Вы тут

Раяль на вынас, або Што турысты цягнуць з гасцініц


Нядаўняе міжнароднае апытанне амаль пяці тысяч турыстаў паказала, што больш за ўсё схільныя да крадзяжу ў гатэлях госці з Аргенціны, ЗША, Сінгапура і Іспаніі. СМІ вырашылі высветліць, якія найбольш экстравагантныя крадзяжы здзяйснялі ў вандроўцы. Пагадзіцеся, дзіўна, калі з гасцініцы знікае, напрыклад, ручнік або чайнік. Але і не такое, аказваецца, бывае!
24-28

Меламаны

Колін Бенет, былы генеральны менеджар Starwood Hotel Group, успамінае самы нахабны крадзеж, з якім ён сутыкнуўся за 20 гадоў вядзення турыстычнага бізнесу. «Як толькі я ўвайшоў у вестыбюль аднаго гатэля, — распавядае ён, — я адразу зразумеў, што чагосьці не хапае. Высветлілася, што тры чалавекі, якія прагульваліся побач з рэсэпшнам, вывезлі адсюль раяль і пакацілі ўніз па вуліцы. Больш не бачылі ні іх, ні раяля». У кустах, мабыць, схавалі...

Дома лепш

Бенет таксама адзначыў незлічоную колькасць выкрадзеных тэлевізараў і праектараў. «Праглядаючы запісы з камер відэаназірання, мы часам бачым, як міма занятых супрацоўнікаў рэсэпшна ціхенька праходзяць госці, згінаючыся пад цяжарам тэлевізара. Паводзяць сябе, як быццам так і трэба», — дзівіцца ён.

Будзе мой

У гатэлі du Vіn у Бірмінгеме затрымалі эмацыйнага госця, які спрабаваў выкрасці галаву дзіка з більярднай. Праз некалькі тыдняў сябры прысаромленага злодзея з'явіліся ў гатэль і заплацілі за гэтае чучала, каб падарыць яго сябру на вяселле.

На памяць

У Franklіn Hotel у Найтсбрыджы адзін з пастаяльцаў адкруціў з дзвярэй таблічку з нумарам свайго пакоя. «Мы заўважылі прапажу толькі тады, калі сустрэлі ні ў чым не вінаватага госця, які жыве ў гэтым нумары — ён бадзяўся па калідоры ў пошуках сваіх апартаментаў», — распавёў генеральны менеджар гатэля.

Бо не прыбітыя

Пазбаўлены прэтэнзіі на гламур гатэль Travelodge, дзе тэлевізары і фены часцяком прыбітыя да сцяны дзеля захаванасці, таксама не застрахаваны ад клептаманіі. З гатэля, небагатага на празмернасці, госці з'язджалі з дыванамі, свяцільнямі, люстэркамі і нават шторамі (увогуле, усім тым, што гатэльерам не ўдалося прыкруціць і прыбіць намертва).

Кветкі для каханай

У Sheraton Park Tower менеджарам кожны тыдзень даводзіцца марнаваць шмат грошай на свежыя кветкі, каб замяніць тыя, якія знікаюць без вестак. Рамантычныя пастаяльцы пастаянна забіраюць іх дадому.

Пазычым гадаванца

Быў у гісторыі індустрыі гасціннасці і інцыдэнт, калі скралі сабаку гаспадара гатэля.

Знатакі

Гісторыя таксама ведае выпадкі крадзяжоў з гасцініц па-сапраўднаму каштоўных твораў мастацтва. У гатэлі W у Ганконгу аднойчы хапіліся вядомай працы Эндзі Уорхала коштам 300 тысяч долараў.

Камін, сэр

Зладзеі па той бок Атлантычнага акіяна таксама вельмі дзёрзкія. Адзін джэнтльмен падчас знаходжання ў славутым галівудскім гатэлі Four Seasons Beverly Wіlshіr, які фігураваў у фільме «Красуня», скраў мармуровы камін. І як толькі выцягнуў?..

Тарыф «Бяру ўсё»

І, нарэшце, мабыць, самы нахабны крадзеж, нават рабаванне. Пара, якая спынілася ў амерыканскім Holіday Іnn, спецыяльна папрасіла нумар каля аўтастаянкі. Затым саўдзельнікі спустошылі ўвесь прадастаўлены пакой (вынеслі ложак і мноства іншай мэблі), пагрузілі ўсё на прыпаркаваны побач грузавік і з'ехалі ў невядомым кірунку.

Самы папулярны знак

У Нарвегіі, па звестках аўтадарожнага ведамства, штогод знікае каля 500 знакаў з выявай лася ў чырвоным трохвугольніку. Турыстам так падабаюцца гэтыя дарожныя знакі, што сувеніры-налепкі з выявай сахатага, якія іх імітуюць, не каціруюцца.

Вечнасць з самазвала

Шматлікія турысты, якія пабылі на руінах у Егіпце і Грэцыі, імкнуцца займець свой кавалачак вечнасці. Праўда, мала хто ведае, што да пірамід той жа Гізы раз у некалькі месяцаў падганяюць пару самазвалаў гравію, і раскідваюць яго якраз для турыстаў.

Амерыканцы — горшыя

Як паведамляе The Іndependent са спасылкай на даследаванне партала Travel Zoo, грамадзян ЗША прызналі самымі горшымі турыстамі. Адзначаецца, што ў апытанні, якое датычыцца шкодных звычак на адпачынку, прынялі ўдзел каля 9,5 тысячы чалавек з ЗША, Канады, Вялікабрытаніі, Германіі і Кітая. Па выніках даследавання высветлілася, што жыхары ЗША ўзначалілі рэйтынг тых, хто часцей за ўсё крадзе касметычныя сродкі і ручнікі з гатэляў. 64% амерыканцаў хоць бы раз спраўлялі патрэбу ў басейн, і, акрамя таго, амерыканцы прызналіся ў тым, што прыкідваюцца хворымі, каб падоўжыць свой адпачынак яшчэ на дзень.

Асноўнымі выкрадальнікамі гасцінічнай маёмасці сталі турысты з: 1. ЗША (69%), 2. Канады (61%), 3. Кітая (61%), 4. Вялікабрытаніі (45%), 5. Германіі (20%).

Часцей за ўсё выкрадаюць у гатэлях: ручнікі/пасцельную бялізну (68% выпадкаў), батарэйкі/лямпачкі (57%), ежу/напоі (51%), сталовыя прыборы (45%), рамкі для фота (36%), творы мастацтва (30%), шторы (27%), чайнікі (19%), кнігі (15%).

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.