Вы тут

Размеркаванне і замежная адукацыя цікавяць моладзь з розных краін


Магчымасць абмеркаваць іх мелі ўдзельнікі міжнароднага маладзёжнага прафсаюзнага адукацыйнага форуму «Тэмп—2015». Студэнты і рабочыя не толькі нашай краіны, але і яшчэ сямі дзяржаў, сярод якіх Расія, Малдова, Кіпр і іншыя, змаглі задацьнамесніку кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігару БУЗОЎСКАМУ найбольш актуальныя для іх пытанні.

Так, студэнтка Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Варвара Бабашка пацікавілася, ці чакаюцца змены ў сістэме размеркавання, якога так баяцца многія навучэнцы. «Размеркаванне, як правіла, не падабаецца тым, каго адпраўляюць у рэгіёны, — адзначыў Ігар Бузоўскі. — Таму трэба добра вучыцца, каб мець магчымасць выбіраць месца адпрацоўкі. Сістэму часам крытыкуюць, але ж размеркаванне — гэта гарантыя, што малады спецыяліст будзе ўладкаваны адразу пасля заканчэння ВНУ ці каледжа. У Еўропе сёння знайсці працу няпроста. Ёсць яшчэ і паняцце дзяржзаказу. Людзі, якія плацяць падаткі, маюць права на бясплатную медыцыну, адукацыю, дзе патрэбны прафесіяналы. І з бюджэту выдаткоўваюць грошы на падрыхтоўку гэтых спецыялістаў. Не хочаш размяркоўвацца — заплаці за сваё навучанне і выбірай любое месца працы».

Моладзь з Малдовы хацела даведацца, як у Беларусі наладжана супрацоўніцтва паміж прафсаюзамі і ўрадам у галіне заканатворчасці і ці можа аб'яднанне паўплываць на прыняцце таго ці іншага дакумента. Старшыня ФПБ Міхаіл ОРДА, які таксама прысутнічаў на сустрэчы, узгадаў, што ў нас дзейнічае Нацыянальны савет па працоўных і сацыяльных пытаннях. Гэты савет дапамагае ўраду, наймальнікам і прафесійным аб'яднанням знаходзіць кампрамісы пры разглядзе спрэчных момантаў. «Мы дамагліся таго, што цяпер урад, калі вырашае праблемы, што тычацца сацыяльнай сферы, абавязкова ўзгадняе свае дзеянні з Федэрацыяй прафсаюзаў», — паведаміў Міхаіл Орда. Ігар Бузоўскі дадаў, што без прафсаюзаў наладзіць камунікацыю паміж калектывамі і кіраўніцтвам дзяржавы было б нашмат складаней: «Можна выходзіць на вуліцу з транспарантамі і такім чынам адстойваць правы, аднак эфектыўней, калі рашэнне прымаецца праз дагавор».

У цэнтры ўвагі аказаліся таксама адукацыйныя магчымасці. Прадстаўнік Федэрацыі прафсаюзаў Рэспублікі Казахстан Руслан Карташоў спытаў аб праграмах па абменах студэнтамі паміж Казахстанам і Беларуссю. Ігар Бузоўскі паведаміў, што такія праграмы ёсць, але пакуль гэта асобныя пагадненні на ўзроўні пэўных ведамстваў. Абмен студэнтамі патрабуе значных фінансавых выдаткаў, таму ці будзе супрацоўніцтва ў галіне адукацыі развівацца, залежыць ад яго эфектыўнасці. Гэта не турыстычныя паездкі за дзяржаўныя грошы: удзельнічаць у падобных праграмах павінны найлепшыя студэнты, якія змогуць потым на працы прымяніць замежны вопыт.

Па-ранейшаму грамадства хвалююць жыллёвыя пытанні. «Несправядліва, што, калі ты атрымліваеш арэндную кватэру, цябе здымаюць з чаргі. Гэтае ж жыллё не прыватызуецца», — выказала незадаволенасць сваіх маладых калег старшыня Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў хімічнай, горнай і нафтавай галін прамысловасці Святлана Клачок. Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта запэўніў, што гэту праблему абмяркоўваюць на ўзроўні ўрада і ў найбліжэйшы час будзе прынята рашэнне.

Вынікамі сустрэчы Ігар Бузоўскі застаўся задаволены:

— Я бачу, што моладзь сочыць за сітуацыяй у краіне і не адарвана ад праблем, якія ёсць у грамадстве. Спадзяюся, што прафсаюзны рух будзе папаўняцца маладзёжным актывам. Сёння для развіцця дзяржаў на постсавецкай прасторы патрэбны інавацыйныя метады працы. Прарыўныя ідэі цяперашніх студэнтаў і выпускнікоў будуць карысныя і асобным прадпрыемствам, і краіне ў цэлым.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ.

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Праблемы размеркавання і замежнай адукацыі цікавяць моладзь з розных краін

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.