Вы тут

Дом міласэрнасці


Адмовіцца ад выгод, каб прысвяціць сябе служэнню бліжнім.

Вось ужо больш за дзесяць гадоў былы вайсковец Юрый Іванавіч Мельнік дапамагае людзям, якія апусціліся на сацыяльнае дно, знайсці начлег, хлеб, працу, а галоўнае — ісціну. Дзверы створанага ім прытулку адчынены і ўдзень, і ўначы — у любы час сюды можна прыйсці і атрымаць дапамогу. Прыхапіўшы ў якасці гасцінцаў два пачкі ячных круп, мы адпраўляемся ў госці да тых, хто згубіў і зноў адшукаў сваю дарогу ў жыцці.

[caption id="attachment_93138" align="alignnone" width="600"]24-25 Гэ­ты над­піс упры­гож­вае «дом мі­ла­сэр­нас­ці».[/caption]

«Калі «там» быў, мне не хацелася вяртацца ў сваё цела»

Прытулак знаходзіцца ў прыватным сектары сталіцы. Звычайны драўляны дом, у якім пастаянна жывуць каля 15—20 чалавек, з цягам часу «абрастае» прыбудовамі з няхітрых «будматэрыялаў» — напрыклад, старых дзвярэй. З усіх бакоў да квартала шчыльна падступілі шматпавярховікі, неўзабаве і гэты лапік з драўлянымі хаткамі пойдзе пад знос, таму з рамонтам тут не мудрагеляць, а лепяць спальныя месцы для ўсё новых «пастаяльцаў» з таго, што Бог пашле. Праўда, зімой у такіх прыбудовах халаднавата: сагрэцца можна толькі каля «буржуйкі». Аднак для тых, хто часта жыве проста на вуліцы, і такія ўмовы — каралеўскі камфорт. У самім жа доме ёсць печ, а таксама газавая пліта, дзе гатуюць ежу.

Гаспадар, якога тут усе клічуць проста Іванавіч, кардынальна змяніў сваё жыццё пасля таго, як прайшоў праз клінічную смерць.

— Пасля рэанімацыі ў мяне знікла цікавасць да зямных каштоўнасцяў. Калі «там» быў, мне не хацелася вяртацца ў сваё цела, настолькі было добра. Але, відаць, для нейкай справы мяне яшчэ пакінулі жыць, — расказвае Юрый Мельнік.

[caption id="attachment_93139" align="alignnone" width="600"]24-26 Жы­ха­ры пры­тул­ку ра­зам га­ту­юць ежу і на­кры­ва­юць на стол.[/caption]

Кожны дзень у прытулку бывае па 20—30 чалавек — хтосьці жыве тут стала, хтосьці заходзіць перыядычна — а за дзясятак гадоў праз яго прайшло больш за сотню людзей. Пра дом Іванавіча ведаюць многія, нехта прыходзіць сюды сам, некаторых прыводзяць неабыякавыя людзі, кагосьці гаспадар запрашае асабіста. Як, напрыклад, 29-гадовага Мікалая Ашрапава, які пажыў тут некалькі месяцаў, цяпер перабраўся ў Магілёў, але вяртаецца сюды і дапамагае іншым.

— Я зразумеў, што павінен рабіць гэта. Стаў больш спагадлівым і міласэрным да людзей, якія сутыкаюцца з цяжкасцямі. У мяне самога была алкагольная залежнасць, я 1,5 года быў у рэабілітацыйным цэнтры.

Мікалаю пашчасціла, і ён здолеў пазбавіцца ад сваёй бяды, хоць і немалым коштам: страціў кватэру і жонку.

[caption id="attachment_93136" align="alignnone" width="600"]Юрый Мель­нік заў­сё­ды но­сіць з са­бой гор­кі ша­ка­лад — час­туе ім лю­дзей на пры­пын­ках. Юрый Мель­нік заў­сё­ды но­сіць з са­бой гор­кі ша­ка­лад — час­туе ім лю­дзей на пры­пын­ках.[/caption]

Як размякчыць засмяглыя сэрцы

Насельнікі «дома без замкоў» жывуць тут, размаўляюць, вядуць гаспадарку, але галоўнае — мяняюць сваё жыццё. Кожны дзень тут чытаюць Біблію, а апроч забарон на ўжыванне алкаголю і курэнне, Іванавіч просіць: хаця б да абеду рабіць тое, што можа дапамагчы бліжняму. А там ужо Бог дапаможа табе.

За домам значную долю ўчастка займае агарод — тут насельнікі вырошчваюць бульбу, цыбулю. Грады даглядае 60-гадовы Алег, якога мы заспяваем за праполкай. Ён калісьці страціў жыллё, меў праблемы з алкаголем. Пасля трапіў у рэабілітацыйны цэнтр, а там ужо добрыя людзі падказалі, што ёсць такі Юрый Іванавіч, які прыме, дасць дах над галавой і ежу.

[caption id="attachment_93140" align="alignnone" width="600"]У кож­на­га ёсць свае аба­вяз­кі па гас­па­дар­цы. На­прык­лад, Алег да­гля­дае ага­род. У кож­на­га ёсць свае аба­вяз­кі па гас­па­дар­цы. На­прык­лад, Алег да­гля­дае ага­род.[/caption]

На пытанне, ці не бывае страшна — усё ж кантынгент сюды ў асноўным прыходзіць асацыяльны, — Юрый Іванавіч з усмешкай адказвае: «Малюся, каб Бог дапамог, калі сваіх сіл не хапае». Прызнаецца: некаторыя прыходзяць толькі па фізічную ежу, а не па духоўную. Іванавіч не адмаўляе, але моліцца за такіх і толькі пасля запытвае: «Чым яшчэ дапамагчы?» І калі небарака бачыць, што для яго знойдзецца яшчэ і суцяшэнне, нават самае счарсцвелае сэрца растане. Бо кожны чалавек абавязкова каму-небудзь патрэбны — Юрый Мельнік даказвае гэта ўласным прыкладам, ці, як ён гэта называе, служэннем. Мужчына перакананы: людзі становяцца жорсткімі (а некаторыя нават злачынцамі) таму, што калісьці іх нехта адштурхнуў.

Пакуль размаўляем з гаспадаром, пастаяльцы прывозяць ваду з калонкі, абіраюць і ставяць гатаваць бульбу, накрываюць стол. Нам таксама прапануюць гарбату з прысмакамі.

— Па выхадных з 15 да 17 гадзін мы арганізуем гарачыя абеды для маламаёмасных. Сухамятку людзі заўсёды знойдуць, а прыгатаваць і паесці гарачага мае магчымасць не кожны. Таму ў суботу і нядзелю мы накрываем стол для 20—30 чалавек, частуем усіх, хто прыходзіць.

[caption id="attachment_93137" align="alignnone" width="600"]У пры­тул­ку ёсць зо­на ад­па­чын­ку пад ад­кры­тым не­бам. У пры­тул­ку ёсць зо­на ад­па­чын­ку пад ад­кры­тым не­бам.[/caption]

Былы вайсковец адмовіўся ад пенсіі, і часам яму бывае складана ўтрымліваць «дом міласэрнасці». Але аднекуль дапамога з'яўляецца заўсёды — яе прыносяць знаёмыя і проста неабыякавыя людзі. Увогуле Іванавіч усім раіць частку свайго даходу аддаваць на дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу, — глядзіш, і хвароба адпусціць, і жыць лягчэй стане.

Сваім прыкладам Іванавіч натхняе тых, хто трапляе да яго. Напэўна, таму ў прытулак заўсёды прыходзяць людзі; а тыя, каму калісьці дапамог, часта вяртаюцца, каб аддзячыць. Юрыя Мельніка можна назваць чалавекам, які знайшоў свой сэнс у гэтым свеце, які, зрэшты, даступны для кожнага, толькі прайсці духоўны шлях да яго могуць не ўсе. Аднак на развітанне гаспадар прызнаецца, што ёсць у яго і цалкам зямная мэта: стварыць у Мінску кругласутачны дом для абяздоленых. Калі нехта жадае дапамагчы ў яе дасягненні — хаця б проста перадаць нейкія рэчы ці прадукты, — кантакты Юрыя Іванавіча можна даведацца ў нашай рэдакцыі.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

seradzyuk@zvіazda.by

Фота Аляксандра ШАБЛЮКА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.