Вы тут

Кактэйль для слыху


Гурт «Кактэйль Шаляпіна» ў канцы мінулага года запусціў краўдфандынгавы праект. Для Беларусі гэтая з'ява не новая, але яна яшчэ толькі набірае абароты. На сёння толькі тры беларускія гурты здолелі паспяхова сабраць неабходныя для запісу сродкі, сярод якіх і «КШ». Грошы пойдуць на першы альбом «Рэаніматары».

Яны не маюць прадзюсара, у складзе калектыву — Аляксандр Юркоў (барабаны), Маргарыта Нога (скрыпка, бэк-вакал), Андрэй Сянькевіч (гітара, клавішныя, бэк-вакал), Дзмітрый Балтрукевіч (аўтар слоў, вакал, акустыка). Музыканты прапагандуюць сябе як «жывы» гурт з «жывым» слухачом, таму і такі важны крок, як запіс альбома, вырашылі зрабіць сумесна. Гэта дае магчымасць пераканацца, што ў калектыву ёсць свае прыхільнікі, якім не ўсё адно і яны гатовы падтрымаць музыкантаў у любы час.

Штуршком для напісання песень становіцца любая жыццёвая дробязь, новы досвед ці ўражанне. Напрыклад, загалоўную кампазіцыю Дзмітрый напісаў пасля рэанімацыі, калі пераасэнсоўваў жыццё. І таму музыканты праз творчасць спрабуюць даць падставу задумацца пра нешта важнае...

...Усё пачалося з аўтарскай песні, да якой у хуткім часе дадалася лірыка скрыпкі. Першае выступленне было ў якасці дуэта на свяце вулічнай музыкі ў верасні 2011 года. Далей гурт пачаў хутка папаўняцца новымі ўдзельнікамі і інструментамі, аднак найбольш сфарміраваны гук атрымаў за апошні год. Музыканты прапагандуюць сябе як творцы, не выконваюць кавер-кампазіцый. Назва «Кактэйль Шаляпіна» прыйшла выпадкова. За аснову ўзяты напой для рэаніміравання голасу, які складаецца з мёду, лімона, яйка і каньяку. Сярод спевакоў яго называюць менавіта кактэйлем Шаляпіна.

Гурт не цураецца эксперыментаў, таму падчас сваіх выступленняў музыканты могуць мяняцца месцамі.

— Наш барабаншчык Аляксандр неяк прыйшоў і заявіў, што гатовы прэзентаваць свой варыянт песні «Аўгуст Раш». Узяў гітару і заспяваў, я сеў за барабаны... Гэта і было пачаткам хаосу, які мы часам распачынаем на выступленнях (усміхаецца).

У гурта пакуль што няма песень на беларускай мове. Але, па словах вакаліста, толькі часова:

— Я стаўлюся да пытання вельмі сур'ёзна. Лічу, што да гэтага трэба прыйсці, мову трэба адчуваць, а не проста прытрымлівацца трэнду. Тады і песня народзіцца сама, без «прабіркі».

Кацярына ЛЯСУН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».