Вы тут

Самі сабе Валачковы


...Вось як было раней? Добры гаспадар ставіў новую хату, а затым капаў склеп пад бульбу і два калодзежы. Адзін з халоднай вадой, другі — з гарачай. Але потым тэктанічныя пліты ссунуліся, і цяпер капаюць толькі калодзеж з халоднай вадой. Эх, губляюцца традыцыі... І тыя ж народныя прыкметы адносна надвор'я ўжо амаль што не дзейнічаюць. Хіба толькі па прынцыпе: ходзіш на працу — горача, пайшоў у водпуск — дажджы. Або памыў машыну ці вокны — залева будзе. З іншага боку, з'яўляюцца новыя прыкметы, па якіх можна дакладна меркаваць не толькі пра надвор'е, але і пра многія іншыя падзеі ў нашым жыцці. Напрыклад, калі бачыце вялікія чэргі каля кас па продажы праязных білетаў, значыць, для многіх «нечакана» надышоў новы месяц. Калі каля газетных кіёскаў шмат моладзі і ўсе набываюць чорныя гелевыя ручкі — значыць, сёння ў краіне праходзіць цэнтралізаванае тэсціраванне. Ну а калі загаварылі пра дрэс-код у грамадскіх месцах, выходзіць, прыйшло сапраўднае цяпло. («Надышло лета. Астролагі прадказваюць, што колькасць экспертаў у інтэрнэце ў найбліжэйшы час імкліва скароціцца, таму што іх павязуць да бабуль у вёскі».)

Вось і сёлета зноў, як толькі крыху прыпякло, пачалі гаварыць пра тое, што ў кабінет да чыноўніка ў шортах ці спартыўным адзенні не зойдзеш, бо ахоўнік можа не прапусціць. А ў больш шырокім сэнсе — пра культуру паводзінаў. («Апрані тое, у чым табе зручна». — «Але я не магу хадзіць у коўдры».) Ну як на гэта рэагаваць? Я таксама люблю хадзіць у шортах і шлёпках, але толькі ў вёсцы па сваім участку. У цэнтры горада ў такім «прыкідзе» не з'яўлюся, нават калі будуць моцна прасіць. А некага і прасіць не трэба, бо толькі так ён і можа вылучыцца. («Вось моладзь нахабная пайшла...» — «А раней як было?» — «А раней нахабнымі былі мы!») Таму абмяркоўваць гэтую тэму, прабачце, гэтак жа бессэнсоўна, як стыхійны гандаль у падземных пераходах (там таксама дапамагае толькі наяўнасць праваахоўнікаў, але ў кожным месцы іх не паставіш). Ці ўсё адно што забараніць Валачковай зноў і зноў заяўляць пра сябе.

Безимени-1

Колішняя балерына, дарэчы, — таксама адна з «народных прыкмет», якая «працуе» круглы год. Там, дзе яна, заўсёды эпатаж. То Валачкова здымаецца ў бікіні, то без яго... («Ёсць такія жанчыны, якія з гонарам заяўляюць: «Я адна такая!» Глядзіш на яе і думаеш: «І слава Богу!») Вось нядаўна яна стала галоўнай «зоркай» моднага паказу — прайшлася па подыуме ў купальніку. Ды так, што Бары Алібасаў, які сядзеў у першым радзе, ледзь не выпаў з крэсла, спрабуючы сфатаграфаваць эфектна адтапыраную «пятую кропку» Валачковай. («Нехта створаны для кахання, хтосьці — для вялікіх подзвігаў. Ну, а іншы — выключна для таго, каб навакольныя маглі пасмяяцца».) Як гаварыў барон Мюнхгаўзен: «Дачка аптэкара — яна і ёсць дачка аптэкара». Прабачце, прыхільнікі таленту (ці чаго там яшчэ?) колішняй прымы. Як у тым анекдоце? «Я вырас у тыя часы, калі «буцік» быў проста бутэрбродам».

Вось як мне пры такім выхаванні ставіцца да такой навіны? Паведамляецца, што ў апошні час шмат дзяўчат і жанчын пачалі адмаўляцца ад макіяжу ці скарачаць карыстанне касметыкай да мінімуму, каб выглядаць больш натуральна. Фатаграфіі жаночых твараў без макіяжу запоўнілі ўсе сацыяльныя сеткі (ну куды ж без іх). («Вадзік, а ты мяне не палохаешся, калі я без касметыкі?» — «Калі быць зусім шчырым, Люся, дык я цябе і з касметыкай пабойваюся».) У процівагу з'явіўся новы флэшмоб, удзельніцы якога не бачаць нічога страшнага ў тым, каб карыстацца касметыкай («Мне здаецца, што галоўнае правіла, калі малюеш брыво, — гэта своечасова спыніцца».) Усё пачалося пасля таго, як 21-гадовая візажыстка з Нідэрландаў выклала ў сеціве (вы заўважаеце, як усё напаказ?) фота і відэа, дзе яна нанесла макіяж толькі на палову твару. І панеслася... Ідэю падхапілі іншыя прадстаўніцы прыгожага полу і пачалі запаўняць свае старонкі такімі ж фотаздымкамі. І мне, як «чалавеку старой фармацыі» (словы Д'Артаньяна), адразу прыгадаўся Высоцкі: «Я не люблю, когда — наполовину/, Или когда прервали разговор/, Я не люблю, когда стреляют в спину/, Я также против выстрелов в упор»... Можна і больш мякка, але сэнс будзе такім жа. Памятаеце, як казаў Фіма з фільма «Госця з будучыні»: «У вашым узросце пара навучыцца маніць як след. Што за аматарства: я не бачыў, я не гаварыў...»? Гэта я да чаго хілю?

Такія паводзіны нашых прадстаўніц прыгожага полу — не болей чым звычайнае жаночае какецтва. Ці тое самае жаданне вылучыцца, заявіць пра сябе любым спосабам.

(«Не маюць рацыі тыя, хто сцвярджае, што жанчыны самі не ведаюць, чаго яны хочуць. Выдатна ведаюць. Яны бачылі гэта ўчора ў краме...») Тым больш што самі ўдзельніцы флэшмоба ў выніку прызнаюцца: адным касметыка дазваляе адчуваць сябе больш упэўнена, іншым больш падабаецца працэс нанясення макіяжу. Што было ў выніку даказана? Відавочнае. Выйшла, як у чарговым анекдоце. «У школе. Настаўніца: «Сёння ў нас кантрольная». Бландзінка: «А можна карыстацца калькулятарам?» — «Можна». Другая бландзінка: «А табліцамі Брадзіса?» — «Можна. Так, дзеці, запішыце тэму нашай кантрольнай работы: «Адмена прыгоннага права».

...Ну, то і няхай, што дзяўчаты чарговы раз даказалі відавочнае. А чаму? Ды з тае простай прычыны, што кожная з прыгажунь можа сказаць пра сябе: «Я жанчына і таму кажу сваё рашучае «можа быць»... Гэта адна з самых дакладных «народных» прыкмет. Праверана.

Кастусь Хацелаў-Змагелаў.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.