куплі тавараў у замежных інтэрнэт-крамах зноў агучыла ўчора намеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч.

На яе погляд, Мінгандалю і міжнародная практыка стаяць на абароне ўнутранага рынку. Міністэрства ў першую чаргу зацікаўлена, каб развіваўся дробны гандаль айчыннымі таварамі і праз нашы анлайн-крамы. А для гэтага трэба распрацаваць спецыяльны ахоўны механізм на рынку, лічыць намеснік міністра. Паводле яе слоў, «цяпер абмяркоўваюцца методыка збірання, сума такога збору і г.д». Нядаўна Нацбанк даручыў камерцыйным банкам разгледзець тэхнічную магчымасць збірання дадатковага збору з фізічных асоб пры куплі тавараў у замежных інтэрнэт-крамах. Аднак банкі адказалі рэгулятару, што не маюць тэхнічнай магчымасці браць такі падатак у момант аплаты карткай. Праўда, такі адказ Мінгандлю не задаволіў.

Ірына Наркевіч адзначыла, што спяшацца з укараненнем такой ініцыятывы не варта, а трэба дасканала вывучыць міжнародны вопыт, адаптаваць яго на беларускі рынак, улічваць асаблівасці Еўразійскага эканамічнага саюза. Гэта так, але ад самой ідэі ўвядзення дадатковага збору ў Мінгандлю не адмаўляюцца.

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.