Вы тут

Сям'я, дзеці і любоў


Гэта — аснова сэнсу жыцця для большасці мінчан.

Такую выснову можна зрабіць на падставе вынікаў сацыялагічнага апытання, якое было праведзена ў сталіцы сярод жыхароў Мінска ва ўзроставым інтэрвале ад 15 да 44 гадоў Мінскім навукова-даследчым інстытутам сацыяльна-эканамічных праблем.

Сярод іншых прыярытэтаў таксама самарэалізацыя, адукацыя, здароўе, дапамога людзям, душэўны спакой, камфорт, вера. Цікава, што на пытанне: «Дзеля чаго вы жывяце?» толькі 19,3% апытаных адзначылі ў якасці аднаго з прыярытэтаў матэрыяльна забяспечанае жыццё; кар'еру і высокае становішча ў грамадстве — толькі 11,4%; багацце — 5,8%.

Адказваючы на пытанне: «Якія адносіны складваюцца ў вас у сям'і з мужам (жонкай)?» 62,3% мінчан адказалі, што ў іх дружная, згуртаваная сям'я («нам добра разам»), і 27,2% рэспандэнтаў адзначылі, што ў іх не заўсёды ўсё добра, але яны прывязаныя адно да аднаго. У 5,3% сем'яў кожны жыве сам па сабе.

Паводле атрыманых звестак, значную пагрозу для існавання сям'і ўяўляюць дэфармацыі яе маральна-псіхалагічнага клімату. На думку апытаных жыхароў сталіцы, істотнымі разбуральнымі фактарамі — тымі, што блакіруюць развіццё нараджальнасці, — выступаюць такія сацыяльна-псіхалагічныя з'явы, як хатні гвалт, п'янства і шлюбная нявернасць.

Падчас сацыялагічнага апытання мінчан рэпрадуктыўнага ўзросту былі зададзены тры падобныя пытанні для выяўлення ідэальнай, чаканай і запланаванай колькасці дзяцей. Першым пытаннем было: «Колькі дзяцей, на ваш погляд, павінна быць у ідэальнай сям'і?» Большасць рэспандэнтаў адзначылі наяўнасць дваіх дзяцей у ідэале, жаданнях і планах. Такім чынам, найбольш распаўсюджанай мадэллю сям'і для мінчан з'яўляецца двухдзетная сям'я.

У ідэальнай сям'і, на думку 84,7% апытаных, павінна быць абавязкова больш за адно дзіця. Пры гэтым кожны чацвёрты мяркуе, што ў ідэальнай сям'і павінна быць больш за трое дзяцей. Больш за 2/3 рэспандэнтаў (79,8%) у якасці жаданай для сябе назвалі сям'ю з дваімі і больш дзецьмі, а 74,5% плануюць мець дваіх і больш.

Пры правядзенні сацыялагічнага апытання была выкарыстана камбінаваная імаверная выбарка: шматступенная тэрытарыяльная выбарка з прымяненнем метаду стратыфікацыі адбору. Аб'ём выбаркі склаў 800 чалавек. Памылка выбаркі — да 3%.

Канстанцін Люткевіч

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.