Вы тут

Квэст як «машына часу»


У моладзі папулярная новая забава.

Інтэлектуальныя гульні заўсёды знаходзяць сваіх прыхільнікаў. Могуць змяняцца іх форма і ўзровень складанасці, але сутнасць заўсёды адна: перамагаць сілай думкі. Як высвятляецца, для актыўнай моладзі ўжо не цікава проста аналізаваць і разважаць. Душа патрабуе дзеяння! Таму наўздагон звыклым гульням сталі з'яўляцца так званыя «квэсты ў рэчаіснасці».

23-30

Сёння ў Беларусі попыт на іх такі вялікі, што адкрываюцца ўсё новыя квэст-пляцоўкі. Пад апошнія арандуюць старыя прамысловыя памяшканні, падвалы і нават офісы. Унутры кожная з пляцовак перароблена такім чынам, каб гульцы адчувалі атмасферу месца, куды іх «пераносіць» сюжэт. Пра тонкасці стварэння паралельнай рэчаіснасці ў звычайным памяшканні, а таксама пра тое, чаму людзі розных узростаў з задавальненнем бавяць вольны час за такімі гульнямі, расказала адміністратар адной з квэст-пляцовак Настасся Конева:

— Сюжэтныя гульні неверагодна захапляльныя. Уявіце, што вы можаце апынуцца дзе заўгодна і адчуць сябе на месцы іншага чалавека ў іншым жыцці. Прычым сюжэт можна выбраць самому. Адправіцца, напрыклад, у Манака рабаваць банкі. Ці апынуцца ў беларускім лесе ўлетку 1944 года. Між іншым, вось гэты квэст, які так і называецца — «Лета
44-га», — самы запатрабаваны сярод нашых гасцей усіх узростаў. Гэта і не дзіўна, бо ў нас з асаблівай пашанай ставяцца да ваеннага мінулага. Як развіваецца сюжэт? Уявіце, што вас разам з таварышамі схапілі ў палон немцы і зачынілі ў хляве. Каб пазбегнуць расправы, якая немінуча чакае ранкам, трэба выбрацца з будынка, абяззброіць ворага і прабрацца ў штаб да партызанаў. Пасля адчыніць сакрэтны бункер і абясшкодзіць яго. І ўсё гэта трэба паспець зрабіць, уклаўшыся ў адведзены час.

Па словах дзяўчыны, каб гуляць, не трэба мець нейкай асаблівай фізічнай падрыхтоўкі, не абавязкова быць кандыдатам навук. На шляху да перамогі некалькі галаваломак рашыць прыйдзецца, але нічога звышцяжкага там няма. Галоўнае, што вам трэба, — гэта ўважлівасць, гатоўнасць працаваць у камандзе і настрой на прыгоды. Тым больш што за гульнёй увесь час назіраюць адміністратары. Вы можаце быць упэўнены ў тым, што знаходзіцеся ў бяспецы, а ў хвіліну адчаю атрымаеце падказку (іх у арсенале адміністратараў бясконцае мноства).

— Усе гульні праводзяцца ў закрытых памяшканнях, але абсталяванне праўдападобнае настолькі, што адчуваюцца нават пахі. Над стварэннем адпаведнай атмасферы мы працуем з асаблівай увагай. Большая частка рэквізіту збіралася па ўсім свеце. Асабліва часта цікавыя рэчы выстаўляюць на продаж у Англіі і Злучаных Штатах. Шукаем такі «тавар» на блышыных рынках, барахолках, на розных сайтах і сярод знаёмых. Цікавыя дробязі лепш за што іншае дапамагаюць спраўляцца з галоўнай задачай пераўвасаблення — перанесці гульца ў іншую рэальнасць, — працягвае ўводзіць у курс справы Настасся. — Удзельнічае ў квэсце абавязкова каманда з двух—дзевяці чалавек. Да нас прыходзяць і проста сябры, ладзяцца і карпаратывы. Нават бывае такое, што знаёмяцца невялічкімі камандамі на месцы, аб'ядноўваюцца і складаюць адну вялікую. Псіхалагічна вельмі карысна будаваць гульню такім чынам. Атрымліваецца, што ты гуляеш не супраць другой каманды ці кагосьці асабіста, а наадварот — робіш усё магчымае ў інтарэсах сваёй.

Квэсты папулярныя таму, што сёння модна быць разумным і кемлівым і ўмець гэтым карыстацца. Ды і людзі з сучасным рытмам жыцця цэняць свой вольны час і грунтоўна падыходзяць да выбару якаснага адпачынку. Квэст дае магчымасць на гадзіну вырвацца з прывычнага кола. Дзякуючы цікавым сюжэтам і арыентаванасці на камандную гульню мяняецца эмацыянальны фон чалавека. Бывае і такое, што ў працэсе гульні здзяйсняюцца дзіцячыя мары накшталт выратавання чалавецтва ці хаця б сваёй каманды. У любым выпадку, нават самы прымітыўны квэст куды цікавейшы, чым звычайны пятнічны вечар, праведзены на канапе або ў сеціве.

...На выхадзе з квэст-пляцоўкі я дачакалася студэнтку БДТУ Кацярыну Стэфановіч і супрацоўніка праваахоўных органаў Яраслава Бярозку, якія толькі што скончылі гульню, і папрасіла падзяліцца ўражаннямі.

Кацярына: — Засталіся вельмі задаволеныя. Галаваломкі былі цікавыя, хоць і не надта цяжкія. Але адчуванне, што вось-вось скончыцца наш час, прымушае сэрца біцца хутчэй.

Яраслаў: — За гульню на дваіх мы аддалі 500 тысяч рублёў, але іх не шкада. Я і не заўважыў, як праляцела адведзеная гадзіна. Уразіла гукавое суправаджэнне. І мне, як прыхільніку камп'ютарных гульняў, спадабаліся многія рэчы з абсталявання: карты, каскі, прадметы мэблі і адзення. Адзінае, хацелася б, каб гульня ішла хаця б на паўгадзіны больш. Нам часу не хапіла. І вось яшчэ: арганізатары забараняюць фатаграфаваць. Зразумела, што гэта ў нейкім сэнсе камерцыйная тайна, але так хацелася б зрабіць кадр-другі для «Інстаграма».

Сёння ў Мінску налічваецца трынаццаць квэст-пляцовак, кожная з якіх прапануе два і больш варыянтаў развіцця сюжэту гульні. У сярэднім на чалавека такая забава абыходзіцца ў 200 тысяч рублёў (у залежнасці ад канкрэтнага квэста і колькасці гульцоў). Працуюць пляцоўкі сем дзён на тыдні і, каб не прайграць канкурэнтам,  прапановы ўвесь час абнаўляюцца. Такім чынам, у беларусаў ёсць магчымасць выпрабаваць сваю кемлівасць у самых розных сітуацыях. Хто ведае, што нам у жыцці можа спатрэбіцца заўтра?..

Дар'я Арэф'ева, студэнтка ІV курса Інстытута журналістыкі БДУ.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.