Палёт


Першыя свядомыя спробы пяра Дзмітрый Шулюк зрабіў у сёмым класе, але тады не атрымаў ніякай падтрымкі. Сапраўдным матыватарам для яго стаў малодшы брат Саша, для якога былі напісаны першыя казкі. Дзмітрый марыць, каб яго творы былі вечнымі і сапраўднымі і каб яны сталі для кагосьці кавалкам чыстага неба над галавой.

23-26

Гусак марыў пра нябёсы. Марыў з самага дзяцінства. З таго далёкага дня, калі ён, задраўшы дзюбу ўгору, прыгледзеўся і яму здалося, што там, у аблоках, ляцяць роўным ланцужком гусі. Хутчэй за ўсё, здалося, бо гусі не могуць лётаць. Гусі вельмі цяжкія. Іншая справа — вераб'і. Маленькія, шпаркія птушкі. Ім не трэба шмат сіл, каб узняцца ў паветра. Не трэба шмат сіл, каб заставацца з ім. Але ж кожнаму — сваё. Адны могуць лётаць, затое другія — могуць есці ўволю. І ўсё жыццё гусаку даказвалі, што тыя, другія, больш шчаслівыя за першых. Гусак сумняваўся, гусак не мог паверыць. Ён думаў, што яшчэ малады і таму ў яго такія думкі. Такія мары. Таму ў яго такія казачныя сны.

Сны. Астатнія гусі не бачылі сноў. І гусак не мог растлумачыць ім гэтую з'яву. Колькі б ён ні падбіраў словы, атрымлівалася, што ён проста хворы. Што менавіта хвароба і туманіць яго розум. Менавіта яна не дае яму радавацца жыццю.

Старэйшыя гусі (не нашмат старэйшыя, бо да старасці гусі не дажывалі — знікалі кудысьці) спрабавалі дапамагчы хвораму гусаку-рамантыку. Але не спраўляліся. Яго аднагодкі смяяліся з яго. А малых гусянят да дзівака не падпускалі, каб не сапсаваў. Вось так жыццё і ішло.

Пакуль аднойчы ўсё не змяніў адзін сон. Гусак зноў бачыў сябе ў небе. Ён зноў лётаў. Бачыў увесь свет інакш, увесь свет без межаў, увесь свет свабодным. Ён дыхаў гэтай свабодай, ён быў шчаслівым. Пакуль не пабачыў яе. Тую, якую кахаў. Яна не ляцела з ім. І ніколі б не паляцела. Для яе гэта было так незразумела, так дзіка, што нават у сне гусак не ўяўляў яе побач з сабой. Да гэтага самага сну зусім не ўяўляў. А цяпер уявіў. Убачыў яе, такую далёкую, бессэнсоўную белую пляму. Убачыў і спужаўся. Спужаўся, што не вернецца да яе. Спужаўся, што з кожным яго палётам адлегласць паміж імі становіцца ўсё большай. Спужаўся, што ім не быць разам. І забыўся, як лётаць. Без усякага толку махаў крыламі, але яны перасталі трымаць цяжкае гусінае цела ў паветры. Яны сталі бескарыснымі прыдаткамі па баках. Неба адмовілася ад гусака, адмовілася на карысць зямлі.

Гусак прачнуўся зусім іншым. Не такім, якім быў вечарам. Ён больш не хацеў лётаць, баяўся. Кожны дзень гэты страх адкусваў кавалкі ад былой мары, пакуль мара зусім не знікла. І гусак стаў шчаслівым. Шчаслівы ён еў уволю, гагатаў з дурных вераб'ёў. І шчаслівы падставіў шыю пад сякеру...

Дзмітрый Шулюк

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.