Вы тут

Пра агратурызм раскажа... «Селядзец»


Здзівіць каго-небудзь студэнцкім часопісам у нашы часы цяжка. Але «Селядзец»,
які выпускаюць студэнты факультэта міжнародных адносін БДУ, уражвае — акрамя незвычайнай назвы, у яго не зусім звыклы змест: выданне прысвечана айчыннаму агратурызму, а самі матэрыялы напісаны з гумарам. Мы сустрэліся з галоўным рэдактарам выдання трэцякурснікам ФМА Цімурам ХОДЗІНЫМ, і распыталі яго пра журналісцкі досвед і погляды моладзі на развіццё айчыннага турызму.

23-29

23-29

 

— Цімур, як так сталася, што студэнты факультэта міжнародных адносін пачалі выпускаць часопіс, ды яшчэ і пра агратурызм?

— Нічога дзіўнага тут няма — я студэнт спецыяльнасці «Менеджмент сферы турызму». Пасля трэцяга курса ўсе выбіраюць адзін з трох кірункаў, па якім яны будуць вучыцца далей: «Уязны і выязны турызм», «Сфера гасціннасці» або «Агратурызм». Сёлета, праўда, студэнтаў на апошні не набралася, але на базе Беларускага грамадскага аб'яднання «Адпачынак у вёсцы» быў створаны філіял кафедры міжнароднага турызму ФМА. Ініцыятарам была наша выкладчыца Валерыя Кліцунова, якая ўжо даўно папулярызуе ў Беларусі агратурызм. Уключыць выданне тэматычнага часопіса ў навучальную праграму філіяла таксама было яе ідэяй, таму можна сказаць, што гэта быў загад «зверху». Мяне прызначылі галоўным рэдактарам і паставілі перад фактам — трэба зрабіць цікавае выданне.

— І як было без практыкі тое рабіць?

— Першы нумар трэба было выпусціць вельмі хутка, літаральна за тыдзень. І гэта пры тым, што ў нас ужо пачалася заліковая сесія, трэба было тэрмінова закрываць усе «хвасты» і адначасова займацца часопісам. Усё рабілася ў такім рытме, што звярстаны канчатковы варыянт «Селядца» я ўпершыню ўзяў у рукі толькі за пяць хвілін да яго прэзентацыі.

З пошукам аўтараў праблем не было, у нас на факультэце ёсць свае газеты і часопісы, напрыклад, «ФМОn-lіne». Акрамя таго, заўсёды можна ўзгадаць, хто са знаёмых студэнтаў цікавіцца гэтай тэмай. Галоўнай складанасцю для нас былі тэхнічныя пытанні, у першую чаргу — вёрстка. На ФМА гэтаму не вучаць, таму нам дапамагаў хлопец з Інстытута журналістыкі БДУ. Дарэчы, большасць аўтараў з уласнай ініцыятывы напісалі свае матэрыялы па-беларуску.

Увогуле, мы імкнуліся не замыкацца на тэме агратурызму (ды і зусім стараліся не ўжываць гэтага слова), а рабіць часопіс, які быў бы цікавы любому маладому чытачу. Гэта было галоўнай задачай.

— А назва?..

— «Селядзец» расшыфроўваецца як «сельскі дзённік». Дарэчы, на прэзентацыі нас пакрытыкавалі за тое, што назва занадта адцягнутая ад тэматыкі. Але пазней я адшукаў для яе гістарычную падставу: у Вялікім Княстве Літоўскім селядзец быў нярэдкім «госцем» на сталах шляхціцаў.

— Якія з артыкулаў першага нумара ты б адзначыў найперш?

— Вось, напрыклад, на вокладку вынесены матэрыял пад загалоўкам «Шок! Што беларускі агратурызм робіць з людзьмі? Аповед ахвяры» пяцікурсніка Мікалая Ханіна, у якім ён проста жартаўліва распавядае пра сваё знаёмства з сельскім турызмам. Пяцікурсніца Марыя Відзевіч паўдзельнічала ў славутай «Жаніцьбе Цярэшкі» ў адной з аграсядзіб, напісала рэпартаж. Яшчэ адна пяцікурсніца, Юлія Ласіцкая, наведала аграсядзібу, у якой людзей лечаць пры дапамозе пчол, толькі не звыклым джаленнем, а адпачынкам на спецыяльным ложку, пад якім знаходзяцца вуллі. Я з'ездзіў у вандроўку ў Глыбокае і Паставы, таксама напісаў рэпартаж. А другакурсніца Алена Бекус правяла апытанку пра адпачынак у вёсцы.

— Як распаўсюджваецца «Селядзец»? Папяровымі асобнікамі ці праз інтэрнэт?

— Электронная версія размешчана на сайце ФМА, там кожны можа яе спампаваць. Яшчэ, наколькі я ведаю, БГА «Адпачынак у вёсцы» рассылае яго гаспадарам аграсядзіб. Ну і я сваім сябрам адпраўляў, куды ж без гэтага? Наступны нумар павінен выйсці ў верасні, і ў нас ужо ёсць шмат ідэй, як пашырыць аўдыторыю ці хаця б зрабіць часопіс больш цікавым.

— Якой будучыню беларускага турызму бачаць самі студэнты? У прыватнасці, твае погляды на развіццё гэтай сферы?

— Асабіста я лічу, што ў Беларусі неверагодна вялікі турыстычны патэнцыял. Але беларусы часам не звяртаюць увагі на тую спадчыну, якая ў нас засталася. Узяць, напрыклад, Мінск: гістарычная забудова на вуліцах Карла Маркса, Рэвалюцыйнай, Кастрычніцкай, іншых можа быць цікавая турыстам з Заходняй Еўропы. Нашы замкі і палацы здзівяць расіян. А тым, хто любіць адпачываць на прыродзе, варта ўзгадаць пра аграсядзібы. Іншая справа, як усё гэта рэалізавана. Калі, напрыклад, музеі не працуюць на святы... Неаднойчы ў невялікіх гарадах прыходзіў ва ўстановы, дзе не было экскурсавода. Для экскурсіі ім трэба загадзя тэлефанаваць! Пасля такога знікае жаданне нешта рабіць. Не трэба цурацца свайго мінулага, тым больш што ў нас ёсць чым ганарыцца.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.