Вы тут

«Магістральны» выбар дзяўчыны


Мужчынская справа не перашкаджае заставацца ёй жаноцкай

...Памятаю, як упершыню ўбачыла Вольгу. Невысокага росту, танюткая, прыгожая, на абцасах і ў элегантнай сукенцы. І галоўнае — са шчырай, светлай усмешкай. Мы разгаварыліся. Слова за слова, і раптам высвятляецца, што гэтай мілай дзяўчыне на працы даводзіцца круціць балты і рамантаваць чыгуначныя пуці...

Я прыехала на чыгуначную станцыю «Сцяпянка», дзе ўжо не ў вячэрнім строі, а ў працоўным адзенні, так званай «робе», мяне сустрэла ўсё тая ж усмешлівая Вольга Рыпінская. І расказала, як гэта — быць электрамеханікам.

Безимени-1

— Ты добра пішаш вершы і прозу, малюеш. І я задаюся пытаннем: чаму менавіта гэтая прафесія?

— У школе асабліва любіла матэматыку, фізіку, хоць спраўлялася з усімі прадметамі і магла выбраць любую спецыяльнасць. Але ж мы з аднакласнікам з дзяцінства марылі стаць праваднікамі. Калі прыехалі паступаць у Брэсцкі дзяржаўны каледж чыгуначнага транспарту пасля 11 класа, то месцаў на гэтую спецыяльнасць ужо не было. І тады хтосьці падказаў, што з нашымі баламі атэстатаў можна пайсці і «вышэй». Я выбрала электрамеханіку — акурат па балах атрымлівалася. У прыёмнай камісіі мяне папярэдзілі, што я магу аказацца адзінай дзяўчынай у групе. Гэта, вядома, мяне не спужала (усміхаецца). Аказалася, нас такіх бясстрашных было шасцёра з 25 чалавек.

Вучыцца было вельмі складана. Напэўна, таму працаваць цяпер лёгка. Тады трэба было пастаянна чарціць і запамінаць шмат схем. Часам пераносілі іх з падручнікаў на рулон міліметроўкі ў 25 метраў. Было няпроста, але ў мяне добра атрымлівалася. Нават хлопцам дапамагала. Поўны халадзільнік шакаладак заўжды мела (смяецца). Зразумела ж, у нас была і слясарная практыка, і мантажная, а таксама вучыліся паяць.

— У чым цяпер заключаецца твая праца?

— Асноўная задача электрамеханіка — работа са схемамі. Разабрацца, што ў іх не працуе. А манцёры ўжо павінны выпраўляць усё на месцы: круціць балты, напрыклад. Работнікаў у нас часам не хапае, таму часта даводзіцца рабіць усё самой.

— Ці ёсць у калектыве яшчэ дзяўчаты?

— Сярод электрамеханікаў і манцёраў на ўчастку ад Мінска-Пасажырскага да Барысава — адна я. Але ўвогуле на дыстанцыях у іншых аддзяленнях, напрыклад касірамі, жанчын працуе даволі шмат. Сярод мужчын мне падабаецца. У жаночым калектыве ўсе заўжды ўсіх абмяркоўваюць. Хто як апрануўся, як дома справы, як іншыя людзі сябе паводзяць. А з мужчынамі ўсё значна прасцей. З імі таксама можна пагаварыць пра ўсё — ад машын да нейкіх асабістых пытанняў — але яны не асудзяць і падтрымаюць. Што датычыцца іх стаўлення да мяне, то я раблю працу так, як і мужчыны. Яны гэта бачаць, цэняць і дапамагаюць, калі раптам што ў мяне не атрымліваецца. Адгукаюцца заўжды. Хоць ставяцца да мяне ўсё адно паважліва і клапатліва.

— А як наконт моцных слоўцаў?

— У маёй прысутнасці ўсе стараюцца іх не выкарыстоўваць. І я таксама. Але ж бываюць розныя сітуацыі. Напрыклад, прашу пуцевікоў штосьці зрабіць. Ласкава, часам з жартам. Яны не выканаюць, і на наступны дзень я зноў ім нагадваю. Сітуацыя паўтараецца. А на трэці ўжо прыходзіцца падыходзіць і тлумачыць больш жорстка. Але я стараюся, па магчымасці, пазбягаць гэтага.

...Дзяўчына-электрамеханік, натуральна, не вельмі тыповая з'ява. Вольга кажа, што часта, калі міма «Сцяпянкі» праязджаюць чыгуначнікі з іншых станцый, то, убачыўшы яе, усміхаюцца. Прыязна і па-добраму.

Вераніка ПУСТАВІТ

Фота аўтара

pustavit@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.