Вы тут

«Вырашыла, што так проста не здамся»


З Галінай Махаевай мы ўпершыню ўбачыліся больш за тры гады таму — на пасяджэнні групы ўзаемадапамогі анкапацыентаў. Памятаю першую думку: «Якая яркая, цікавая жанчына!» Да гэтага часу лічу яе прыгажуняй, нягледзячы на тое, што Галіне Васільеўне зараз 78 гадоў. Да таго ж, як аказалася, яркая ў яе не толькі знешнасць...

23-33

«У нас шмат выдатных людзей, і мне хочацца расказаць пра іх іншым!»

Галіна Васільеўна ўсё жыццё захапляецца мастацтвам і марыць аб'яднаць мастакоў і публіку. І не проста марыць, а шмат робіць для гэтага.

— Мне вельмі хацелася б, каб таленавітыя беларускія акцёры былі больш запатрабаванымі на тэлебачанні, каб неслі свой талент у масы, — кажа Галіна Махаева. — А то іх мала хто ведае. З'явіцца які-небудзь выдатны акцёр у тэлевізійнай праграме з нагоды свайго юбілею, яму папляскалі ў далоні... і на гэтым усё, зноў забыліся. А на тэлебачанні ў асноўным засілле эстрады, сур'ёзнае мастацтва амаль не прадстаўлена. Ёсць праграма Дамарацкага «Святло далёкай зоркі» на культурна-асветніцкім канале «Беларусь 3», але яна прысвечана акцёрам, якія ўжо пайшлі ад нас. А трэба распавядаць і пра жывых дзеячаў мастацтва!

Вось, напрыклад, хто стварыў новы чыгуначны вакзал у Мінску? Хто архітэктар новага будынка музея Вялікай Айчыннай вайны? Нацыянальнай бібліятэкі? Спытаеш — адкажа далёка не кожны. А гэта ўсё адзін чалавек — Віктар Крамарэнка, выдатны беларускі архітэктар. Ён лаўрэат міжнародных прэмій, прафесар Міжнароднай акадэміі архітэктуры. Нацыянальная бібліятэка Беларусі, між іншым, увайшла ў спіс 100 найцікавейшых будынкаў.

У свой час Галіна Махаева працавала дэканам факультэта грамадскіх прафесій. Раней былі такія факультэты ў ВНУ. «Мы студэнтам давалі другі дыплом: фатографа, журналіста, баяніста і г.д. Такое было ва ўсіх тэхнічных ВНУ, — распавядае яна. — Потым я перайшла чыста на выкладчыцкі хлеб. Выкладала эстэтыку і адчувала велізарнае задавальненне ад сваёй працы, ад зносін са студэнтамі!»

Галіна Махаева ўжо рыхтавала да абароны дысертацыю, як пачалася перабудова і давялося ўсё нанова перарабляць. Але ж свядомасць, светапогляд адразу памяняць немагчыма. «Шкадую, вядома, што не перарабіла асобныя часткі і не абаранілася, — кажа яна. — У мяне была вельмі цікавая тэма, звязаная з тэатральнай крытыкай. Калі працавала над ёй, добра пазнаёмілася з усімі нашымі тэатрамі — і сталічнымі, і абласнымі. З усімі рэжысёрамі і акцёрамі была знаёма...»

Пасля выхаду на пенсію, калі з'явілася шмат вольнага часу, яна стварыла клуб аматараў тэатра «Таленты і прыхільнікі». Гэта было ў 1979 годзе, пры сталічным Палацы ветэранаў.

— Мы праводзілі фэсты, конкурсы сярод артыстаў, — успамінае Галіна Махаева. — У кожнага тэатра свой рэпертуар, а маёй ідэяй было аб'яднаць акцёраў з розных тэатраў у нашых праектах. А таксама злучыць, зблізіць акцёраў і гледачоў-тэатралаў. У 90-х гадах тэатры былі паўпустымі і наш клуб быў неабходны. Нас прыходзіла 60 чалавек — гэта цэлыя два рады ў зале. І акцёры ўздыхнулі з радасцю: бо на іх спектаклі сталі хадзіць людзі, апладзіраваць, дарыць кветкі...

Зараз тэатральныя залы запоўнены. «Але тэатрам і сёння нялёгка, — разважае Галіна Васільеўна. — Яны павінны выжываць самі. А гэта значыць, трэба даваць розны рэпертуар. Некаторыя спектаклі ідуць на патрэбу гледача, але яны нізкапробныя. Гэта бяда. Гледачоў шмат, але якасць пагоршылася. Раней тэатр выхоўваў, а цяпер пераважае забаўляльны рэпертуар».

У дачкі — тэатр аднаго акцёра

Гераіня нашага артыкула сама родам з Новасібірска. Як жа апынулася яна ў далёкім Мінску? Аказалася, дзякуючы каханню: аднойчы паехала адпачываць на Чорнае мора з сяброўкамі і пазнаёмілася там з мінчанінам. «У нас было вельмі прыгожае каханне — чыстае, рамантычнае... — Галіна Васільеўна міжволі ўсміхаецца, успамінаючы той час. — Я доўга не выходзіла замуж, усе выбірала...». І дадае з лёгкай какетлівасцю: «Гаварыць не буду, колькі мне гадоў было, але ўжо не 20. Праўда выглядала я добра, з гэтым было ўсё выдатна... І вось мне здалося, што гэта мой чалавек. Так наша знаёмства перарасло ў шлюб. Я прыехала да яго ў Мінск. Потым, на жаль, мы разышліся. Вынікам нашага кахання стала дачка. Зараз яна ўжо вырасла. Скончыла таксама, як і я, Інстытут культуры, такое ж аддзяленне — рэжысуры і акцёрскага майстэрства. Толькі я вучылася ў Маскве, а яна тут, у Мінску. Праўда, дачка не пайшла па тэатральнай лініі, але ў яе тэатр аднаго акцёра — працуе экскурсаводам і вельмі любіць сваю прафесію. Унук стаў кухарам. І ён таксама блізкі да мастацтва: хадзіў у тэатральны клас, скончыў музычную школу, фатаграфуе...

Галіна Васільеўна дагэтуль сябруе з многімі акцёрамі драматычных тэатраў, з опернымі спевакамі, мастакамі... «Пра іх трэба расказваць! — пераканана яна. — Таму ў кастрычніку мінулага года я стварыла новы клуб прадстаўнікоў творчых саюзаў, творчай інтэлігенцыі і аматараў мастацтва «Маэстра». Я да яго вельмі доўга ішла... Давялося пісаць шмат лістоў разам з групай энтузіястаў — акцёрамі, рэжысёрамі, пісьменнікамі, паэтамі — у Міністэрства культуры, на тэлебачанне: дайце месца, дзе творчыя людзі маглі б мець зносіны! Раней быў Дом акцёра, а цяпер — нічога!

...Вось так мы сталі сустракацца раз на месяц у зале на 150 чалавек, які нам бясплатна прадаставіў Саюз мастакоў у Палацы мастацтваў на вуліцы Казлова. Ладзім там канцэрты, на якіх бясплатна выступаюць прафесійныя артысты. Кожны другі панядзелак да нас прыходзілі нашы пастаянныя гледачы. На лета мы зрабілі перапынак, але восенню працягнем працу.

...Мы хацелі б абмяркоўваць праблемы мастацтва ў рэжыме ток-шоу, на якія б запрашалі творчую інтэлігенцыю, прадстаўнікоў улады.

Маёй суразмоўніцы крыўдна, што наша беларускае мастацтва мала ведаюць. «Да нас едуць расійскія акцёры на антрэпрызы. А вось нашы беларускія акцёры ў Расіі амаль не запатрабаваны. Гэта праблема. Нас зараз у свеце ведаюць дзякуючы спорту. Але ж і беларуская культура вельмі багатая! Столькі таленавітых артыстаў, столькі творчых дынастый! А ў нас нават мастакі і акцёры не ведаюць адзін аднаго! Творчых саюзаў шмат, кожны з іх адасоблены. Іх трэба аб'ядноўваць, для гэтага і быў створаны наш клуб».

Мадонны ў каляровых халатах

У нашай гераіні заўсёды была актыўная жыццёвая пазіцыя, яна ніколі не сядзела на адным месцы. Вось толькі ў апошні час хвароба часам выводзіць са строю.

— Трэба лячыцца, трэба змагацца разам з дактарамі, — лічыць Галіна Васільеўна. — Калі я толькі прыйшла ў анкадыспансер і ўбачыла, колькі там хворых людзей... Памятаю, першая думка была: «Яны ўсе памруць. І я таксама памру...» Але я вырашыла, што так проста не здамся! А са сваіх уражанняў пазней склала аповед пра мадоннаў у каляровых халатах...

На жаль, захварэць можа кожны з нас у любы момант. «Трэба змагацца да канца, — упэўнена мая суразмоўніца. — Вядома, бываюць і сумненні, і адчай. Але здавацца нельга! І трэба больш гаварыць аб гэтай хваробе, каб пераадольваць страх перад ёю, таму што яе баяцца ўсе: і хворыя, і здаровыя. Але яшчэ Фрэнсіс Бэкан казаў: «Няма нічога страшнейшага за сам страх!»

Цяпер Галіна Васільеўна, акрамя ўсяго пералічанага вышэй, актыўны ўдзельнік групы ўзаемадапамогі для анкапацыентаў, якая з'явілася ў Мінску ў 2011 годзе. Разам з іншымі яна спрабуе развеяць страхі і міфы, якімі аброс рак. І сваім прыкладам даказвае, што можна жыць цікава, нягледзячы ні на ўзрост, ні на хваробу. Жыць поўным жыццём, у якім ёсць мастацтва, тэатр, цікавыя суразмоўцы, родныя людзі, паходы ў лес па ягады, пасядзелкі з сяброўкамі... А самае галоўнае — вера, надзея, любоў...

Святлана Бусько

buskо@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».