Вы тут

Як «падаіць» пчалу, або пра свежае паветра, уражанні і адкрыцці


Некалі мы з аднакурснікамі на журфаку жартавалі, што выбралі няправільную спецыяльнасць — трэба было вучыцца на пчаляроў: працуеш сабе на прыродзе, зарабляеш грошы, а дома заўсёды пад рукой універсальны медыкамент і ласунак. Жарты жартамі, але сапраўды цікава, што сабой уяўляе гэта прафесія. У Беларусі спецыялістаў у сферы пчалярства рыхтуюць у Смілавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы. Мы сустрэліся з двума выпускнікамі ўстановы, якія працуюць па размеркаванні на пчальніках агракамбіната «Ждановічы», і даведаліся, што прымусіла іх выбраць такі незвычайны занятак.

23-15

Развядзеннем пчол агракамбінат «Ждановічы» заняўся некалькі гадоў таму. За гэты час першапачатковыя трыццаць пчаліных сем'яў ператварыліся ў трыста, а таму ўтрымліваць усе іх на адной тэрыторыі няма сэнсу — не пракормяцца. Кожны пчаляр забірае вуллі туды, дзе жыве сам, і пчолы падарожнічаюць па ўсёй Беларусі. Сем'і, за якія адказваюць маладыя спецыялісты Максім КУЛАГІН і Андрэй ПЕТРАКОВІЧ, цяпер знаходзяцца непадалёк ад Мінска, каля вёскі Яркава. Тут размяшчаецца сад агракамбіната, а пчол выкарыстоўваюць у ролі «сезонных рабочых» — яны апыляюць пладовыя культуры. Праўда, мёд адсюль не збіраюць, бо дрэвы апрацаваны інсектыцыдамі.

У цэнтры імправізаванага пчальніка — вагончык, акружаны з усіх бакоў вуллямі. Тут і праводзяць хлопцы свой працоўны дзень. Наўкол — атрыбуты пчалярскай працы: медагонка, дымар, прычэп з брускамі, з якіх збіраюць рамкі для пчол, маскі...

22-гадовы Андрэй Петраковіч родам з Барысаўскага раёна, з двух гадоў рос у інтэрнаце. У школе ён вучыўся нядрэнна, і настаўнікі раілі яму атрымліваць сярэднюю спецыяльную адукацыю. Андрэй спыніў свой выбар на Мар'інагорскім аграрна-тэхнічным каледжы, на спецыяльнасці «тэхнік-механік». Але прафесія не прыйшлася яму па душы: не хапала ўседлівасці і цікавасці. Таму праз год хлопец забраў свае дакументы. Якраз у гэты час яго брат, які вучыўся ў Смілавічах на заатэхніка, расказаў, што ў мясцовы каледж набіраюць навучэнцаў на спецыяльнасць «пчалярства».

— Я тады засмяяўся, кажу: «Якое пчалярства, я ж пра пчол нічога не ведаю?» — узгадвае Андрэй. — Але потым вырашыў, што гэта не горшы варыянт — і каледж добры, і спецыяльнасць незвычайная.

Вучыцца, па словах Андрэя, было няцяжка. Агульнаадукацыйныя дысцыпліны даваліся яму лёгка, а профільныя прадметы былі цікавымі. У Смілавічах існаваў свой пчальнік на 70 сем'яў, дзе недасведчаныя ў пчалярстве навучэнцы спазнавалі азы прафесіі.

Зусім іншая гісторыя ў Максіма Кулагіна, якому цяпер 21 год. Хлопец родам з Міёрскага раёна, гадоў пяць таму, яшчэ калі быў школьнікам, летам пайшоў падпрацоўваць памочнікам пчаляра. Яшчэ раней яго бацька таксама меў невялікі пчальнік, таму, як клапаціцца пра пчол, Максім меў уяўленне.

Калі некаму здаецца, што пчалярства — нескладаная навука, то ён памыляецца: хлопцы катэгарычна абвяргаюць такую думку. Сярод профільных прадметаў — аграномія, батаніка, кармавая база і біялогія меданоснай пчалы, хваробы і шкоднікі, тэхнічнае забеспячэнне пчалярства... Іх рамяство знаходзіцца на перасячэнні многіх прыродазнаўчых і тэхнічных навук, і ведаць трэба шмат.

Год таму Андрэй і Максім скончылі навучанне і падаліся на першае месца працы. Андрэй, хоць мог і не размяркоўвацца, усё ж-такі вырашыў скарыстацца гэтым шанцам. Тым больш што хлопцам прапанавалі нядрэнны варыянт — агракамбінат «Ждановічы» адразу забяспечваў маладых супрацоўнікаў жыллём і неблагім заробкам. Абодвух спецыялістаў узялі на пасаду пчаляроў: Максім кіруе звяном, Андрэй — яго адзіны падначалены.

Найбольш напружаны час для хлопцаў — лета. У пчол пачынаецца перыяд актыўнага медазбору, а таму пчалярам трэба заўсёды быць побач. Прыходзіцца падладжвацца пад рытм насякомых, чыё імя стала сінонімам працавітасці. З васьмі гадзін раніцы да дзесяці вечара маладыя пчаляры знаходзяцца на пчальніку: сочаць за станам прыкладна ста сем'яў, іх актыўнасцю, здароўем, займаюцца выганкай мёду.

— Я люблю пагуляць, адпачыць, схадзіць у кіно ці кавярню, — смяецца Андрэй, — і таму сябры перастаюць мяне разумець. Тэлефануюць круглыя суткі: «Ты дзе?» Я кажу: «На працы». «Дык што гэта ў цябе за праца такая, што ты там і дзень, і ноч, і у будні, і ў выхадныя?!»

Нярэдка пчол даводзіцца перавозіць у іншае месца — калі адцвітае адзін меданос і пачынае цвісці іншы. Для такіх мэт хлопцам выдзелілі службовую «Ніву». Падчас аднаго з пераездаў здарыўся, можна сказаць, экстрэмальны выпадак — у накрыўцы аднаго з вулляў была дзірка, і раззлаваныя грукатам і вібрацыяй пчолы накінуліся на сваіх «апекуноў». Хлопцы са смехам распавядаюць, як яны ўцякалі ад раз'юшанай «хмары», кінуўшы машыну і ўсё, што ў ёй было. Увогуле, пастаянныя ўджаленні — спецыфіка працы, на якую пчаляры не скардзяцца. Кажуць жа, што апітэрапія станоўча ўплывае на здароўе. Андрэй дэманструе «працоўную траўму» — адразу пяць свежых укусаў каля ахілавага сухажылля. Пчолы чуюць пах яду і стараюцца джаліць у адно і тое ж месца.

Узімку працы, зразумела, менш. Пераважна, падрыхтоўка да сезона: рамонт вулляў, нарыхтоўка рамак. Заробак — ад пяці да шасці мільёнаў рублёў. Па пчалярскіх мерках, гэта нямала.

— На працу я не скарджуся, — дзеліцца Максім, — толькі што адпачываць летам няма калі. Гэта галоўны мінус. Плюсаў шмат — свежае паветра, заўсёды новыя ўражанні, новыя адкрыцці. Ад такой працы менш стамляешся. Але ўвогуле цяжка гэта патлумачыць — люблю і ўсё.

А ці любяць маладыя пчаляры галоўны прадукт сваёй працы — мёд? Абодва ўсміхаюцца — не вельмі.

Максім плануе і надалей працаваць у пчалярстве. Андрэй жа з будучыняй пакуль не вызначыўся — ён кажа, што не любіць загадваць. Яшчэ чатыры гады таму ён смяяўся з брата, які прапаноўваў яму вучыцца на пчаляра, а цяпер вось ужо год як працуе на пчальніку, таму заракацца, на яго думку, нельга.

...У Смілавіцкім каледжы набор на спецыяльнасць «пчаляр» сёлета не праводзіцца і наўрад ці будзе — няма попыту на такіх спецыялістаў. У нас дагэтуль няма адзінай арганізацыі, якая б займалася праблемамі гэтай сферы і прадстаўляла інтарэсы беларускіх пчаляроў і гаспадарак. Хлопцы кажуць, што прыкладам тут можа быць суседняя Польшча — у гэтай краіне зроблена ўсё, каб рамяство развівалася: укараняюцца новыя тэхналогіі, гаспадаркі крэдытуюцца. У нас жа ўсё трымаецца на ўласнай ініцыятыве кіраўнікоў прадпрыемстваў, як, напрыклад, у агракамбінаце «Ждановічы».

Але, на думку Андрэя і Максіма, пчалярства абавязкова павінна быць прафесіяй, а не хобі.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.