Вы тут

Кпіна з сімпатыяй


Скажы мне, чаму табе падабаецца «Горка!», і я скажу, хто ты.

Спрэчная, але нашумелая карціна «Горка!» Жоры Крыжоўнікава не пакінула абыякавымі — большасць выказванняў у яе адрас безапеляцыйна-катэгарычныя. Што не дзіўна. Непрыемны фільм, які раздражняе паказанай мадэллю грамадства, адштурхоўвае і здаецца грубым, лубачным, спрошчаным.

24-5

Але пры больш уважлівым разборы аказваецца, што карціна куды складанейшая, глыбейшая і нават танчэйшая, чым падаецца на першы погляд. Рома і Наташа плануюць вяселле, за чым ідзе знаёмства сем'яў, падрыхтоўка і ўласна свята. Але погляды на тое, як яно павінна прайсці, у дзяцей і бацькоў — розныя. На гэтай глебе паміж імі ўзнікае канфлікт, а вяселляў атрымліваецца цэлых два.

Традыцыйны абрад — самы зручны элемент для таго, каб паказаць змены ў грамадстве, рознасць паміж пакаленнямі і тыя плыні, што на нас уздзейнічаюць. Раней вяселле два тыдні спраўлялі шумнай вясковай грамадой, затым пачалі заказваць рэстараны і пыхкаць перад запрошаным высокім начальствам, сёння гэта, у першую чаргу, — рамантычная гісторыя, казка, увасабленне мараў.

Фільм, нягледзячы на раздражняльны кантэнт, — тонкая рэфлексія на сучаснасць, што выкрыла відавочныя і не вельмі рысы нашага часу і прадставіла гэты вобраз у наўмысна гіпербалізаваным, абсурдным святле. Расійскае грамадства тут выяўляе розніцу не проста паміж пакаленнямі, а дакладней — паміж тымі часамі, абставінамі, сістэмамі, дыяметральна рознымі эпохамі, што ўздзейнічаюць на агульную свядомасць.

Тут выхаванцы савецкіх часоў, навучаныя выжываць у дзевяностыя, што прыстасоўваюцца да сучаснасці ўсё з тымі ж паняццямі мінулага. Але заўсёды яны — дзялкі, практычныя вырашальнікі пытанняў, якія ўсё могуць узяць у свае рукі. Моладзь жа не павінна прыстасоўвацца і выжываць — яна ўсё мае, бо расце ў «спрыяльных» умовах, і «даганяць-пераганяць» не прывучана. Адсюль яе ўмоўная свабода, лянота і жаданне спрачацца, рабіць па-свойму, толькі каб атрымаць сваё.

Гэтыя розныя мадэлі жыцця і адносін да яго прыкмечаны рэжысёрам дакладна, таму фільм невыпадковы. Цэнтральная пара, будучыя сужэнцы, — традыцыйная для рускай культуры (хутчэй, фальклорнай) — істэрычная жонка і нерашучы падабцаснік-муж (праўда, у другім фільме дыспазіцыя памяняецца).

І галоўнае — канец фільма, які сцвярджае ўмоўнае «мы такія розныя, але мы разам». Рэжысёр метадам абсурду паказаў грамадства з вялікай да яго сімпатыяй ці нават любоўю. Але кпіны над асноўнымі яго рысамі — бескультур'ем, залішняй простасцю, беспадстаўнай саманадзейнасцю і іншымі — усё ж такі ставіць пытанне: ці хочам мы такімі быць? Таму фільм гледачу і непрыемны — люстэрка.

І нікуды не дзецца ад глабальных пытанняў іншай плоскасці: гэта што было — загадкавая руская душа ці ганьба, якая ўздзейнічае на ўзроўні палітычнага і эканамічнага (не)поспехаў? Жыццё такое, якія мы ёсць. Таму фільм — сімпатыя. Але і насмешка.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.