Вы тут

Разумець духоўны складнік


Чацвёрты дзень міжнароднага маладзёжнага прафсаюзнага адукацыйнага форуму «ТЭМП» праходзіў пад знакам рэлігіі і веры. Маладых людзей чакала экскурсія па храме-помніку ў гонар Усіх святых у Мінску, а таксама размова з яе клірам. Гутарка праходзіла ў фармаце «пытанне — адказ». Дзеячы прафсаюза з Беларусі, Расіі, Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Таджыкістана і Кіпра цікавіліся, як Беларуская Праваслаўная Царква супрацоўнічае з моладдзю, ці падтрымлівае яна дыялог з іншымі канфесіямі і як спалучаюцца ў сучасным свеце вера і патрыятызм.

«Арганізатары самі звярнуліся да нас, а нам засталося толькі прыняць гасцей», — прызнаецца протаіерэй Сергій Яўтушак,  клірык храма ў гонар Усіх святых, які якраз і гутарыў з прадстаўнікамі прафсаюзных аб'яднанняў. Адзін з арганізатараў форуму, Арцём Ігнаценка, старшыня Маладзёжнага савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, лічыць, што без такога дня абысціся немагчыма: «Мы хочам паказаць маладым людзям, што трэба не толькі пастаянна праводзіць трэнінгі на камандастварэнне, на дзелавы стыль і этыкет. Але трэба бачыць і разумець і ўнутраны духоўны складнік чалавека».

Дарэчы, сярод удзельнікаў былі тыя, што прытрымліваюцца неправаслаўнага веравызнання. Напрыклад, Дар'я Хаміджанава, прафсаюзны дзеяч з Караганды, — мусульманка, але камфортна сябе адчула падчас духоўнай экскурсіі: «У нас у Казахстане шмат нацыянальнасцяў і такі ж талерантны народ, як і ў Беларусі. Я вельмі рада, што ўпершыню ў жыцці пабывала ў праваслаўным храме і мне спадабалася. Бо, як ні глядзі, Бог адзіны, і агульначалавечыя каштоўнасці ў ісламе і праваслаўі амаль аднолькавыя».

А для праваслаўных удзельнікаў, у тым ліку і з нашай краіны, экскурсія стала нагодай наведаць храм. «Нягледзячы на тое, што я праваслаўны, нячаста даводзіцца бываць у царкве, — кажа Дзмітрый Ціхановіч, які працуе ў галоўным упраўленні міжнароднага супрацоўніцтва ФПБ. — Не тое каб ад недахопу рэлігійнасці, але хутчэй часу. Тым не менш добра, што мы прыехалі сюды. Бо храм — прамая дарога да Бога, пра якую нельга забываць. Я лічу, што галоўнае — насіць яго вобраз у сабе, жыць прыстойна, па правілах, быць добразычлівымі людзьмі».

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.