Вы тут

Mіlkі: «Трэба верыць у свае сілы!»


Група, у якой сёння спяваюць пяць чароўных дзяўчат — Марына Путнікава, Таццяна Стахоўская, Таісія Серыкава, Ганна Рай і Вікторыя Назарко, — была створана крыху больш як паўгода таму. Аляксандр Рыбак адбіраў удзельніц для гурта падчас кастынгаў па розных гарадах Беларусі. Так з'явіўся калектыў Mіlkі. Першая спроба пакарыць «Еўрафэст» дзяўчатам не ўдалася. Але яны паставіліся да сваёй няўдачы спакойна: кажуць, значыць, будзем пакараць іншыя вяршыні. Мы сустрэліся з удзельнікамі гурта перад іх выступленнем у Віцебску, каб пазнаёміцца бліжэй.

23-12

— У вас ёсць міжнародны фан-сайт. Ці адсочваеце, якія водгукі пакідаюць прыхільнікі?

Таццяна: Пішуць рознае, але каментарыі і паведамленні пераважна станоўчыя. Нам прыемна, што людзі так нас прымаюць, нягледзячы на малады ўзрост калектыву. Няхай мы сфарміраваліся толькі перад «Еўрафэстам», але народ палюбіў нас за тое, што мы рабілі. І, нават калі мы не прайшлі, публіка не перастала нас падтрымліваць — значыць, ёсць да чаго імкнуцца і трэба рухацца наперад.

Пасля адбору на «Еўрафэсце» ў дзяўчат быў творчы адпачынак. Але калектыў працягвае сваё сцэнічнае жыццё. Зараз дзяўчаты актыўна ездзяць на сумесныя канцэрты з Ларысай Грыбалёвай і Сашам Нэма. У найбліжэйшай перспектыве — запіс кліпа на любімую ўжо многімі песню «Акцэнт».

Дарэчы, дзяўчаты не толькі спяваюць у гурце, але і рэалізуюць сябе ў розных іншых сферах. Марына працуе выкладчыцай харавой дысцыпліны ў сваім горадзе, Таісія выкладае вакал дарослым, Ганна працягвае вучобу ва Універсітэце культуры, а Таццяна гастраліруе з заслужаным ансамблем Беларусі «Церніца», маючы магчымасць і спяваць, і вандраваць

Захапленне музыкай у кожнай з іх пачалося ў дзяцінстве, калі яны — з расчоскай альбо дэзадарантам замест мікрафона — ладзілі выступленні дома: уяўлялі вялікую сцэну і залу, поўную гледачоў. Потым па класічным сцэнарыі: наведванне музычнай школы, паступленне ў каледж, інстытут, дзе музыка была і застаецца іх нязменным спадарожнікам...

Таццяна: Іграю на фартапіяна, акардэоне і трохі на цымбалах. Але, ведаеце, я ніколі не думала, што буду пісаць музыку. У нас быў прадмет «Аналіз музычных формаў», які па складанасці можна параўноўваць з вышэйшай матэматыкай, таму і адчуванне многіх тонкасцяў прыйшло з часам. Потым аднойчы напісаны мной твор паслухаў паэт Іван Цітавец (ён працуе ў суаўтарстве з Ігарам Лучанком) і даў яму паглядзець на маю работу. Не скажу, быццам я вялікі майстар у такой справе, але імкнуся ў сваіх мелодыях дзяліцца часцінкай сваёй душы, расказваць пра свае пачуцці. У выніку я напісала гімн Траецкаму прадмесцю, які выконвае ансамбль «Свята». І гэта прыемна, калі можаш рэалізоўвацца і як малады кампазітар. Пішу музыку ў патрыятычным стылі для класічных і народных хораў.

Таісія: А ў мяне ўсё пачалося з таго, што я прыйшла да бацькоў і сказала: пайду вучыцца ў музычную школу (чым спачатку шакіравала іх). Але калі ўжо я сама была гатова ўсё кінуць, менавіта бацька адгаварыў мяне ад гэтага кроку. Ён хацеў, каб я спявала, займалася музыкай і развівалася ў гэтай сферы. Зараз я паралельна працую яшчэ ў адной групе, якая грае фолк — мы выконваем беларускія народныя песні ў сучаснай апрацоўцы ў суправаджэнні кантрабаса, гітары, флейты, баяна, джамбэя...

23-11

— Як вашы бацькі паставіліся да жадання зрабіць музыку прафесіяй?

Таццяна: У мяне маці — фармацэўт-правізар, таму заўсёды казала, што вучыць хімію і займацца адкрыццём новых лекаў — вельмі важная і запатрабаваная праца. Спрабавала туды мяне накіроўваць, але з часам я заўважыла, як мне падабаецца разблытваць розныя невядомыя сітуацыі (я сябравала з кампаніяй хлопцаў) і захацела стаць следчым. З узростам, праўда, пачала думаць пра тое, ці жаночая гэта справа? Прыехала ў Мінск, наведвала курсы МУС і ўжо разумела, што змагу паступіць... Але ў апошні момант вырашыла падаць дакументы ва Ўніверсітэт культуры. Дома пра маё месца вучобы даведаліся толькі праз паўгода, але я зусім не шкадую аб здзяйсненні сваёй мары.

Ганна: Я ніколі не ўяўляла сябе ні ў якой іншай прафесіі. Нават у радзільным доме так гучна крычала, што ўрачы сказалі маці: верагодна, дачка ў вас будзе спявачкай. Мае бацькі мяне падтрымліваюць.

Марына: У мяне і бацька з маці, і бабуля (якая спявала ў народным хоры) хацелі, каб я займалася музыкай. Таму з таго часу, як мяне за руку прывялі ў музычную школу, музыка стала асноўным заняткам у маім жыцці.

23-9

— Раскажыце пра свае музычныя густы...

Таісія: Мой выбар музыкі залежыць ад настрою. Калі мне весела, то паслухаю нешта з такіх жанраў, як фанк і скай, а як раптам сумна робіцца, то ўратаваць зможа нешта рокавае (Led Zeppelіn, Deep Purple). Люблю басанову, калі гаварыць пра тых, у каго можна нечаму павучыцца, то тут — імёны Білі Холідэй, Селін Дыён, якая проста нешта неверагоднае робіць на канцэртах голасам.

Ганна: Я аддаю перавагу эстраднай музыцы, таму мне імпануе творчасць такіх выканаўцаў, як Pіnk, Beyonce, Maroon 5. Люблю вельмі джазавую музыку, бо на ёй я вучылася.

Марына: З задавальненнем слухаю Chrіstіna Aguіlera, Beyonce, але, бывае, і Білана магу ўключыць...

Таццяна: Я таксама прыхільніца розных стыляў у музыцы. І вельмі важна якраз тое, дзе я магу нешта пачарпнуць для сябе як выканаўца. Таму на выбар песень уплываюць не толькі ўласныя густы, але і наяўнасць у іх цікавых новых хадоў. На расійскай эстрадзе мне падабаюцца Паліна Гагарына, Валерый Меладзэ, Леанід Агуцін, Пелагея. Сярод замежных выканаўцаў мае любімыя — Bon Jovі, Chrіstіna Aguіlera, Beyonce, Shakіra. Мне падабаецца, калі ў артыста пазнавальны голас. А пры жаданні расці і развівацца прафесійна і густы музычныя мяняюцца.

— А якую дзяўчыну можна лічыць у наш час прыгожай?

Ганна: Натуральную, без любога хірургічнага ўмяшання. Дзяўчаты (і мы не выключэнне) бачаць у інтэрнэце шмат інфармацыі пра тое, як даглядаць сябе, і імкнуцца да гэтага. Аднак галоўнае — прымаць сябе такой, якая ты ёсць.

Таццяна: Наконт прыгажосці скажу як чалавек, які пісаў па гэтай тэме дыпломную працу. Знешнасць нічога не вартая без унутранага напаўнення. Нават дзеці пішуць пра тое, што ляжыць змейка, і ў яе прыгожая лускавінка, але ўнутры яна ядавітая. Ці цукерка ў прыгожай абгортцы — не заўсёды смачная. Таму, на мой погляд, аснова — якраз прыгажосць унутраная. Паверце, яна абавязкова знойдзе адлюстраванне ў знешняй.

— Як гераіні прыгожай гісторыі, што можаце параіць тым, хто таксама марыць быць на сцэне?

Таісія: Самы галоўны мой здабытак на праекце Mіlkі — вера ў сябе. Я набыла ўпэўненасць у тым, што магу дзяліцца чымсьці з іншымі. Таму не бойцеся набіваць гузакі. Вас могуць ацаніць адразу альбо доўга не заўважаць увогуле, але аднойчы абавязкова здарыцца ў вашым жыцці нешта грандыёзнае.

Ганна: Нічога не бойцеся і не станавіцеся крытыкамі на канапе. Бо бывае вельмі непрыемна натыкацца на заўвагі людзей, чытаючы якія разумееш: чалавек не рэалізаваўся ў жыцці і яму не застаецца нічога, як сядзець і «выказвацца».

Таццяна: Мары аднойчы абавязкова здзяйсняюцца, калі не апускаць рук, верыць у свае сілы і ісці да мэты. А калі вы станеце паспяховымі, то зможаце перадаць прывітанне ўсім тым, хто ў вас не верыў!

Алена ДРАПКО

drapko@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».