Вы тут

Маці і старэйшая сястра на 18 дзён


Наша аўтарка правяла іх у дзіцячым лагеры

Калі я была школьніцай, кожнае лета адпачывала ў дзіцячых аздараўленчых лагерах. Было весела і запамінальна! Гэтым летам мне захацелася зноў паехаць у лагер, толькі цяпер ужо не на адпачынак, а працаваць.

Безимени-1

Сябры вельмі здзівіліся, калі даведаліся пра маё жаданне. «Навошта табе гэта?», «Ну і які з цябе педагог?» — даводзілася чуць ад іх. Але жаданне спазнаць новае, паспрабаваць свае сілы ў іншай сферы дзейнасці было моцным, у дадатак захацелася даказаць навакольным, што я не «лыкам шытая» і змагу дасягнуць пастаўленай мэты.

Працоўнае месца шукала праз інтэрнэт. Дапамог сайт БРСМ, дзе ў раздзеле «Праца» быў змешчаны спіс дзіцячых аздараўленчых летнікаў, якім патрабаваліся студэнты ў якасці выхавальнікаў. Я адправіла па электроннай пошце сваё рэзюмэ ў некалькі раённых камітэтаў БРСМ. У выніку мяне запрасілі на працу ў лагер «Нёман», што знаходзіцца побач з вёскай Каўшова ў Мастоўскім раёне.

Для таго, каб працаваць выхавальнікам у лагеры, аднаго жадання мала. Неабходна здаць дзясятак медыцынскіх аналізаў: да дзяцей абы-каго не дапусцяць. Першае пытанне працадаўцаў тычылася майго ўзросту, бо ў лагеры адпачываюць дзеці і падлеткі 16-17 гадоў...

Выхавальніцкі калектыў сабралі ў лагеры за дзень да пачатку змены. Тады я і высветліла, што працаваць давядзецца побач з будучымі педагогамі і маладымі спецыялістамі, якія толькі пачалі свой настаўніцкі шлях. Напрыканцы першай «планёркі» дырэктар летніка Алена Францаўна Лючык сказала вельмі трапныя словы: «Будзьце пільнымі! І не забывайце, што вольны час у вас будзе толькі пасля адбою і да пад'ёму дзяцей». На справе так і атрымалася.

У мае абавязкі ўваходзіла праца з дзецьмі ў атрадах тады, калі ў іх выхавальніка былі выхадныя, і падрыхтоўка некалькіх мерапрыемстваў. У цэлым за 18 дзён я паспела прымераць на сябе вельмі розныя ролі. Для самых маленькіх дзетак прыйшлося быць маці, для падлеткаў — старэйшай сястрой, а на рэпетыцыях канцэртаў — аб'ектыўным крытыкам. Але пра ўсё па парадку.

Ужо ў першы дзень змены мы разам з калегамі сутыкнуліся з цяжкасцямі. Дзяцей усіх узростаў не цікавіла нічога, акрамя смартфонаў і планшэтаў. Цяпер гэта не дзіўна, тым больш калі нават ты, выхавальнік, пастаянна трымаеш у руцэ гаджэт. «Станьце прыкладам», — успомнілася мне ці то з рэкламы, ці то са школы. Я ўзяла мяч і разам з адной дзяўчынкай пайшла на валейбольную пляцоўку; праз 10 хвілін да нас далучыліся яшчэ некалькі чалавек, праз паўгадзіны падышлі яшчэ. Гэта была хоць маленькая, але перамога!

Увогуле, быць прыкладам для дзяцей даводзілася пастаянна. У тваім пакоі чыста — і дзеці імкнуцца навесці парадак, ты з'ядаеш у сталовай усё — і дзеці паказваюць табе пустыя талеркі, ты ў ціхі час спіш — і яны засынаюць.

Летні лагер для многіх дзяцей — месца, дзе яны ўпершыню могуць адчуць сябе самастойнымі. Але ў большасці выпадкаў дзеці да гэтага не гатовыя. Менавіта выхавальнік сочыць за тым, каб усе 25 выхаванцаў ранкам пачысцілі зубы, увечары памылі ногі; дзяўчаткам абавязкова трэба рабіць прычоскі. А калі ўзнікае неабходнасць, ты павінен памыць дзіцячую бялізну. Пра стомленасць забудзьце. Да таго ж дзеці ўсё адчуваюць, яны заўважаюць кожную дробязь. Аднойчы, калі я працавала ў атрадзе самых маленькіх, перад адбоем да мяне падышоў хлопчык Юра і спытаў: «А колькі ў вас дзяцей? Вы клапоціцеся пра нас так, нібыта мы вашыя, родныя...» Напэўна, гэта было самае нечаканае і ў той жа момант самае прыемнае, што мне даводзілася пачуць ад дзіцяці.

Кажуць, што калі ты педагог, дык да ўсіх дзяцей павінен ставіцца аднолькава, але я зразумела, што гэта немагчыма, хаця б таму, што ўсе дзеці розныя. Так, напрыклад, самае цеснае сяброўства ў мяне завязалася з Захарам Маркачанкам з апякунскай сям'і. Хлопчык прыехаў у «Нёман» ужо трэці раз, і супрацоўнікі лагера папярэдзілі выхавальнікаў, што з ім будзе няпроста. І сапраўды: калі ўсе ішлі на мерапрыемства, ён уцякаў на арэлі, падчас дыскатэкі сядзеў у альтанцы. Такім паводзінам я знайшла толькі адно тлумачэнне: дзіця патрабуе ўвагі да сябе. Мы заклікалі хлопчыка да ўдзелу ва ўсіх магчымых гульнях і спаборніцтвах і нават не заўважылі, што праз некаторы час ужо не маглі без яго абыходзіцца.

Змена доўжылася толькі 18 дзён, а мне здаецца, што я паспела пражыць маленькае асобнае жыццё. Побач з дзецьмі атрымалася не толькі ўспомніць, як гэта — быць бесклапотнай, але і зразумець, што такое сапраўдная адказнасць за кагосьці, акрамя сябе. І няхай у мяне няма педагагічнай адукацыі, спадзяюся, што дзеці змаглі ад мяне чаму-небудзь навучыцца. Бо, як казаў знакаміты пісьменнік і педагог Антон Макаранка: «Выхаванне ў тым і заключаецца, што больш дарослае пакаленне перадае свой досвед, свае захапленні, свае перакананні малодшаму пакаленню»...

Ганна Курак, студэнтка ІІІ курса Інстытута журналістыкі БДУ.

Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».