Вы тут

Ці былі вы ў Швейцарыі?


Пра параўнанне, у якім усё спазнаецца, і пра тое, як заяц у ваўка ператварыўся.

«Зорка» французскага і сусветнага кіно Жэрар Дэпардзьё, які цікавіцца сельскай гаспадаркай, паехаў з нашай краіны прыемна ўражаны. Не толькі ўмовамі працы на фермах, нашай славутай гасціннасцю і прыгажосцю жанчын, але і парадкам на зямлі. Атрымаць ад чалавека, які без перабольшвання аб'ездзіў увесь свет, параўнанне з маленькай Швейцарыяй — дарагога варта. І нагода для гонару яшчэ тая, што вядомы француз не першы, хто гэты парадак заўважае.

У прынцыпе, нічога дзіўнага ў тым няма, бо добраўпарадкаванне і ашчадныя адносіны да таго, што маем, — адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі. Год навядзення парадку на зямлі ў свой час падштурхнуў да маштабнай працы на ўсіх узроўнях, і ўжо стала прывычным, што вуліцы ў нас чыстыя, палі — дагледжаныя, узбочыны вакол дарог абкошаныя, нават у невялікіх вёсках стаяць і пастаянна вывозяцца кантэйнеры для смецця. І калі яшчэ гадоў сямнаццаць назад заставалася толькі з прыкрасцю ўздыхаць, уязджаючы з чысценькай (як тады здавалася) Літвы ў прыгожую пейзажамі, але «непрычасаную» Беларусь, дык цяпер усё з дакладнасцю наадварот. Ведаю, пра што кажу, таму што мінулым летам давялося праехаць з Каўнаса ў Вільнюс у звычайнай электрычцы (прыкладна як ад Стоўбцаў да Мінска). Паўразбураныя будынкі колішніх паўстанкаў, закінутыя хутары з праваленымі дахамі, трава ўздоўж чыгункі ў чалавечы рост і малады хмызняк, у якім давялося пабачыць нават казулю. Пасля гэтага Беларусь здалася вельмі падобнай да Бельгіі, якую таксама з поўдня на поўнач праехала ў прыгарадных цягніках: такія ж раўнюткія апрацаваныя палі, акуратныя будынкі, толькі што каровы на палях іншай масці ды ў нашых на шыях званочкаў няма...

Карацей, падстава для гонару сапраўды ёсць. Увогуле, да добрага прывыкаеш хутка, таму і гэтае пачуццё стала для нас справай звычайнай. Толькі тут вось якое пытанне ўзнікае, калі задумацца. Ганарыцца сваёй чыстай, прыгожай, сапраўды еўрапейскай краінай мы можам і маем на тое тысячу і адну прычыну. А вось ці можам мы ганарыцца ў гэтым плане самі сабой? Ці жылі б мы ў такой чысціні і прыгажосці, калі б не згаданая ўжо палітыка дзяржавы, калі б не вялізныя сродкі, якія на гэта выдаткоўваюцца, калі б не тысячы людзей, для якіх падтрымліваць гэты парадак — штодзённая праца і непасрэдны службовы абавязак? Калі кожны, у выключна індывідуальным парадку, задасць сам сабе гэта пытанне, наўрад ці адказ будзе станоўчым.

Бо на чыстых вуліцах, па якіх па два разы на дзень праходзяць дворнікі (таму яны і чыстыя), усё роўна недакуркі і паперкі кідаем проста пад ногі. Бо на беразе ляснога возера пасля адпачынку пакідаем кучы смецця (прыйдзе егер ці ляснік і ўсё збярэ). Бо да зямлі, якую нахапалі ва ўласнасць, ставімся без павагі, і яна зарастае бур'янам і нават маладзенькім хмызняком, пакуль сельсавет ці ўчастковы настрашаць буйным штрафам ці тым, што ўчастак увогуле забяруць.

У нас у вёсцы такі ўчастак прама пад вокнамі. Сусед, дзядзька Анатоль, жыў адзін, дзяцей пасля сябе не пакінуў, і таму пасля яго смерці далёкія сваякі хату хуценька прадалі пад дачу. Сядзіба ў дзядзькі была па абодва бакі вясковай вуліцы, але на адным не засталося ніякіх пабудоў, таму участак з хатай дастаўся адным гаспадарам, а той, які на нашай палове, пайшоў на продаж з аўкцыёну іншым. Пасля яго некалькі разоў перапрадавалі, але гаспадарыць на ім ніхто з уласнікаў так і не пачаў — хіба што парэчкі з кустоў паабіралі. Вядома ж, участак зарос дзідамі бур'яну, а ля рэчкі дык і ўвогуле шуміць сапраўдны бярозавы гай. Сусед калісьці гэтыя прысады даглядаў, бо меў адтуль увесну шмат свайго бярозавіку, а цяпер там цэлы лес. Я ўсё збіраюся пайсці паглядзець там грыбоў, бо ўмовы самыя спрыяльныя.

Не ведаю, як грыбы, але зайцы там завяліся дакладна. Сапраўдныя, русакі. Зусім не палоханыя. Адзін уранку прыходзіў да нас на ганак, пасля паскакаў на агарод. Вялізны такі, з доўгімі вушамі. Давялося стукаць у акно і крычаць «акыш!» (першае, што прыйшло на розум, бо няма ў вясковым лексіконе такога слова — зайцоў ганяць). Збіраліся ўжо ў сельсавет тэлефанаваць, каб шукалі ў Мінску тых гаспадароў, што так участак запусцілі, але ж яны ў выхадныя самі прыехалі — парэчкі саспелі. Лабузу таксама касіць давялося, бо да кустоў не прыступіцца. Вось тут мы і пацешыліся.

Прыйшоў адзін з касцоў да нас у калодзеж вады набраць, а мама так ласкава яму і кажа: «Што ж ты, чалавеча, так участак запусціў?» — «Ат, хай зарастае, вось каля кустоў абкосім, а далей — навошта?» — «А ці ведаеш ты, што на ім ваўкі завяліся?» Мужык так і застыў з конаўкай у руках: «Якія ваўкі?» «Звычайныя, шэрыя. Жывуць у вашым бярэзніку. Нядаўна пад хату прыходзіў адзін»... Той аж рот ад здзіўлення разінуў, а маці, бачачы, што метамарфоза з зайца ў ваўка ўдалася і ўсё на веру ўспрымаецца, спагадліва дадала: «Глядзі, сынок, зараз як пачнуць на людзей паляваць, ты адным штрафам не абыдзешся»...

Трэба было бачыць, як яны той участак касілі. Увесь, не толькі ля кустоў. Раз-пораз азіраючыся на бярэзнік — пэўна, баяліся, што воўк адтуль выскачыць.

Стваралі на сваёй зямлі парадак. Уласнымі рукамі рабілі сабе мікра-Швейцарыю. Можа, дасць Бог, і прывыкнуць, і будуць рабіць. Да добрага ж хутка прывыкаеш.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.